Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя зьвярнулася. Генпракуратура адрэагавала?


Па дараозе ў Генпракуратуру
Па дараозе ў Генпракуратуру
Апазыцыйныя палітыкі сёньня занесьлі пісьмовыя звароты да генпракурора Беларусі, старшыні Вярхоўнага суду і старшыні Канстытуцыйнага суду. Палітыкі заявілі аб "прававым бязьмежжы" і зьвярнуліся да найвышэйшых чыноўнікаў з прапановай правесьці сустрэчу, каб абмеркаваць сытуацыю і шляхі выхаду зь яе.

"Склалася заганная практыка, калі Канстытуцыя ператварылася ў фармальную паперку, якая ня мае юрыдычнай сілы для выканаўчай і судовай улады. Дэвальвацыя Асноўнага закону прывяла да прававога бязьмежжа ў краіне", — сказана ў звароце, які падпісалі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч. Палітыкі зьвярнуліся да найвышэйшых чыноўнікаў з прапановай правесьці сустрэчу, каб абмеркаваць "татальныя парушэньні правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь".

Спачатку падпісанты прыйшлі ў прыёмную Генэральнай пракуратуры, дзе заявілі пра намер сустрэцца з Генэральным пракурорам. Дзяжурны пракурор прыняў іхні зварот і паведаміў, што абавязкова перадасьць у адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзянаў. На заўвагу палітыкаў, што тут справа надзвычайнай важнасьці, пракурор сказаў, што ўсё разумее і абавязкова ўлічыць пажаданьне заяўнікаў паскорыць гэты працэс. У Канстытуцыйным судзе зварот таксама прынялі без пытаньняў і паабяцалі разглядзець як мага хутчэй. У Вярхоўным судзе давялося пачакаць хвілін дзесяць, пасьля чаго Анатоль Лябедзька перадаў ліст аднаму з намесьнікаў старшыні Вярхоўнага суду.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, адказваючы на пытаньне, ці бачыць ён сэнс у гэтым звароце, сказаў:

зварот да тэмы поўнага беззаконьня будзе прымушаць да рэакцыі тых прадстаўнікоў улады, якія абавязаныя рэагаваць ...

"Безумоўна, палітычны сэнс у гэтым звароце ёсьць. Я не разьлічваю, што адразу адбудуцца нейкія кардынальныя зьмены да лепшага. Аднак зварот да тэмы поўнага беззаконьня, якое адбываецца ў краіне і якое выяўлялася падчас гэтых маўклівых акцыяў, будзе прымушаць да рэакцыі тых прадстаўнікоў улады, якія абавязаныя рэагаваць.

Апроч гэтага, я думаю, што ў такой сытуацыі ўлада вымушаная будзе зрабіць невялікія крокі назад, не кардынальныя, паўтаруся. Паколькі грамадзкі рэзананс будзе ўзмоцнены нашым зваротам, я думаю, што ўлады зробяць нейкі запыт ці ўказаньне міліцыі, што, можа, неяк паўплывае. І нават невялікія крокі могуць быць вялікім плюсам у сёньняшняй сытуацыі".

Ужо пасьля таго як апазыцыйныя палітыкі аднесьлі свой зварот, стала вядома, што генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч накіраваў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову ліст, у якім нагадаў аб правах журналістаў, якія парушаліся падчас акцыяў маўклівага пратэсту. Па фактах затрыманьняў журналістаў падчас гэтых акцыяў Генпракуратура будзе праводзіць праверку.

Пісьмовы зварот занесьлі старшыні Вярхоўнага суду

Па дарозе ў Канстытуцыйны суд
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG