Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіўчык: Маштаб рэпрэсій у Беларусі – дзікунства для Ўкраіны


Украіна застаецца адным з найбольш значных цэнтраў салідарнасьці зь беларускім народам.

Практычна штотыдзень у Кіеве, паралельна з акцыямі маўклівай салідарнасьці ў Беларусі, ля беларускай амбасады ладзяцца пікеты ў падтрымку апанэнтаў рэжыму, а тыдзень таму ў Вярхоўнай Радзе паўстала "Міжфракцыйнае аб’яднаньне за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі". У яго склад увайшлі дэпутаты ад розных партый, сярод іх такія вядомыя асобы як Тарас Чарнавол і Анатоль Мацьвіенка.

Адзін з тых, хто апошнім часам падтрымлівае градус беларускага жыцьця ў Кіеве, – кіраўнік руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык.

— Ня тое што пад маім патранажам, але большасьць акцый у Кіеве сапраўды праводзілася праз мае ініцыятывы. Бо калі я сюды трапіў у лютым, былі пастаўленыя мэты, якія паступова дасягаюцца. Нам вельмі хацелася, каб узьніклі нармальныя ўкраінскія арганізацыі, якія былі б салідарныя з барацьбой беларускага народу за незалежнасьць і дэмакратыю. Мы мэтанакіравана дамагаліся, каб у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ўзьнікла дэпутацкая група, якая была б салідарная зь беларусамі. Гэтак жа, як у парлямэнтах іншых краінаў. Іншымі словамі, гэта палітычная праца, яна дасягаецца праз перамовы з рознымі палітычнымі партыямі, і гэтая праца робіцца амаль штодня.

— На акцыях можна заўважыць прадстаўнікоў розных украінскіх сілаў, але перадусім зьвяртаюць на сябе ўвагу актывісткі кампаніі "Фемэн". Гэта спроба прыцягнуць увагу праз эпатажных дзяўчат? І якое стаўленьне да іх у самой Ўкраіне?

— Рознае. Але ж я вельмі ўдзячны актывісткам "Фемэн". Як удзячны сябрам усіх палітычных партый, якія выходзілі на публічныя акцыі, каб падтрымаць беларусаў. Такіх арганізацый парадку 25, усіх і не пералічыш, але тут і "Наша Ўкраіна", і "Бацькаўшчына", і "Народны рух Украіны", і г.д. Удзячны, таму што мы ж тут госьці. Не мая задача камэнтаваць стаўленьне да ўкраінскіх грамадзкіх арганізацый, бо я надзвычай удзячны любому ўкраінцу, які ў той час, калі цяжка беларускай нацыі, салідарны зь ёю.

У тым ліку дзякуй "Фемэн". Акрамя таго, што яны ўдзельнічалі ў акцыях ля амбасады, некаторыя акцыі па Беларусі былі яшчэ да майго зьяўленьня ў Кіеве, таму магу толькі падзякаваць гэтым мужным дзяўчатам. Зараз тут, у Кіеве, ім таксама вельмі складана. Між іншым, тая акцыя, якую яны праводзілі на Майдане самастойна, калі з рагатак быў расстраляны дыктатар, была іхняя. Яны самі прыдумалі сцэнар, і гэты "расстрэл" выклікаў шырокі рэзананс ня толькі на постсавецкай прасторы, акцыя была заўважана як ў эўрапейскай інфармацыйнай прасторы, так і наогул ва ўсясьветнай. Ня ведаю, якія яшчэ акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю атрымалі такі розгалас, як тое, што зрабіла гэтая група некалькі месяцаў таму. І дзякуй дзяўчатам!

— Апошнія падзеі ў Беларусі драматычныя, рэпрэсіі ідуць нават па нарастаючай. Як гэта ўспрымаецца ў дэмакратычным асяродку Ўкраіны?
я ня ведаю тут ніякіх палітычных сілаў, якія маглі б гэтае дзікунства апраўдваць ці падтрымліваць ...


— Гэта дзікунства для Ўкраіны. Ня гледзячы на тое, што і тут адбываюцца палітычныя суды, што ёсьць палітычныя зьняволеньні, што ёсьць праблема ўжо са свабодай слова. Але тое, што робіць зараз Лукашэнка ў Беларусі, самае сапраўднае дзікунства. І я ня ведаю тут ніякіх палітычных сілаў, якія маглі б гэтае дзікунства апраўдваць ці падтрымліваць. Той масавы тэрор, які публічна дазваляе сабе праводзіць сёньняшні рэжым супраць сваіх грамадзянаў, проста беспрэцэдэнтны.

Раз за разам на мірных маўклівых акцыях ужываецца сіла, прычым, ніякім правам, натуральна, гэта абгрунтаваць немагчыма. Гэта выклікае законны пратэст ва ўкраінскім грамадзтве, у большай ступені сярод дэмакратычных сілаў. Але ж разьвіцьцём такіх падзеяў незадаволеныя і ўкраінскія ўлады, асабліва, калі ўлічыць, што ў Лукашэнкі даўно ўжо кепска з псыхікай, ня так шмат інтэлекту, як хацелася. Варта ўзгадаць, што ён дазволіў сабе за апошнія некалькі месяцаў дзьве публічныя абразы ўладаў Украіны. Натуральна, Лубянка папрацавала, паспрабавала ўсё гэта неяк зарэтушыраваць, але ж, як казаў клясык, асадак застаўся.

— У Расеі, ва Ўкраіне пэўная частка людзей да нядаўняга часу ўспрымала Лукашэнку як сапраўднага гаспадара, які забясьпечвае сацыяльныя гарантыі народу. Але апошнія падзеі на валютны рынку, некантраляванасьць фінансавага сэктару гэтыя перакананьні неяк зьмянілі?

— Канечне, пасьля гэтых падзеяў вочы ў людзей адкрыліся інакш. Я б тут перадусім зазначыў ролю прапаганды, таму што вобраз Лукашэнкі ствараўся карпатліва і не адзін год. Гэта прапаганда мела посьпех, і да зімы 2010-га, думаю, што нават большасьць грамадзянаў Украіны ў той ці іншай ступені падзяляла вобраз Лукашэнкі – абсалютна штучны – як нейкага гаспадара, які нешта зрабіў, таму людзі пры ім вельмі добра жывуць.

Увогуле гуманітарная катастрофа ў Беларусі вядзе адлік ад 1995 году, калі Лукашэнка правёў свой першы незаконны рэфэрэндум і ўвёў другую дзяржаўную мову — расейскую. І гэта пры тым, што ААН прызнала беларускую мову, на жаль, як мову, якая можа зьнікнуць. Палітычны крызіс ў Беларусі — з 1996 году. Гэта азначае, што ніводная краіна цывілізаванага сьвету ніколі не прызнавала выбараў у Беларусі, незалежна ад іх рангу – ці гэта выбары прэзыдэнта, ці парлямэнцкія выбары, ці мясцовыя выбары. Зараз, калі адбыўся эканамічны і валютны крызіс, калі беларусы рэальна маюць заробкі нават не на ўзроўні Ўкраіны, а на ўзроўні Малдовы, казаць аб тым, што можна пабудаваць сацыялізм у адной, асобна ўзятай краіне, і што ў Беларусі зараз нібыта добра, ужо проста не выпадае.

— Падчас нашай папярэдняй сустрэчы ў сакавіку Вы згадвалі дзесьці пра паўсотні беларускіх актывістаў, якія з-за рэпрэсій зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну. Ці зьмяняецца лічба, ці зьяжджаюць людзі далей?

— Зьяжджаюць, таму гэтыя лічбы крыху зьмяншаюцца. Сапраўды, на момант той сустрэчы тут былі яшчэ дзясяткі два людзей, якія зараз навучаюцца па праграме Каліноўскага. Гэта былі збольшага маладыя людзі, якія трапілі на навучаньне, і добра, што гэта ім удалося, бо гэта актывіста апазыцыі. Увогуле ва Ўкраіне шмат беларусаў, але, на жаль якраз у Кіеве нармальнай беларускай грамады няма. Пакуль тут няма ні беларускага клюбу, ні нейкай суполкі беларускай з грамадзянаў Рэспублікі Беларусі. Але я вельмі спадзяюся, што тыя акцыі, які мы праводзілі, якія яшчэ будуць наперадзе, дазволяць людзям аб'яднацца. Таму што задачы засталіся ранейшыя: у беларускіх турмах застаюцца палітвязьні, іх трэба абавязкова падтрымліваць.

Канечне, грамадзяне Беларусі, якія па розных прычынах апынуліся і жывуць у Кіеве, таксама зацікаўленыя, каб на іх радзіме не было палітвязьняў. Натуральна, трэба быць салідарным і зь беларускім народам, асабліва ўлічваючы факты масавага гвалту, якія сабе дазваляе рэжым. Таму спадзяюся, што актывізуюцца беларусы Кіеву. Ва ўсялякім разе, вельмі хацеў бы, каб тут узьнікла беларуская грамада, бо рана ці позна я адсюль вярнуся на Бацькаўшчыну, а ёсьць людзі, якія ўсё роўна па зьбегу абставінаў (можа хтосьці жаніўся, хтосьці замуж выйшаў) застануцца ў Кіеве. І пажадана, каб беларускае жыцьцё тут было хоць бы на такім ўзроўні, як у іншых эўрапейскіх сталіцах. А Кіеў жа зьяўляецца, акрамя ўсяго іншага, ужо эўрапейскай сталіцай. Меней за год засталося да Эўра-2012, які цалкам, альбо шмат што памяняе ва ўкраінскай сталіцы. Бо ў прынцыпе ў гэты час тут будзе практычна ўвесь сьвет.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG