Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі і друкаваная прадукцыя беларускай вытворчасьці ўжо даражэйшая за расейскую. Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую ў чацьвер на прэсавай канфэрэнцыі агучала намесьніца старшыні Белстату Ірына Кангро, за паўгода папярова-белавыя тавары ў параўнаньні са сьнежнем 2010 падаражалі на 200,9%. Чаму так імккліва даражэе друкаваная прадукцыя, і ці будуць купляць кнігі.

Выдаўцы – у роспачы. Генадзь Вінярскі, дырэктар выдавецтва "Беларускі кнігазбор" такім чынам тлумачыць падаражэньне кніг:

"Усе матэрыялы падаражалі: і папера, і фарбы, і пласьціны – беларуская прадукцыя падаражала прыкладна ў тры разы. Яна ўжо даражэйшая за расейскую. Фактычна калі папера пры канцы мінулага году каштавала прыкладна 5мільёнаў 300 тысяч за тону, то зараз ужо 18. Так што яны падманваюць, што ў два разы. Ня ў два, а ў тры".

Марына Фядута, дырэктар выдавецтва "Лімарыюс", тлумачыць падаражаньне паліграфічнай прадукцыі тым, што ўсе складнікі – выключна імпартныя.

"У нас жа нічога няма беларускага. Увесь афсет – гэта Котлас, Сыктывкар,
У нас жа нічога няма беларускага ...

Сьветлагорск, што пад Калінінградам. У нас жа ўсё завозіцца з Расеі. І тое, што ідзе на форзац, на ўклейкі, фотаздымку. Увесь друк у нас завазны, імпарт. Нават запчасткі, камплектуючыя на машыны, ніткашвэйка імпартныя, калі і робіць хто тут, дык гэта ўжо амаль Кулібін. Фарбы таксама імпартныя, беларускія калі і робяць, дык гэта толькі для газэт. Усё – імпарт. Таму і так рэзка скокнулі цэны. Калі закупаць даляр на безнаяўнаму курсу па 7 – 8 тысяч, то яно так і атрымліваецца".

Чытачы кажуць, што і зараз кнігі ня танныя, а калі яны стануць яшчэ даражэй, давядзецца чытаць у электронным выглядзе:

"І дзіцячыя кнгі, дзіцячыя энцыкляпедыі, і кнігі з добрымі ілюстрацыямі дастаткова дорага каштуюць. Калі кошты будуць падвышаць яшчэ – будзем чытаць у інтэрнэце і спампоўваць аўдыёкнігі. Тут ня ведаеш, як на прадукты і на прадметы першай неабходнасьці наскрэбсьці... Так што лішніх грошай на кнігі дакладна ня будзе".

Пытаюся ў кіраўніка выдавецтва "Беларускі кнігазбор" Генадзя Вінярскага: "Ці ня ўзьнікне праблема, што народ проста ня здолее купіць кнігу?"

"Узьнікне. Праблема будзе. Але выйсьця з гэтага ніякага няма. Пакуль што. Можа потым, у сувязі з тым, што друкарні застануцца бяз працы, і ў спэкулянтаў-перакупшчыкаў ніхто ня будзе паперу і матэрыялы па такіх коштах купляць, цэны пачнуць зьніжацца".

Кіраўнік выдавецтва "Мэдысонт" Іван Кобзік кажа, што калі кошты завышаюцца да завоблачных вышыняў, гэта ня выгадна нікому -- ні пакупнікам, ні выдаўцам. І зрухі ў бок зьніжэньня коштаў ужо ёсьць:

Зараз афсетная папера недзе ў два з паловай даражэйшая, чым да крызісу. А быў час, калі папера была ў чатыры разы даражэй ...

"Шчыра кажучы, афсетная папера, якую мы выкарыстоўваем, у нейкі час падаражала ажно ў 4 разы. Але зараз , так бы мовіць, маятнік пайшоў ужо крыху назад, цэны адкруцілі. Зараз афсетная папера недзе ў два з паловай даражэйшая, чым да крызісу. А быў час, калі папера была ў чатыры разы даражэй, і фарбы, і шмат яшчэ якіх рэчаў". Я сам кроўна зацікаўлены, каб мы маглі па нармальных коштах працаваць і па нармальных коштах заказчыкам прадаваць прадукцыю".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG