Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд, Міністэрства эканомікі і прадстаўнікі дзелавой супольнасьці Беларусі зьвярнулі ўвагу ўраду і Нацбанку на неабходнасьць як найхутчэй уніфікаваць курс беларускага рубля, каб зьменшыць страты ў рэальным сэктары эканомікі.

"Урад і Нацбанк недаацэньваюць складанасьць бягучага моманту, глыбіню і прычыны эканамічнага крызісу. Намечаныя ў антыкрызісным пляне меры грунтуюцца на памылковай перадумове — дэвальвацыі беларускага рубля ў адносінах да даляра на 56%", — паведаміў Інтэрфаксу старшыня бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Рыгор Бадзей.

Ён адзначыў, што такі ўзровень дэвальвацыі дзейнічае толькі для абмежаванага кола суб'ектаў гаспадараньня. "Увесь астатні рэальны бізнэс вымушаны працаваць ва ўмовах рэальнай дэвальвацыі, якая складае 250—300%. Гэта шок для большасьці суб'ектаў гаспадараньня і ўсіх, хто зьвязаны зь імпартам сыравіны, матэрыялаў і спажывецкіх тавараў", — адзначыў Бадзей.

Паводле бізнэс-супольнасьці, калі зыходзіць зь сярэдняга па эканоміцы краіны імпартнага складніка ў памеры 40—60% ад матэрыяльных выдаткаў, выдаткі суб'ектаў гаспадараньня ўзрасьлі на 100—180%, што, у сваю чаргу, ня толькі выклікала адпаведны рост адпускных цэн, але і паставіла пытаньне аб канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на ўнутраным рынку і платаздольнасьці насельніцтва рэспублікі.

"Сур'ёзнасьць гэтых фактараў, па нашу думку, ня ўлічваецца ўрадавымі органамі", — заўважыў Бадзей.

Ён паведаміў, што БСПН нядаўна апытаў прадстаўнікоў бізнес-супольнасьці, каб выявіць уплыў дэвальвацыі і дзяржрэгуляваньня курсу беларускага рубля на эканоміку суб'ектаў гаспадараньня. Паводле апытаньня, прыняцьце пастановы Саўміну і Нацбанку № 240/5 "Аб разьліках па імпарце некаторых тавараў" толькі пагоршыла ўмовы гаспадараньня (40,3% адказаў).

"Шмат хто з экспэртаў адзначае, што зьяўленьне гэтага дакумэнту спрыяла толькі стварэньню сытуацыі нявызначанасьці і ажыятажнага попыту.

Экспэрты таксама лічаць, што калі б у лютым Нацбанк прыняў рашэньне аб дэвальвацыі на 30%, то сёньня б сытуацыя на валютным рынку ўжо стабілізавалася", — сказаў Бадзей.

"Правёўшы 24 траўня дэвальвацыю на 56% і увёўшы двухпрацэнтнае абмежаваньне на адхіленьне курсу пры зьдзелках куплі-продажу, Нацбанк ня толькі недадэвальваваў рубель, але і разбурыў пазабіржавы рынак, які толькі пачынаў складацца", — адзначыў Бадзей.

Ён зьвярнуў увагу, што, як сьведчаць вынікі апытаньня, галоўная ўвага органаў дзяржкіраваньня ў цяперашняй сытуацыі павінна быць засяроджана на пытаньнях наяўнасьці валюты на пазабіржавым рынку.

"У гэтых мэтах, лічаць рэспандэнты (а гэта 67,2% апытаных), варта неадкладна зьняць усе абмежаваньні на ваганьні кошту валюты або пашырыць межы калідора.

Таксама выказваюцца прапановы аб арганізацыі незалежных таргоў на Беларускай валютнай біржы з магчымымі інтэрвэнцыямі Нацбанку — гэта значыць, гаворка ідзе пра неадкладную ўніфікацыю курсу".

Паводле зьвестак Рыгора Бадзея, 92,5% удзельнікаў апытаньня нэгатыўна або вельмі адмоўна ставяцца да множнасьці курсаў. Так, 44,8% адзначаюць у сувязі з множнасьцю курсаў зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў, 37,3% рэспандэнтаў зьвяртаюць увагу на рост карупцыйнага складніку.

"Аналіз цяперашняй сытуацыі паказвае, што дэфіцыт валюты зьвязаны ня толькі з адмоўным сальда зьнешняга гандлю, але і з адтокам капіталу", — адзначыў Бадзей.

"Задача Нацбанку і ўраду — паэтапнае, плаўнае збліжэньне афіцыйнага і рынкавага курсаў беларускага рубля. Пры апэратыўным вырашэньні гэтага пытаньня і пэўных памяркоўных інтэрвэнцыях Нацбанку адзіны курс можа скласьці 6—6,5 тысяч рублёў. Калі зацягваць з рашэньнем гэтага пытаньня, кошт даляра можа вырасьці да 8—8,5 тысяч рублёў", — сказаў Бадзей.

Пазыцыю дзелавой супольнасьці Беларусі падтрымліваюць у Міжнародным валютным фондзе і ў Міністэрстве эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG