Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Чэхія абмеркавалі агульную пазыцыю па Беларусі

  • БелаПАН

Як паведамляе выданьне The Warsaw Voice, польскі прэм'ер-міністар Дональд Туск наведаў на мінулым тыдні з аднадзённым візытам Прагу, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам Чэхіі супрацоўніцтва ў межах Вышаградзкай групы і старшынства Польшчы ў ЭЗ.

Туск сустрэўся з чэскім прэм'ер-міністрам Пятром Нечасам і прэзыдэнтам Вацлавам Клаўсам. Удзельнікі перамоваў абмеркавалі праграму ЭЗ "Усходняе партнэрства" і арганізацыю ў Варшаве верасьнёўскага саміту Ўсходняга партнэрства.

Акрамя гэтага, падчас сустрэчы разглядаліся пытаньні, што тычацца выпрацоўкі агульнай пазыцыі Польшчы і Чэхіі ў адносінах з Беларусьсю, Расіяй і Ўкраінай, паведамляе польскае выданьне.

Усходняе партнэрства — ініцыятыва ЭЗ, скіраваная на шэсьць краін Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказа: Армэні, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Была заснавана 27 краінамі — членамі ЭЗ і шасьцю партнэрскімі дзяржавамі на саміце ў Празе 7 мая 2009 году. Ініцыятыва скіравана на ўмацаваньне дачыненьняў паміж ЭЗ і яго ўсходнімі суседзямі за кошт паглыбленьня палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.

Вышаградзкая група ("Вышаградзкая чацьвёрка", V4) — саюз Вугоршчыны, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Паказвае імкненьне гэтых цэнтральнаэўрапейскіх дзяржаваў супрацоўнічаць па шэрагу кірункаў у межах эўрапейскай інтэграцыі. Група была ўтворана 15 лютага 1991 году на сустрэчы прэзыдэнтаў Вугоршчыны, Польшчы і Чэхаславаччыны ў Вішаградзе (Вугоршчына).
XS
SM
MD
LG