Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Наваполацкім гарадзкім судзе другі дзень запар судзяць удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту 13 ліпеня. Трое атрымалі штрафы, адзін — судовае папярэджаньне.

Штраф за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымаў актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алег Крайко, якога затрымалі 13 ліпеня на плошчы Будаўнікоў у Наваполацку:

"Маёр Юры Курдыка падазваў мяне, маўляў, хадзем пагаворым… Селі ў машыну — звычайная "іншамарка", не міліцэйская… І прывезьлі ў пастарунак, склалі пратакол".

Алега Крайко аштрафавалі на дзьве базавыя велічыні, што складае 70 тысяч рублёў. Такі самы штраф атрымаў Канстанцін Лукаш. Сяргею Шорыну абвясьцілі папярэджаньне. Аляксандар Сухапараў аштрафаваны на 10 базавых велічынь. Дарэчы, ён быў адзіны, хто прывёў на працэс сьведку, спрабуючы давесьці сваю невінаватасьць.

На ўчорашнія суды над удзельнікамі акцыі маўклівага пратэсту сьведак не дапускалі ўвогуле. А штрафы былі большыя: старшыню наваполацкай рады Партыі БНФ Аляксея Трубкіна аштрафавалі на 700 тысяч рублёў, такі самы штраф атрымаў Аляксандар Грудніцкі, якога забралі з плошчы Будаўнікоў і прывезьлі ў пастарунак разам з шасьцігадовым сынам — дзіцё потым перадалі маці, а спадара Грудніцкага накіравалі на ноч у ізалятар часовага ўтрыманьня. На 350 тысяч рублёў быў аштрафаваны актывіст Яўген Канстанцінаў і яшчэ адзін затрыманы на плошчы — па прозьвішчы Варганаў.

Наваполацкія актывісты спрабуюць удакладніць асабістыя дадзеныя затрыманых удзельнікаў акцыі — на той выпадак, калі апошнім спатрэбіцца прававая дапамога.

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня "Свабодны рэгіён" Віктар Калесьнік і Аляксандар Калінцаў спрабавалі трапіць у суд, але іх машыну затрымалі супрацоўнікі ДАІ і загадалі ехаць у гарадзкі аддзел міліцыі. У пастарунку абодвух апыталі пра акцыі, якія ладзяцца па серадах: патрабавалі назваць арганізатараў або знаёмых, якія ходзяць на плошчу.

На акцыі маўклівага пратэсту ў Наваполацку выходзіць шмат звычайных людзей, не заангажаваных ні ў якія палітычныя структуры. Пераважна гэта працаўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў "Нафтан" і "Палімір". Прадстаўнікі адміністрацый гэтых прадпрыемстваў знарок прыходзяць на акцыі, каб адсачыць "сваіх", а таксама праглядаюць апэратыўныя відэазапісы, зробленыя міліцыянтамі.

Намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы Сяргей Брыкун сёньня склікаў на "Паліміры" адмысловую нараду для майстроў цэхаў — каб тыя праводзілі з рабочымі папераджальныя прафіляктычныя гутаркі пра недапушчальнасьць удзелу ў штосерадовых акцыях.

Студэнту Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ўсеваладу Жураўлёву пагражаюць адлічэньнем з вучобы: яму прысуджаны штраф за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 6 ліпеня, і яшчэ адзін пратакол міліцыянты склалі на хлопца за ўдзел у папярэдняй акцыі, 3 ліпеня:

прарэктар яму паведаміў, што "Жураўлёў зь першага верасьня ў нас вучыцца ня будзе" ...

"Мне патэлефанаваў мой сябар, аднагрупнік, які быў у прарэктара. І прарэктар яму паведаміў, што "Жураўлёў зь першага верасьня ў нас вучыцца ня будзе". З чаго гэта раптам, на якой падставе? Ніякіх падставаў для адлічэньня няма, я добра вучуся — 8,5 сярэдні бал".

Спадару Жураўлёву стала вядома, што пагроза адлічэньня паўстала зь іншай прычыны: яму абвясьцілі вымову за паводзіны — як асуджанаму па адміністрацыйнай справе. Вымову абвясьцілі і ягонаму "нядобранадзейнаму" сябру Зьмітру Баталаву: міліцыянты прыходзілі да хлопца, каб таксама скласьці пратакол за ўдзел у акцыі 3 ліпеня, але той ня стаў зь імі размаўляць без афіцыйнай позвы ў пастарунак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG