Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Едзем сябра з турмы сустракаць”, – кажа брат. Кажа, як нешта звыклае, звычайнае, як сустрэць сябра зь цягніка пасьля доўгай дарогі.

Хлопец сядзеў упершыню ў жыцьці. Сядзеў за 3 ліпеня, за тое, што нават не пасьпеў папляскаць у ладкі. Спачатку сядзеў на Акрэсьціна, а потым напярэдадні чарговай серады яго перавялі ў жодзінскую турму. Праўдападобна, каб вызваліць акрэсьцінскія камэры для новых сядзельцаў “серады”.

Гісторыя, падаецца, нічым не адметная. Для апазыцыйных актывістаў мінулых гадоў дык увогуле стандартная. Каб сябры не сустрэлі, турэмшчыкі вызваляюць вязьняў на гадзіну-другую раней і вывозяць чым далей ад турмы. Так і тут, вывезьлі вязьняў у нейкі пасёлак Акцябарскі, вось і шукайце цяпер сваіх сяброў без мабільнікаў па ўсім Смалявіцкім раёне. “Гэта ж ня мы ад іх, а яны ад нас бягуць”, – жартуе брат, усё ж знайшоўшы сябра. Сустракалі яго шампанскім і воплескамі.

З усёй гэтай гісторыі новай для мяне была яе танальнасьць. Аказалася, што гэта звычайная рэч – сустрэць сябра з турмы. Хаця б і пасьля 10 сутак арышту. І кормяць, аказваецца, у жодзінскай турме нядрэнна, нават макарону па-флёцку давалі. На Акрэсьціна, праўда, было горш зь ежай, за якую арыштанты плацяць, дарэчы. І ахоўнікі ўсё разумелі, нармальна ставіліся. Турма як турма, кожны можа сесьці, і кожны можа на наступным тыдні сябра сустракаць.

І што такое гэтыя дзесяць сутак? Нядаўна трыццаць чалавек на 3, 4, 6 гадоў пасадзілі. Так дзесяць сутак на гэтым фоне зусім ужо ня подзьвіг, падаецца. Так паціху і прызвычайваемся, што побач амаль кожны спазнаў ці спазнае, што такое турма. Як за сталінскім часам, калі амаль у кожнай сям’і былі рэпрэсаваныя.

Добра гэта ці дрэнна для ўладаў, што людзі звыкаюцца з тым, што ў турму можа кожны трапіць і сьціраецца вострае адчуваньне гэтага ненармальнага пераходу з волі за краты, я ня ведаю. Ці апраўдаецца разьлік на тое, каб запалохаць людзей турмой, каб не высоўваліся, я таксама ня ведаю. Бачу толькі, што турма становіцца нечым звычайным, а нечага звычайнага не баяцца.

Гэта што тычыцца патэнцыйных нявольнікаў. А што да тых, хто іх за краты адпраўляе…

У Гарадзішчы суседка маіх бацькоў па лецішчы – судзьдзя Валевіч, ці былая судзьдзя Валевіч. Менавіта яна прысуджала астранамічныя штрафы “Народнай волі” паводле пазову Гайдукевіча, і гэтыя штрафы пазьней газэце дапамаглі сплаціць чытачы. Менавіта яна пасьля Плошчы-2006 дзясяткамі адпраўляла людзей за краты, і яе імя было ў сьпісе тых асобаў, якім забаранілі ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

Памятаю, як людзі на лецішчы перасталі вітацца зь ёй, скончыліся запрашэньні ў лазьню да суседзяў, яна фактычна схавалася ад людзей за высокім плотам. Яна ні з кім не кантактуе. Суседзі кажуць, што судзейскай мантыі пазбавілі, што са здароўем праблемы, і яшчэ шмат чаго нагаворваюць, што не хацелася б агучваць. Суседзі яны на тое і суседзі, каб абмяркоўваць і пляткарыць…

Але я не пра гэта. Хлопец, якога ўрачыста сустракалі з турмы шампанскім у пасёлку Акцябарскі, можа з гонарам расказаць сваім дзецям пра тое, як сядзеў у турме за тое, каб краіна была свабоднай. А пра што расказвае ці раскажа дзецям судзьдзя Валевіч?
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG