Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І ў вайну, і ў аграгарадку так і ня сталі блізкімі Далёкія…»




6 год таму, калі ўпершыню вяртаўся з Далёкіх, ці Далекіх, як вёску называюць мясцовыя, быў перакананы, што гісторыя буйной дывэрсійнай партызанскай апэрацыі на чыгунцы часоў Другой усясьветнай не парыне, як дзесяцігодзьдзямі раней, у аналах гісторыі. Аж не — трывожная размова зь яе першым дасьледчыкам, вядомым лідзкім краязнаўцам ды гісторыкам Валерыем Сьліўкіным пераканала, што справу рана здаваць у архіў. Пагатоў акурат там месца для яе не знайшлося… Вось што днямі расказаў ён мне пра падзеі, якія адбыліся пасьля першага абнародаваньня гісторыі ў незалежным часопісе «Лідзкі летапісец» і на хвалях Радыё Свабода.

Сьліўкін: «Напрыклад, пісалі дасьледчыкі Арміі Краёвай, што яна гэта зрабіла. Ёсьць справаздача атраду імя Варашылава, паводле якой зусім іншыя людзі атрымалі за гэта ўзнагароды. Сам герой Макараў пасьля вайны быў намесьнікам старшыні райвыканкаму. Знайшоў, што ён у паперах застаўся сяржантам — ня быў афіцэрам. А чалавек зьдзейсьніў гэтую дывэрсію і потым быў камандзірам брыгады — 6 атрадаў уваходзіла! „Таварышы“, калі пра гэта даведаліся, яго з гісторыі вайны ціхенька „зьліквідавалі“ — як жа, не камуніст, не афіцэр…».

Але па парадку. На Лідчыне брыгада пад камандаваньнем кампартыйцаў Гапіевых зьявілася толькі ў красавіку 1943-га. Але іх тут жа заціснулі аблогамі і да 44-га тут практычна ніякага камуністычна-партызанскага руху, падпольля не было. Затое ў 1942-м стыхійна ўтварыўся першы партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Мікалая Макарава, дзе начальнікам штабу быў падрыўнік Цімафей Бутоўскі. Таму, казалі, прынясуць іржавую стрэльбу — пачысьціць ды ідзе ў ход. У Лідзе ж быў узарваны склад і валяліся 100-кіляграмовыя авіябомбы з 40 кг толу. Далёкія для акцыі абралі невыпадкова. Чыгунка тут збочвала, што звужала кругагляд. Учатырох заклалі бомбу ля сэмафора. 6 год таму адшукаў адзінага сьведку — былога дырэктара мясцовай школы Ўладзіміра Янчэўскага. Яму тады было каля 14. Паўгода, як ён заўчасна памёр, але аўдыёзапіс той размовы зь ім застаўся.

Янчэўскі: «Я памятаю добра: марозны дзень быў, яркае сонца, і яны везьлі празь вёску тую бомбу. А яна на ўсе сані была. І мы за імі — аж да чыгункі. Немцаў не было…».

У васьмі вагонах на адпачынак з фронту ў Нямеччыну вярталіся звыш сямі соцень эсэсаўскіх афіцэраў. Магутны выбух ушчэнт разьнёс два вагоны, астатнія сышлі з рэек. Зранку налічылі пяць з паловай соцень абгарэлых цел. Гістарычную, так бы мовіць, далікатнасьць сытуацыі дадаваў той факт, што ад пагрозы расстрэлу пасьля гэтай апэрацыі далёкінцаў уратаваў гаўляйтар Кубэ. Вось як пра гэта ўзгадваў спадар Янчэўскі.

Янчэўскі: «З усіх бакоў было процьма немцаў. Нас паставілі з рыдлёўкамі чысьціць сьнег — каго дзе з чым злапалі. Я абярнуўся, дык немец даў прыкладам па сьпіне. Загналі нас за вёску, і там стаялі два кулямёты. Ля іх ляжаў немец — чорны, папалены. Пасьля была размова, што іх трох братоў ехала і ён адзін жывы застаўся. І яго трымалі. Залезьлі на слуп, пад’ядналі тэлефон ды зьвязаліся зь Менскам, з гаўляйтарам Кубэ. І пачалося разьмеркаваньне: мужчыны ды падлеткі вышэй за 14 — у адзін бок, жанчыны і дзеці — у другі. Мужчыны — у цягнікі, у турму і пасьля ў Эстонію, сланцы лушчыць. А нас з жанчынамі дахаты адпусьцілі…».

Карэспандэнт: «Дык гаўляйтар Кубэ вас уратаваў?».

Янчэўскі: «Так! Усіх жа выгналі, у куфрах замкі пазрывалі, скаціну павыпускалі, сабак пастралялі. А ніводзін чалавек не загінуў…».

Сёньня спадар Сьліўкін камэнтуе: «Я за апошні час даведаўся, што пры ім на Лідчыне была сапраўдная беларуская ўлада. Тут быў беларускі бургамістар Пінкевіч, беларусаў пасадзілі ў штаб гэбітскамісарыяту. Кубэ рабіў усё, каб была створана беларуская паліцыя, якая б ахоўвала нават чыгунку. Калі зь людзьмі размаўляў пра гэты час, яны казалі — „о, ніколі так добра не жылі, як пры немцах“. Потым у 43–44-м была ўжо жахлівая вайна. А ў 41–42-м немцы дапамагалі па гаспадарцы — і паборы невялікія. На вёску прыходзіла ўказаньне здаць быдла, але гэта было менш, чым за савецкім часам! І 54-ты год узгадваюць як самы злы час, калі калектывізацыя пайшла…».

Карэспандэнт: «Але чаму ўсё-ткі ў лідзкую кнігу „Памяць“ гэты выпадак не ўвайшоў — паводле адной з вэрсіяў, па ўсёй Нямеччыне была Гітлерам абвешчаная нацыянальная жалоба?»

Сьліўкін: «Пра гэта я чытаў, але факт патрабуе пацьвярджэньня зь нямецкіх архіваў. Камуністы ж з Масквы зьявіліся ў 44-м. І ўвесь партызанскі рух з 41-га па другую палову 43-га аўтаномны абсалютна быў. А ўсе справаздачы пісаліся пасьля — пасадзілі партызанскіх „афіцыйных“ начальнікаў штабоў, што пісалі па памяці, бо дакумэнты былі толькі за 44-ты год — падзеі 42–43-га засталіся па-за гісторыяй…».

Дзеля ўсё той жа гістарычнай аб’ектыўнасьці я ў часе гэтай вандроўкі сустрэўся з 85-гадовым вэтэранам Другой усясьветнай, былым кіроўцам, спадаром Барцэвічам, ці проста Філіпавічам. Да 44-га ён жыў побач з Далёкімі.

Барцэвіч: «У вёсцы Лесьнікі — я побач кароў пасьвіў — за ранак 82 чалавекі ўгробілі, 120 дамоў спалілі немцы з-за трох партызан, што там былі. 43 год, жнівень месяц — вось вам і вайна…».

Пасьля Філіпавіч круціў баранку, абслугоўваючы штаб Жукава. У яго свой погляд на маршала, на тыя і сёньняшнія часы.

Барцэвіч: «Адны яго ўхвалялі, другім зажорсткі быў. Трэція наагул не прымалі — караў штрафнымі батальёнамі за дробязі. Патраплялі і нявінныя — аднолькава, што і расстрэл. Я заканчваў вайну на Эльбе з амэрыканцамі — цэлы месяц побач жылі. Нармальныя хлопцы! У іх, у асноўным, мурыны камандавалі. Дый, дзякуючы навейшай амэрыканскай тэхніцы, перамаглі — я працаваў на „студэбэкеры“…».

Карэспандэнт: «Філіпавіч, а чаму так сталася, што моладзь збольшага супраць Лукашэнкі, а старыя — „за“?».

Барцэвіч: «Бо ў яго ёсьць шмат жорсткасьці да некаторых. Дапусьцім, кандыдатаў у прэзыдэнты навошта саджаць? Чаму і Савецкую ўладу не любілі? У 39-м годзе ў кожнай вёсцы сустракалі з кветкамі, хлебам-сольлю. А калі пачалі „шарсьціць“ — НКУС паперла мужыка ў Сыбір, у калгасы забралі ўсю скаціну, сам на „палачкі“ працаваў — апошнюю скуру дралі. Калі калгасы арганізавалі, моладзь і адышла на вытворчасьць, каб зарабляць што-небудзь. А Лукашэнка за сваю ўладу змагаецца — за „партфэль“…».

* * *
6 год таму ў Далёкія — дарэчы, у назьве іронія, бо вёска за 12 км ад Ліды — праз гадзіну хадзілі маршруткі. Цяпер прыехаў на ранішнім дызэлі — іншага транспарту не было амаль да вечара. Хоць і тады былое аднайменнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства, бадай, дыхала на ладан. Кіроўцу Сяржуку Хаміцу было за 30. Перад маім прыездам ён звольніўся з працы, так і не дачакаўшыся жытла, нягледзячы на 12-гадовыя абяцанкі кіраўніцтва.

Хаміца: «Ну што, задзяўбло… Не было запчастак, заробак мізэрны — 90 тысяч. На ўборцы атрымаў 230 тысяч — у 8 раніцы на працу, у 12 ночы дахаты. З братам адрамантавалі камбайн — не заплацілі. Чалавек аддзяляецца ад вёскі».

На станцыі перачакаў лівень у хатцы былога чыгуначніка, 76-гадовага спадара Пятра Агеева, які ўвёў у «курс спраў».

Агееў: «Аграгарадок зрабілі ў 2010-м, але нічога няма. Карэнных не засталося — адна бабка пад 90, нічога ня цяміць. У каго свой транспарт, усе паехалі на працу ў горад. А што ў калгасе — 3 трактары засталося ды адзін прычэп…».

Навідавоку былі 5 прэзыдэнцкіх домікаў, пабудаваных акурат 4 гады таму. Я выбраў найбольшы, падворак пры якім напалам падзелены плотам — тут дзьве сям’і. Балазе, убачыў аднаго з гаспадароў — 42-гадовага будаўніка, каржакаватага Ўладзіміра Ўдавенку, які працаваў на падворку. Той па слова ў кішэню ня лез.

Удавенка: «Я табе пакажу — зайдзі сюды! Рамонт увесь мой. Падлога была драўляная, сьцены маразамі шпакляваў — пыл заставаўся. Сарайчык — сьвінка не павернецца! (Сьмяецца.) Як дажджы — пайшлі трэшчыны, столь працякае. А во і жонка…».

Спадарыня Тамара рыхтуецца выйсьці з дэкрэтнага адпачынку на адну з фэрмаў, дзе працуе ў радзільным аддзяленьні. Муж і жонка Ўдавенкі загаварылі разам.

Удавенкі: «Не зьмянілася да лепшага. Заробку даюць на будоўлі мільён дзесьці, у мяне паўтара. А паляводам — 500 з капейкамі… Працую без выхадных — цялятак паю 3 разы на тыдзень…».

Карэспандэнт: «А дом ці маеце права прыватызаваць?».

Удавенкі: «Кажуць — бярыце. Дык адна наша палова каштуе за 75 млн. Хацелі прыватызаваць раней — дырэктар Казімір Брадзевіч ня даў „дабро“, сказаўшы, што людзі пазвальняюцца. Старшыні мяняюцца адзін за адным. Зараз трымаюцца за калгасныя хаты, таму працуюць за такія грошы і брудную працу. А гарачай вады няма! Кацёл стаіць 10-літровы, але ўзімку ўвесь ідзе на ацяпленьне і ваду. А катлы старыя, яшчэ з СССР…».

Карэспандэнт: «А жывёлу трымаеце?».

Удавенкі: «Так, кароў, сьвіней. Каровы на прывязі — выпасу няма. Людзі паздавалі ўжо кароў — на працы няма калі за імі ўходжвацца, пасьвіць. Сена даюць, камбікармоў — не, бо ў самых няма. Зерне не давалі ў мінулым годзе, бо дрэнны ўраджай. Раней быў адзін калгас, а цяпер мы ўтрох з Крупава, Дзітвой пад птушкафабрыкай. У Крупава хаты пад 90 мільёнаў, нам выходзіла б плаціць, калі прыватызаваць, па 700 тысяч у месяц…».

Спадарыня: «Даяркі да мільёна атрымліваюць, але па сёньняшніх коштах малавата — падыдзіце да іх, пагаварыце…».

Гэта я па грунтоўцы падыходжу да фэрмы, дзе за агароджай ляжаць каровы проста ў гнаі. У сваіх красоўках вымушаны праз плот выкрыкваць пытаньні даярцы Ірыне Забеле, якая працуе тут 20 год.


Забела: «У месяц кладуць 800, на 8 — на працу на першую дойку, на вячэрнюю — у 19. Чысьцім раз на тыдзень фэрму…».

Да нас сьпяшаецца загадчыца, спадарыня Марыя Васько.

Васько: «Кароў у нас 285, 5 даярак, 6 даглядчыкаў. Немагчыма працаваць з такімі закупачнымі цэнамі — я дома ў сябе кароўку трымаю. Дык па чым бяруць — 965 рублёў! У Далёкіх 20 кароў засталося, было каля 100. А жыве тут каля 300 чалавек без капеек! (Сьмех.) Вы прыехалі праз 6 год — ці зьмяніўся наш населены пункт? А называецца аграгарадок! Во падыходзіць заатэхнік — усё вам скажа…».

35-гадовы Валеры Дамарад глядзіць спачатку насьцярожана — кажа, што асабліва хваліцца не выпадае.

Дамарад: «Сёе-тое зрабілі на фэрме, заасфальтавалі, вуглы бэтонныя…».

Карэспандэнт: «Аграгарадок — найперш інфраструктура. А ў вас і платоў ня зробяць…».

Дамарад: «Я быў бы таксама ня супраць, каб мне паставілі…». (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Пайшоў бы на старшыню праўленьня?».

Дамарад: «Ня дай божа! (Сьмех.) Не пацягнуў бы — і не пры гэтай уладзе…».

У памянёных мужа і жонкі Ўдавенкаў запытаў пры канцы:

Карэспандэнт: «Як вы на будучыню вёскі гледзіце?».

Удавенкі: «Вёска добрая — горад блізка. Але праблема — школу закрылі, засталіся пачатковыя клясы, хоць ваявалі-ваявалі. Вучняў 50 было, але сказалі, што ёй за 200 год, „не падлягае рэстаўрацыі“. Сюды жыць з-за адсутнасьці школы не паедуць маладыя. 5 домікаў — а рамонт рабілі ўжо, развальваюцца таксама…».

Аднак літаральна за сотні мэтраў ад фэрмы ўбачыў зусім іншы малюнак. 6 год таму я ўжо сустракаўся з адзінымі ў Далёкіх фэрмэрамі — таксама мужам і жонкай Вячаславам і Тацьцянай Лукашэвічамі. Кідаць гаспадарку, якая стала ўласнай, не хацелі — маўляў, «калгаснае рабства абрыдла». Але й падаткамі ды адсутнасьцю тэхнікі іх заціскала. Цяпер вакол новай, пафарбаванай у сьветлыя колеры хаты — мноства парнікоў. І хоць гаспадароў не дачакаўся — былі ў ад’езьдзе — іх замяніў 16-гадовы жыцьцярадасны нашчадак Жэня.

Карэспандэнт: «Было 96 га зямлі, 60 зь іх у дрыгве…».

Жэня: «Усё тое ж самае. Сажалку зрабілі, запусьцім карасёў. Зараз хочам узяць фэрму ў пажыцьцёвую арэнду на агароднінасховішча. У парніках вырошчваем памідоры, гуркі — чакаем каля 10 тон, у дзень зьбіраем да 500 кг. Я зараз вучуся ў аграрным каледжы — скончу, хочам разьвесьці авечак. У Беларусі на іх толькі 2 гаспадаркі спэцыялізаваныя. Ёсьць бульбы на 15 га…».

Карэспандэнт: «Ты, можа, ці не адзіны малады, якому Далёкія сталі блізкімі?».

Жэня: «Канечне, буду працягваць працаваць і жыць…». (Сьмяецца.)

У Далёкія са мной прыехаў зь Ліды пасьля апошняй акцыі «рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», якая сабрала, дарэчы, за сотню ўдзельнікаў, сябра «Моладзі БНФ» Сяржук Сідарэнка. Ён неўзабаве далучыўся да мяне і патлумачыў мэту сваёй вандроўкі.

Сідарэнка: «Пасьля флэшмобаў зьявіліся сябры, у тым ліку з Далёкіх. Прыехаў паглядзець і таму, што Лукашэнка сказаў, што шмат грошай у сельскую гаспадарку ўклаў…».

Карэспандэнт: «Падобна, што прыехаў у аграгарадок?».

Сідарэнка: «Гэта яшчэ БССР — як спалі каровы ў фэкаліях, так і сьпяць. Бруд вакол, нават на цэнтральных вуліцах няма асфальту. А ўзровень жыцьця — стрэхі цякуць, гарачай вады няма, трэшчыны вакол — хто захоча працаваць па калені ў брудзе?».

Карэспандэнт: «Таму і маршрутак няма. Дык колькі працэнтаў на адмоўныя эмоцыі ў Далёкіх дасі?».

Сідарэнка: «Пад 80. А на 20 застаецца фэрмэр пад дахоўкай эўрапейскай. І сам жыве няблага — вялікія парнікі, і нашчадак Жэня, які зьбіраецца ўсё працягваць…».

Фота Уладзіміра Круцікава


Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG