Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР'Е


На працягу дня сонечна, пераважна без ападкаў, толькі на поўдні могуць прайсьці кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Тэмпэратура паветра ўдзень ад 24-х да 29-і градусаў, у паўднёвых раёнах да 31-га.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


У сталічным Палацы спорту (пр. Пераможцаў, 4) пачнецца (і будзе доўжыцца да 24 ліпеня) міжнародны турнір па боксе памяці Віктара Лівенцава. Удзел возьмуць спартоўцы з Мэксыкі, Расеі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Швэцыі, Аўстраліі, а таксама Гвінэі і Беларусі. Плянуецца, што гасьцямі турніру стануць беларускі алімпійскі чэмпіён па боксе Вячаслаў Яноўскі, знакаміты расейскі баксэр Ігар Высоцкі, чэмпіён сьвету сярод прафэсіяналаў украінец Віталь Клічко, а таксама ўдава і дочкі Віктара Лівенцава.

У Беларускім дзяржаўным цырку (Менск, пр. Незалежнасьці, 32) адбудзецца закрыцьцё летняга сэзону. У манэжы пройдзе гала-канцэрт "Юбілей" з удзелам артыстаў міжнародных цыркаў. Пачатак у 19.00.

У менскім паб-клюбе “Графіці” (завулак Калініна, 16) адбудзецца канцэрт-сьвяткаваньне дня нараджэньня флягмана беларускага панк-року – гурту “Neuro Dubel”, якому спаўняецца 22 гады. Канцэрт пачнецца а 19-й гадзіне.

На базе адпачынку “Дом рыбака” СВК “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага (в. Колбава, Кіраўскі раён) стартуе Х міжнародны керамічны пленэр “АRT-Жыжаль”. У сьвяце керамікі возьмуць удзел 23 мастакі-керамісты зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Польшчы, Баўгарыі, а таксама Казахстану і Турцыі.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Армэнія. Візыт прадстаўнікоў Менскай групы АБСЭ ў справе ўрэгуляваньня нагорна-карабаскага канфлікту.

Кіеў (Украіна). Пячорскі суд Кіева працягне разгляд справы экс-генэрала МУС Аляксея Пукача, якога вінавацяць у забойстве журналіста Георгія Гангадзэ.

Мілян (Італія). Паседжаньне суду ў “справе Рубі”, у рамках якога прэм'ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі абвінавачваецца ў дачыненьні да прастытуцыі непаўналетніх.

Лёндан (Вялікабрытанія). Пройдзе штогадовая цырымонія падліку і кальцаваньня лебедзяў на рацэ Тэмзе і яе прытоках у ваколіцах брытанскай сталіцы (да 22 ліпеня).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Гішпанія, Дзень працы.

ЗША, Дзень хот-дога.

Уругвай, Дзень канстытуцыі.

Японія, Дзень мора.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1851 – нарадзіўся беларускі паэт і менскі культурны герой свайго часу Янка Лучына.

1900 – нарадзілася француская пісьменьніца Наталі Сарот, сапраўднае імя якой Натальля Чарняк, яе продкі паходзілі з Бабруйску.

1909 – нарадзіўся Андрэй Грамыка, савецкі дзяржаўны дзяяч, якому ў Беларусі пастаўленыя ажно два бюсты – у Гомелі і ў вёсцы Старыя Грамыкі на Веткаўшчыне, дзе ён нарадзіўся. Пасьля Чарнобыльскае катастрофы гэты бюст застаўся ў адселенай вёсцы адзіным жыхаром.

МІНУС 365:


Грузія хоча аб'яднацца з Азэрбайджанам у канфэдэрацыю

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасьліваю!..


Янка Лучына
XS
SM
MD
LG