Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скарга БНФ дайшла да Вышэйшага гаспадарчага суду


Сядзіба БНФ у Менску

Сядзіба БНФ у Менску

Кіраўніцтва Партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» зьвярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі з касацыйнай скаргай. Яно просіць адмяніць рашэньне ніжэйшых судовых інстанцыяў аб высяленьні фронтаўцаў зь сядзібы на праспэкце Машэрава.

Бел-чырвона-белы сьцяг па ранейшаму вісіць на цэнтральнай сядзібе БНФ, што на праспэкце Машэрава, 8. Кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч кажа, што ў пятніцу, 15 ліпеня, фронтаўцы спрабавалі даведацца, калі Вышэйшы гаспадарчы суд плянуе разгледзець іх справу:

«Мы тэлефанавалі ў канцылярыю, спрабавалі даведацца. Але там кажуць, што трэба ведаць нумар справы. А нумар прысвойваюць жа яны самі, у судзе. Таму нам застаецца толькі чакаць, калі афіцыйна нам дашлюць адказ з Вышэйшага гаспадарчага суду.

Тое, што ВГС атрымаў нашу касацыйную скаргу, мы ведаем. Паведамленьні пра гэта да нас дайшлі. Яна дакладна ў іх, але дэталяў пакуль невядома».

Аляксей Янукевіч
Паводле Аляксея Янукевіча, пакуль няма ніякай інфармацыі і ад судовых выканаўцаў. 7 ліпеня БНФ атрымаў ад іх ліст. Яны патрабавалі цягам тыдня з моманту атрыманьня ліста вызваліць памяшканьне. Але ім паведамілі, што пададзеная скарга ў ВГС, у якой БНФ просіць таксама спыніць працэс высяленьня да разгляду сваёй скаргі. Магчыма, з-за гэтага судовыя выканаўцы і не прыходзяць, выказвае сваю думку Аляксей Янукевіч.

А маўчаньне судовых выканаўцаў ён тлумачыць так:

«Фармальна яны і не павінны рэагаваць. Мы проста паінфармавалі іх».

Цяперашні кіраўнік Партыі БНФ кажа, што падлічыць, колькі грошай заплаціў Фронт дзяржаве за 20 гадоў арэнды, сёньня практычна немагчыма. Ішлі гады, зьмяняўся курс, зьмяняліся расцэнкі. Не далі такой інфармацыі «Свабодзе» і ў ЖРЭА Савецкага раёну. Адзінае, што там паведамілі, — апошнім часам арандатары плацяць 8 з гакам мільёнаў рублёў за месяц.
Мы самі з офісу не сыходзім і з офісам не разьвітваемся.

Я спытаў Аляксея Янукевіча, ці будзе БНФ рабіць нейкую працэдуру разьвітаньня з офісам, калі ўлады ўсё ж выціснуць фронтаўцаў са славутага будынка:

«Такая прапанова абмяркоўвалася, але ўсё ж была адкінутая з двух асноўных меркаваньняў. Першае — мы прынялі цьвёрдае рашэньне, што мы самі з офісу не сыходзім і з офісам не разьвітваемся. Калі гэта будзе ў выніку нейкіх дзеяньняў уладаў, то вельмі верагодна, што ўлады не дадуць нам магчымасьці належным чынам разьвітацца.

І другое — у любым выпадку мы настроеныя на тое, што мы не зьяжджаем адсюль незваротна».

Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала больш за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка 2011 году. Актывісты БНФ адмаўляюцца вызваляць памяшканьне і спрабуюць захаваць яго за сабой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG