Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі суд вырашае, ці вяртаць у Беларусь палітуцекача Жукаўца


Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Малады фронт і рух салідарнасьці «Разам» выказалі сёньня занепакоенасьць магчымай выдачай беларускім уладам палітуцекача Андрэя Жукаўца. Працэс па ягонай справе адбудзецца ў бліжэйшую сераду 20 ліпеня ў Беластоку.

На думку намесьніцы старшыні Маладога фронту Насты Палажанка, польскі суд можа выдаць бізнэсоўца Андрэя Жукаўца беларускім уладам «на расправу».

На запыт беларускіх уладаў пытаньне аб ягонай экстрадыцыі ўпершыню разглядалася ў 2001 годзе, тады суд у Беластоку пастанавіў выдаць уцекача Беларусі. Жукавец абскардзіў гэтае рашэньне. Каля 10 гадоў цягнецца судовая цяганіна, і на гэтым тыдні магчымае канчатковае рашэньне.

Палажанка: «Андрэй Жукавец быў сябрам „Маладога фронту“. Ён фінансава дапамагаў менскай і магілёўскай структурам. За ўдзел у „Чарнобыльскім шляху“ ў 1996 годзе ён быў арыштаваны на 10 сутак. Пасьля гэтага КДБ зацікавіўся ягоным бізнэсам.

Працяг быў прадказальны для беларускіх тагачасных умоваў. Крымінальная справа супраць Андрэя то ўзбуджалася, то аднаўлялася. Некаторыя сьледчыя ў 1996 годзе адмаўляліся ўзбуджаць справу, некаторыя сьледчыя спынялі яе, бо адсутнічаў факт злачынства. Але калі ў 1999 годзе быў выдадзены ордэр на арышт Жукаўца, ён вымушаны быў пакінуць Беларусь».

Малады бізнэсовец зьехаў у Польшчу, у Беласток, паколькі лічыў, што адтуль найлепш дапамагаць маладым патрыётам Беларусі, працягвае Наста Палажанка:
Польскае крымінальнае права кажа, што нельга карыстацца копіямі крымінальнай справы з краіны, дзе парушаюцца правы чалавека.

«Праблема ў тым, што справа Жукаўца была адноўленая. Некаторыя польскія чыноўнікі і пракуроры лічаць, што зь Беларусі можна браць доказы, якія зьбіраліся там. Хоць польскае крымінальнае права кажа, што нельга карыстацца копіямі крымінальнай справы з краіны, дзе парушаюцца правы чалавека. І мы хацелі б зьвярнуць увагу на тое, што ў Беларусі сапраўды парушаюцца правы чалавека.

Мы перакананыя, што калі б справа была дасканала абсьледаваная, то спадара Жукаўца б апраўдалі. Паколькі звыш 600 фальсыфікацыяў было знойдзена. Менавіта таму, што справа была падрыхтаваная ў Беларусі, а яе пераклады зрабілі беларускія афіцыйныя прадстаўнікі ў Польшчы».

Прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, намесьнік старшыні Руху салідарнасьці «Разам», адзначыў, што лёс Андрэя Жукаўца вельмі важны для іншых беларускіх дэмакратычна настроеных дзелавых людзей:

«Бо сёньняшні бізнэс у Беларусі вельмі спэцыфічны. Улады маюць права самі вырашаць, наколькі ён легальны, могуць фабрыкаваць справы. Ёсьць артыкул у Крымінальным кодэксе пра нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах без прыкметаў крадзяжу. Ён дазваляе да шасьці гадоў „пакаваць“ любыя фірмы. Чалавек нават ня скраў. Але нібыта ты нанёс шкоду, што не дакажаш, а справу прышыюць. Таму 90% спраў фабрыкуюцца».

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі згадаў, што ў падобнай сытуацыі могуць апынуцца і іншыя палітуцекачы, напрыклад, Вячаслаў Сіўчык і Юрась Карэтнікаў:

«Мы ведаем, што гэтым людзям можа пагражаць гэткая самая справа, што і Жукаўцу. Суды і арышты за Плошчу ня спыненыя. Да Вячаслава Сіўчыка дадому дагэтуль прыходзяць міліцыянты, пытаюцца, калі ён вернецца. Усім вядома, што ён цяпер знаходзіцца на Ўкраіне. І так званыя беларускія праваахоўныя органы могуць зьвярнуцца да Ўкраіны з просьбаю выдаць гэтых людзей. Таму, каб пазьбегнуць такой сытуацыі, паказаць, што ўжо ёсьць прэцэдэнты, мы гэта сёньня агучваем. Каб не рэагаваць толькі на рэпрэсіі, а іх апярэджваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG