Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя нечаканыя сакрэты — тыя, што раскрывае перад табой твой горад, дзе ўсё збольшага, здаецца, табе вядома. Бадай што так. Ты ў яго сьценах 27 гадоў, ты любіш бываць на дзядзінцы Старога замку, тваё ўлюбёнае месца. Табе вядома, што ў дашчанай спарудзе — рэшткі старой пабудовы і не абы-якой —царквы, якую называюць Ніжняй — аднаго з твораў старой гарадзенскай школы дойлідзтва. Але спаруда заўжды на замку, а ты ня скеміў пашукаць ключ. Усё здарылася выпадкова: убачыць і ўразіцца, чакаць давялося доўга, але ўсё ж вы сустрэліся…

Адна Каложа
поглядам адкрытая,
там моляцца,
там шлюб бяруць
і сьвечку запаліць за продкаў можна.

Другая,
няцяжка здаўмецца,
схаваная ад вачэй.
Ты можаш нарадзіцца
і пражыць жыцьцё
у месьце Губэрта сьвятога
і несьвядомым быць,
што дзьве Каложы,
не адна,
Гародні сын.

Ня бачыць Бог царквы.
бо шэры шыфэр — дах яе
сягоньня.
Не зразумець —
хаваюць ад вачэй
з-за кошту незвычайнага
пэрліны дойлідзтва
ці, можа, сьціпласьць
сарамяжна змагчы
ня ў стане?

Сарай дашчаны, шэры дах,
дзьвярэй някідкі выгляд,
як быццам унутры прылады працы,
для рамонту рэчы,
а таксама
кавалкі статуй,
камяні часоў паганства,
музэйныя,
як разумеем,
лішкі.

Але аднойчы
разамкнёны дзьверы,
турыстычны тлум
і такса за ўваход —
рубель, як прастамоўна
тышчу называюць
як малаварты грош.

І ты трапляеш
у сьвет іншы вобмегам.
Прыступкі ўніз
дашчаныя, увага! —
тут прагінаюцца,
ступайце асьцярожна.
Зважаць — што пад нагамі —
неабходна, хоць вочы
не даюць чакаць.

Твае у падсьвядомасьці
ўзарваны зьвесткі
што знойдзены калісьці
царкоўныя падмуркі,
старыя вельмі,
але істотныя ня дужа,
як бывае часта
з раскапанымі на глыбіні,
разбураны што і забыты,
пахаваныя на дне вякоў.

Так, на некалькі іх мэтраў
засыпала і утаптала часам,
і адкрыцьцё тваё у тым,
што не падмуркі толькі
ўдоле — сьцены, сьцены Каложы!
Яе, Каложы нашай знанай
у цэглы тонкай — плінфы стосы
умураваны камяні важкія,
адшліфаваны часам і рукою
прашчура.

У немым стане ты:
па прыступках удол
крок па кроку —
спускаесься ніжэй,
у спод гісторыі
ці, адваротна, —
апынаесься вышэй —
ля вытокаў,
побач сьцен, што
збудаваны яшчэ толькі
напалову?
Бяз даху над галовамі,
бяз крыжа, які ўжо гатовы,
але чакае часу…

Я дакрануўся да чорнага каменя, як імкнуся заўжды прыкласьці далоні да камянёў Каложы. Даглядчыца зьверху выказала незадавальненьне.
Але ты гэта зрабіў: адчуў прахалоду старых муроў, якім, але ж! — амаль дзевяцьсот год.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG