Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за адключэньняў току ў камэрах Валадаркі не працуюць вэнтылятары


Турма на вуліцы Валадарскага

Турма на вуліцы Валадарскага

Вязень Валадаркі Фёдар Мірзаянаў паведаміў пра перабоі з электрычнасьцю і праблемы, якія з гэтым зьвязаныя. Алесь Атрошчанкаў атрымаў інфармацыю пра тое, як сядзеў у турме журналіст Андрэй Пачобут. Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму забаранілі званкі дамоў. Чаму Андрэй Саньнікаў мусіў спыніць напісаньне казак для свайго малога сына Даніка?

Днямі будзе этапаваны з Валадаркі ў калёнію ўдзельнік Плошчы Фёдар Мірзаянаў, чыю касацыю днём раней разглядзеў Менскі гарадзкі суд і пакінуў прысуд без зьмены. Гэтак сама як і Андрэю Саньнікаву, Зьмітру Бандарэнку, Ільле Васілевічу, Алегу Гнедчыку і Уладзю Яроменку. Маці Мірзаянава Людміла паведаміла пра ліст ад сына, які атрымала як раз напярэдадні суду.

"Ён напісаў, што было немагчыма цяжка пазаўчора, бо раніцай ня стала сьвятла і не было доўга. А дзень быў вельмі сьпякотны, як сёньня. Харчы яны трымаюць у камэры, таму ў сьпякоту харчы хутка псуюцца. Некаторым у камэрах становіцца зусім дрэнна, калі вэнтылятары не працуюць. На гэта Фёдар напісаў, што магчыма, гэта яшчэ адзін спосаб эканоміць грошы падчас крызысу".

Фёдара Мірзаянава, як мяркуюць яго сваякі, накіруюць ў калёнію "Ваўчыныя норы", дзе ўжо знаходзяцца Павал Вінаградаў, Алесь Квяткевіч і Уладзімер Лобан.

Вязень калёніі Віцьба-3, што пад Віцебскам, Алесь Атрошчанкаў паведаміў у лісьце цікавыя зьвесткі пра тое, як сядзеў у гарадзенскай турме журналіст Андрэй Пачобут. Жонка Атрошчанкава Дар'я Корсак зачытала вытрымку з ліста.

"Тут заехаў чалавек, які зь ім ў гарадзенскім СІЗА перасякаўся. Вельмі добра пра яго адгукаўся, казаў, што ён сапраўдны мужык і распавядаў шмат цікавых гісторый. Я схільны гэтаму верыць, бо ўжо ведаю, што ў такіх умовах можна шмат даведацца пра чалавека, нягледзячы на тое, што тут ніхто нікому ня верыць і кожны спрабуе апрануць на сябе шмат слаёў брані і маскіроўкі".

Алесь Атрошчанкаў паведаміў таксама, што працягвае займацца ў калёніі спортам, ў прыватнасьці, гуляе у футбол і валейбол. Нядаўна футбольная каманда, у якой ён гуляў, выйшла ў фінал турэмнага спаборніцтва.

Да разгляду касацыйнай скаргі былому супрацоўніку міліцыі Аляксандру Класкоўскаму, аднаму з фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня, забаранілі званіць сваякам. Гэта паведаміла жонка Класкоўскага Натальля, спаслаўшыся на чалавека, які сядзеў разам з яе мужам ў калёніі. Некалькі дзён таму Аляксандр павінен быў патэлефанаваць, але званка так і не было.

Раней пра забарону званіць з турмы дамоў распавяла грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Сваякі асуджаных зьвязваюць гэтую забарону з разглядам касацый, што мусіць адбыцца ў Менгарсудзе 19 ліпеня. Разам са скаргамі Статкевіча і Класкоўскага будуць разгледжаныя скаргі Дзьмітрыя Вуса, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзьмітрыя Буланава.

Журналістка Ірына Халіп, асуджананя на 2 гады з адтэрміноўкай, таксама 19 ліпеня прыйдзе ў суд на разгляд сваёй касацыі. Пра мужа, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньінкава, якога неўзабаве адправяць ў Наваполацкую калёнію, Ірына распавяла.

"Андрэй трымаецца цудоўна, ў яго пачуцьцё гумару дзякуй Богу не страчанае і , напэўна, гэта яго выратоўвае. Ён бадзёры па-ранейшаму. Ведаю, што яго перавялі ў іншую камэру, дзе 12 чалавек, а не 4, як было раней. Там ужо значна горшыя умовы. Там вельмі сьпякотна, цяжка дыхаць, тым не меней ён трымаецца. Толькі напісаў, што казкі для Даніка наўрад ці пакуль зможа пісаць, бо ня можа там знайсьці нішу, каб у цішыні пісаць".

Дэпутат Эўрапарляманту ад Польшчы Марэк Мігальскі, які апякуецца Зьмітром Бандарэнкам, накіраваў ліст адміністрацыі Валадаркі з просьбай арганізаваць кансультацыю вязьня ў нэйрахірурга. Бандарэнку адміністрацыя СІЗА паставіла перад выбарам: альбо ехаць ў калёнію, альбо класьціся на апэрацыю ў 5-ай клініцы, з якой яго таксама хутка забяруць у калёнію, дзе рэабілітавацца будзе вельмі складана. Каб не памыліцца, прымаючы адказнае рашэньне, патрэбна кансультацыя адмыслоўцы, у якой Бандарэнку пакуль адмаўляюць.
XS
SM
MD
LG