Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падыходы ўраду і апазыцыі да прыватызацыі прынцыпова розныя


Леў Марголін

Леў Марголін

Беларускі ўрад вуснамі свайго кіраўніка Міхаіла Мясьніковіча заявіў пра намер прыватызаваць шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Пра неабходнасьць прыватызацыі гаворыцца і ў праграме, якую падрыхтавалі экспэрты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Наколькі супадаюць падыходы да гэтай праблемы ўрадавых і апазыцыйных спэцыялістаў у галіне эканомікі?

Мой суразмоўца, эканаміст Леанід Марголін — адзін з асноўных распрацоўшчыкаў Антыкрызіснай плятформы АГП. Ён адзначае: трэба казаць ня проста пра розныя падыходы да прыватызацыі, а пра прынцыпова рознае стаўленьне да яе ўраду і апазыцыі:

«У нас прыватызацыя — толькі асобная частка ўсёй Антыкрызіснай плятформы. Калі ж вырваць прыватызацыю з агульнага эканамічнага кантэксту і правесьці яе так, як плянуе ўрад, то гэта тое ж самае, як калісьці трапна сказалі, што паліць печ асыгнацыямі. Гэта азначае, што грошы ад прыватызацыі пойдуць на бягучыя патрэбы. І іх хопіць, у залежнасьці ад таго, колькі іх атрымаюць, на паўгода, на год, максымум на два гады. У выніку мы застанемся пры той жа самай эканоміцы. Але ўжо — без капіталу».

Карэспандэнт: «А як вы разглядаеце прыватызацыю?».

«Перш за ўсё неабходна правесьці рэформы і стварыць такія ўмовы, каб мы сталі прывабнымі для замежнага капіталу, найперш капіталу з самымі сучаснымі тэхналёгіямі. І тады прыватызацыя ня будзе патрэбная толькі для таго, каб праядаць атрыманыя грошы. А стане патрэбная, каб унесьці ўнёсак у капітал будучых пакаленьняў.
Мы прапануем палову грошай ад кошту прададзеных прадпрыемстваў укладаць у пэнсійны фонд.

Таму мы прапануем палову грошай ад кошту прададзеных прадпрыемстваў укладаць у пэнсійны фонд. Каб мы не баяліся, што праз 5–10 гадоў там скончацца грошы. Частку грошай у гэтым фондзе капіталізаваць і карыстацца толькі дывідэндамі, якія будуць прыходзіць».

Карэспандэнт: «І ўрад, і вы прадалі, напрыклад, „Беларуськалій“, які лічыцца самым дарагім беларукім прадпрыемствам — парадку 30 мільярдаў даляраў. І што было б рознага пры такім продажы?».

«Ваш прыклад няўдалы. Тут якраз велізарнае адрозьненьне. Мы прынцыпова выступаем за тое, што прадаваць „Беларуськалій“ наагул нельга. Бо гэта ня тое прадпрыемства, куды прыйдуць сучасныя тэхналёгіі. Яно працуе на карысных выкапнях, якія дадзеныя нам Богам. І таму гэты камбінат павінен заставацца ў руках дзяржавы.

А вось калі замест камбінату ўзяць МАЗ, то яго неабходна прыватызаваць. Інакш праз два-тры гады ён адыдзе ўбок ад магістральных працэсаў. І мы з падобнымі прадпрыемствамі ператворымся ў тыповую краіну трэцяга сьвету».

Карэспандэнт: «А ці ёсьць іншыя прадпрыемствы, на якія трэба накласьці табу ад прыватызацыі? Бо ў шмат якіх эканамічна разьвітых краінах і такія заводы і фабрыкі дзяржава аддае ў прыватныя рукі».

«Гэта ўсё тычыцца прадпрыемстваў, якія працуюць з карыснымі выкапнямі. Гэта кшталту „Даламіту“ ў Віцебску, вытворчасьці ў Мікашэвічах... Іх ня так шмат.

Некалі іх таксама, можа, будзе патрэбна прыватызаваць. Тады, калі ў нас складзецца свой, беларускі ўласьнік, калі павялічыцца сярэдні кляс. Тады, калі гэта можна будзе зрабіць з карысьцю для ўсяго народу».

Карэспандэнт: «Спадар Марголін, людзям, якія працуюць на прадпрыемствах, улады ўвесь час убівалі ў галаву, што прыватызацыя — гэта гора. Прыйдзе алігарх, скароціць значную частку працоўных, выкіне іх на вуліцу. Ці ня будзе так, што супраць прыватызацыі (хто б яе ні праводзіў) выступяць самі працоўныя?».

«Людзей трэба супакоіць. Вядома, мы ня можам навязваць інвэстару, уласьніку, колькі людзей трымаць на прадпрыемстве. Але вось тут і павінна праявіцца роля дзяржавы. Яна павінна забясьпечыць людзей, якія будуць вызваляцца, працай. Калі камусьці застаецца два-тры гады да пэнсіі, то трэба выпраўляць на пэнсію. Кагосьці спатрэбіцца перавучваць за кошт дзяржавы. Неабходна ствараць умовы, каб яны маглі зь сем’ямі пераяжджаць у іншае месца.
Звольненаму з працы неабходна, як мінімум, паўгода захоўваць яго сярэдні заробак.

І самае галоўнае — дапамога па беспрацоўі не павінна быць такой малой, як цяпер. Звольненаму з працы неабходна, як мінімум, паўгода захоўваць яго сярэдні заробак. І тады ён ня будзе так баяцца. А адначасова добрыя спэцыялісты будуць ведаць, што тады яны будуць зарабляць ня столькі, як цяпер — а так, як іх калегі зарабляюць у суседніх краінах».

Карэспандэнт: «Выступленьне Мясьніковіча расейскія журналісты расцанілі так, што менавіта для расейскага капіталу адчыняюцца дзьверы ў Беларусі. А з пункту гледжаньня экспэртаў АГП — ці трэба камусьці даваць падобныя прывілеі?».

«Безумоўна, ніякіх штучных пераваг нікому даваць ня трэба. Іншая рэч, што ёсьць прадпрыемствы, найперш нафтаперапрацоўкі, якія будуць цікавыя, бадай, толькі расейцам. Мы ведаем літоўскі прыклад, калі там аналягічнае прадпрыемства прадалі палякам. А пасьля палякі ня ведалі, што зь ім рабіць».
XS
SM
MD
LG