Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор напісаў ліст пра журналістаў міністру ўнутраных спраў


Рыгор Васілевіч

Рыгор Васілевіч

Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч накіраваў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову ліст, у якім нагадаў аб правах журналістаў.

Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Ліст накіраваны "ў мэтах няўхільнага выкананьня заканадаўства аб грамадзкай бясьпецы, а таксама недапушчэньня парушэньняў закону "Аб сродках масавай інфармацыі", які прадугледжвае недапушчальнасьць незаконнага абмежаваньня свабоды масавай інфармацыі".

У лісьце адзначана, што правы і абавязкі журналістаў вызначаныя законам "Аб сродках масавай інфармацыі". Згодна зь ім журналіст "мае права ў парадку, вызначаным заканадаўствам, прысутнічаць па заданьні рэдакцыі на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю".

Паводле генпракурора, журналіст абавязаны выконваць патрабаваньні заканадаўства, паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы фізычных і юрыдычных асоб, прад'яўляць службовае пасьведчаньне. Замежныя журналісты могуць ажыцьцяўляць дзейнасьць толькі пры наяўнасьці акрэдытацыі ў Беларусі.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў у адпаведнасьці з законам "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь" надзеленыя паўнамоцтвамі па часовым абмежаваньні або забароне доступу грамадзян на асобныя ўчасткі мясцовасьці і аб'екты, а таксама маюць права абавязаць пакінуць пэўныя месцы для гарантаваньня асабістай і грамадзкай бясьпекі. Названыя паўнамоцтвы могуць быць рэалізаваныя і ў дачыненьні да прадстаўнікоў СМІ.

"Нароўні з гэтым варта ўлічваць, што дзейнасьць журналістаў пры зборы і перадачы інфармацыі носіць прафэсійны характар і грунтуецца на нормах заканадаўства. У сувязі з гэтым неабходна забясьпечыць выкананьне заканадаўства такім чынам, каб і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і журналісты маглі выконваць ускладзеныя на іх абавязкі і рэалізоўваць свае правы, замацаваныя ў згаданых законах", — піша генпракурор міністру ўнутраных спраў.

У Генэральнай пракуратуры знаходзіцца на разглядзе калектыўная заява ад 13 ліпеня, пададзеная журналістамі шэрагу выданьняў. У ёй ідзе гаворка пра неабгрунтаваныя затрыманьні карэспандэнтаў пры правядзеньні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, выманьне ў іх фота-, відэаматэрыялаў і прафэсійнай тэхнікі. У інтэрнэце атрымалі шырокі распаўсюд публікацыі аналягічнага зьместу. З улікам гэтага звароту адносна прыцягненьня журналістаў да адміністрацыйнай адказнасьці дадзена даручэньне правесьці адпаведную праверку.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, ад пачатку правядзеньня "маўклівых" акцый пратэсту ў Менску і рэгіёнах пад затрыманьні падпалі 88 рэпартэраў.
XS
SM
MD
LG