Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прапануе паскорыць пераход да адзінага абменнага курсу


Міжнародны валютны фонд лічыць, што Беларусь можа выйсьці на сфармаваны на рынкавых прынцыпах адзіны курс беларускага рубля ў самы бліжэйшы час, і прапануе беларускім уладам вярнуцца да разгляду гэтага пытаньня.

"Сытуацыя на валютным рынку выклікае ў нас заклапочанасьць. Мы лічым, што ўніфікацыя валютнага курсу і яго гнуткасьць могуць быць забясьпечаныя ў самы бліжэйшы час і без наступстваў для эканомікі", — заявіла сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна на пасяджэньні Рэспубліканскага клюбу дырэктараў у Менску, перадае Інтэрфакс.

Яна адзначыла, што ўніфікацыя курсу павінна адбывацца з выкарыстаньнем рынкавых мэханізмаў, за кошт балянсу паміж попытам і прапановай. Калядзіна ня выключыла, што магчыма выкарыстаньне мэханізму арганізацыі дадатковай біржавай сэсіі, але ён ня зможа доўга дзейнічаць.

"Калі курс будзе адпушчаны і рынку будзе дадзена права яго фармаваць, напачатку курс аслабне — да той адзнакі, калі зьявіцца прапанова. Але ахвотных набыць будзе нямнога, і такім чынам адбудзецца паступовае ўмацаваньне валютнага курсу рубля, за кошт балянсу паміж попытам і прапановай", — сказала Калядзіна.

Яна таксама адзначыла, што ўніфікацыя курсу беларускага рубля — не панацэя. Каб выйсьці з крызісу, у Беларусі трэба адначасова рэалізаваць цэлы пакет макраэканамічных захадаў.

Паводле Калядзінай, сёньня ніхто ня ведае рэальнага курсу беларускага рубля. Аднак у МВФ перакананыя, што некаторыя паслабленьні валютнага курсу ў выніку ўніфікацыі не прывядуць да рэцэсіі ў беларускай эканоміцы.

Таксама Міжнародны валютны фонд лічыць, што беларускім уладам, каб стабілізаваць сытуацыю ў эканоміцы, варта ўзмацніць жорсткасьць макраэканамічнай палітыкі, збалянсаваць бюджэт 2011 году і спыніць неабгрунтаванае павышэньне заработнай платы, заявіла Натальля Калядзіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG