Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкі і студэнты Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы правялі побач з Калоскай царквой раскопкі – іх вынікі ўразілі.

Раскопкі праводзіліся ў рамках рэканструкцыі Калоскай царквы. Першым этапам гэтай рэканструкцыі стала ўжо распатая пабудова новага храму побач з Каложай. Другі этап мае на мэце адбудову самой Каложы.

Выкладчык гістарычнага факультэту ўнівэрсітэту імя Янкі Купалы, археоляг Сяргей Піваварчык распавядае, што падчас раскопак асаблівых знаходак не было, паколькі інтэнсіўнага жыцьця ў гэтай частцы гораду не вялося, але адна знаходка вельмі ўсіх уразіла:

Аляксей Піваварчык
“Аказалася, што ў 1936 годзе польскія інжынеры зрабілі па ўсім пэрымэтры Калоскай царквы бэтонную сьцяжку на глыбіню паўтара мэтра. Усе падмуркі былі ўмацаваныя, прычым вельмі якасна ўсё зроблена. На маю думку, Каложа і стаіць да гэтага часу дзякуючы гэтай граматнай працы інжынераў”.

Студэнт пятага курсу Алесь Хацько, які браў удзел у раскопках, выказвае здагадкі, што гэта мог зрабіць Ёзаф Ядкоўскі – гісторык, археоляг, стваральнік гістарычнага музэю ў Горадні, які таксама праводзіў раскопкі побач з Калоскай царквой. І яшчэ на адной дэталі ён завастрае ўвагу:

“Цікава тое, што каталікі ў часе міжваеннае Польшчы, калі праваслаўе, як кажуць, прыгняталася, для Каложы зрабілі так шмат, што, каб гэтага не было, Каложы ўжо ня стала б пасьля вайны, калі моцна разьліваўся Нёман. Па сутнасьці яны захавалі Каложу для нас”.

Адно з самых балючых пытаньняў, якое дыскутуецца сярод гісторыкаў, краязнаўцаў, аматараў гісторыі – гэта рэстаўрацыя Каложы. Згодна зь цяперашнім праектам, Каложу хочуць дабудаваць сылікатнымі блёкамі. Гісторыкі катэгарычна супраць такой рэстаўрацыі. Вось што кажа археоляг Сяргей Піваварчык:

“Каложа патрабуе вельмі сур’ёзнай кансэрвацыі, а не адбудовы. Бо Каложа не захавалася настолькі, каб яе адбудоўваць. На сёньняшні дзень па тэрміналёгіі ЮНЭСКО – гэта руіна. А руіны не адбудоўваюцца, а кансэрвуюцца дзеля таго, каб іх можна было захаваць і паказваць. Тым больш што гэта вельмі значны помнік і для нашае краіны, і для нашага гораду”.

Доктар гістарычных навук, археоляг Алесь Краўцэвіч адназначна падтрымлівае ідэю кансэрвацыі Каложы. Яшчэ ён крытычна ставіцца да цяперашняй рэстаўрацыі і будаўніцтва новага храму побач з Каложай:

Алесь Краўцэвіч
“Гэтыя помнікі, сярэднявечныя цэрквы, дасканала дапасоўваліся да рэльефу – гэта іх уласьцівасьць. І ў нас унікальны выпадак у Горадні, што гэтая царква захавала сувязь з навакольным ляндшафтам. І вось я нядаўна стаяў на гары Старога замку, глядзеў на Каложу і бачу, як тырчыць пад’ёмны кран на гэтай самай лініі за Каложай. І калі там яшчэ ўвядуць сучасную цыбуліну – гэта будзе найгрубейшае парушэньне сярэднявечнай і ўвогуле чалавечай эстэтыкі”.

Шурф побач зь сьцяной Каложы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG