Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскі палітык заявіў пра сваю падтрымку палітвязьню Васілевічу


Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч

Швайцарскі парлямэнтар, сацыял-дэмакрат Жан-Франсуа Штаерт заявіў пра сваю падтрымку беларускаму палітвязьню Ільлю Васілевічу і такім чынам далучыўся да кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі", якую некалькі месяцаў таму ініцыявала праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights".

Мэта кампаніі — забясьпечыць кожнаму палітвязьню ў Беларусі і яго сям’і маральную ды іншую падтрымку з боку эўрапейскіх палітыкаў. Так званыя “шэфы” або “апекуны” бяруць на сябе абавязак сачыць за праблемамі таго ці іншага палітвязьня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі, каб дамагчыся іх вызваленьня.

Асуджаны на тры гады калёніі Ільля Васілевіч, якому ў жніўні спаўняецца 20 гадоў, самы малады фігурант па справе 19 сьнежня і пакуль першы з “падшэфных”, якія не належаць да палітычных партый ці рухаў. Паводле прадстаўнікоў “Libereco”, яны прынялі рашэньне знайсьці апекуноў усім беларускім палітвязьням, незалежна ад іх палітычнай прыналежнасьці ці прыхільнасьці.

Як заявіў Жан-Франсуа Штаерт, Ільля Васілевіч знаходзіцца за кратамі толькі таму, што адкрыта выказаў свае думкі, якія не супадаюць з афіцыйнымі. Швайцарскі палітык спадзяецца, што разам з сваімі калегамі – дэпутатамі зь іншых краін, якія далучаюцца да кампаніі, удасца дасягнуць таго, каб усе іншыя людзі ў Беларусі змаглі адкрыта выказваць свае меркаваньні.

“Размова ідзе пра забесьпячэньне правоў чалавека ўва ўсім сьвеце, а таксама пра калектыўную бясьпеку ў Эўропе, пагрозай для якіх ёсьць любы таталітарны рэжым. Гэтую пагрозу мы мусім пераадолець”, – падкрэсьліў дэпутат Штаерт.

Раней да кампаніі далучыліся намесьнік старшыні фракцыі вольных дэмакратаў у нямецкім парлямэнце Флярыян Тонцар, экс-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту і фундацыі імя Адэнаўэра Ганс-Герт Пётэрынг, дэпутатка Бундэстагу Марына Шустэр, нямецкі парлямэнтар і дэпутат ПАРЭ Мануэль Cарацін, сябра Эўрапарлямэнту Міхаэль Галер, нямецкія парлямэнтары Крыстофэр Штрэсэр, Франц Цёнэс, Марылюіза Бэк, польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі. Яны ўзялі шэфства над палітвязьнямі Эдуардам Лобавым, Алесем Кіркевічам, Паўлам Вінаградавым, Мікітам Ліхавідам, Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам, Аляксандрам Атрошчанкавым, Міколам Статкевічам, Андрэем Саньнікавым, Зьмітром Бандарэнкам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG