Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго не хапае «фэйсбук-рэвалюцыі»


Пра перавагі і недахопы ўжываньня сацыяльных сетак з мэтай зьмены палітычнай сытуацыі ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў піша ў рэдакцыйнай калёнцы газэты The New York Times Тына Розэнбэрг.

Прапануем вам пераклад артыкулу.


Адна з найвялікшых перашкодаў пры ўжываньні сацыяльных мэдыяў для палітычных пераменаў палягае ў тым, што патрэбныя блізкія асабістыя сувязі, каб заахвоціць людзей да дзеяньня — асабліва калі такое дзеяньне зьвязанае зь цяжкасьцямі і рызыкай.

Вось чаму я так скептычна стаўлюся да такой часта дыскутаванай зьявы, як «фэйсбук-рэвалюцыя». Гэтым тэрмінам умоўна называюць выкарыстаньне дыгітальных тэхналёгіяў для арганізацыі імклівых сацыяльных пераменаў у рэпрэсіўных грамадзтвах. Сама ідэя прыцягвае да сябе надзвычайную ўвагу. Некаторыя людзі на Захадзе пачалі называць паўстаньне ў Іране ў 2009 годзе «твітэр-рэвалюцыяй». Сотні тысячаў маладых дэмакратычных актывістаў у Эгіпце, як мяркуецца, арганізавалі свой пратэст праз Фэйсбук.

Пакуль што ідэя фэйсбук-рэвалюцыі застаецца добрым прыкладам беспадстаўных летуценьняў жыхароў інтэрнэту. У рэальным жыцьці існаваньне гэтай зьявы не пацьвярджаецца. Ужываньне Твітэру ў Іране было значна перабольшанае, прычым паведамленьні, што прыцягнулі ўвагу замежнікаў, былі на ангельскай мове. У Эгіпце абвешчаны на Фэйсбуку агульнанацыянальны страйк 6 красавіка 2008 году (адсюль назва моладзевага Руху 6 красавіка) закончыўся правалам — гэтая акцыя была дэзарганізаваная, няўпэўненая што да тактыкі, і была хутка здушаная, як толькі выйшла з інтэрнэту на вуліцы.

Гэта ня значыць, што інтэрнэт-камунікацыя не карысная. Карысная, але яе выкарыстаньне абмежаванае. Я згаджаюся з Срджам Попавічам, выканаўчым дырэктарам CANVAS — арганізацыі зь сядзібай у Бялградзе, чые актывісты езьдзяць па сьвеце і навучаюць дэмакратычныя рухі прыёмам негвалтоўнай барацьбы. Іх ідэі базуюцца на пасьпяховым досьведзе студэнцкага руху «Отпор!», які ў канцы 90-х спрычыніўся да адхіленьня ад улады Слобадана Мілошавіча.

Паводле Попавіча, ёсьць тры спосабы выкарыстаньня сацыяльных мэдыяў: гэта эфэктыўны і танны спосаб перадачы паплечнікам інфармацыі — значна лепшы за расклейваньне абвестак. Гэта магчымасьць павысіць матывацыю ўдзельнікаў паведамленьнем пра іх вялікую колькасьць — тыя, хто ведае, што іх дэмакратычная група на Фэйсбуку мае 70000 удзельнікаў, будуць больш сьмелыя і заахвочаныя, чым людзі, якія ня ведаюць, што іх вельмі шмат. Урэшце, гэта дзейсны спосаб перадачы досьведу інфармацыі; напрыклад, арабскі пераклад падрыхтаванага CANVAS падручніка мэтадаў негвалтоўнай барацьбы ад лютага быў спампаваны 15000 разоў.

Аднак дагэтуль сацыяльныя мэдыі пакуль што не апраўдваюць экстравагантных прэтэнзіяў сваіх прыхільнікаў. Каб людзі мелі сьмеласьць і рашучасьць выйсьці насустрач небясьпецы, ім трэба адчуваць, што вакол іх — сапраўдныя сябры. Яны будуць мець дастатковую матывацыю, каб не баяцца арышту, зьбіцьця, сьлезацечных газаў або чаго горшага, толькі тады, калі побач зь імі будуць блізкія ім людзі.

Вайскоўцы заўсёды ведалі, што згуртаванасьць вайсковай адзінкі — найлепшая зарука матывацыі салдатаў. Нашто салдату — які можа ня верыць або нават да канца не разумець, за што ён ваюе — вылазіць зь бясьпечнага акопу і падстаўляць галаву пад кулі? Але ён зробіць гэта дзеля іншых салдатаў ягонага акопу, якіх вайна зрабіла ягонымі баявымі сябрамі.

І вось тут можа быць дарэчным фрэнд-фактар, які, напрыклад, істотна дапамог у змаганьні за аднаполыя шлюбы ў штаце Нью Ёрк. Фрэнд-фактар камбінуе сацыяльныя мэдыі з рэальным сяброўствам у справе матывацыі людзей да актыўнасьці. Замест атрыманьня імэйлу ад безасабовай групы з заклікам падтрымаць нейкія палітычныя акцыі, вы атрымліваеце паведамленьне ад блізкага сябра або сямейніка, які просіць вас дапамагчы дамагчыся сваіх поўных правоў.

Магчыма такая мадэль магла б зрабіць фэйсбук-рэвалюцыі рэальнымі. Я ўяўляю сабе групу маладых людзей, якія праз сацыяльныя сеткі запрашаюць сяброў да ўдзелу ў невялікіх пратэстах: далучыся да кампаніі графіці, паўдзельнічай у вулічным тэатры. І такі заклік — зрабі гэта дзеля мяне — будзе больш дзейсны, калі паходзіць ад некага, хто адчуў на сабе рэпрэсіі рэпрэсіўных уладаў.

Аднак кола такіх сытуацыяў вельмі абмежаванае. Звычайна ў людзей няма тысячы рэальных сяброў, таму такія кантакты могуць мабілізаваць удзельнікаў толькі на малыя акцыі.

Аднак у негвалтоўнай рэвалюцыі прынцып «прыгажосьць у малым» не спрацоўвае. Нельга дасягнуць зьменаў у палітычнай сыстэме праз негвалтоўныя акцыі, калі ня ўдасца пераканаць дыктатара — або, што яшчэ важней, пераканаць колы, якія стаяць за дыктатарам — што на вашым баку бальшыня.

Так што ў сытуацыі з сацыяльнымі сеткамі заўсёды ёсьць гэтая праблема: празь іх добра рабіць якраз тое, што не прыносіць шмат карысьці ў рызыкоўных сытуацыях. Можна матываваць людзей праз рэальных сяброў — але тады згубіцца кампанэнт масавасьці, які дае дзякуючы «фрэнд-фактару» дае перавагу сацыяльным сеткам. Выглядае, што праз сацыяльныя сеткі можна ісьці або ўглыб або ўшыркі — але нельга ўглыб і ўшыркі адначасова.

Выкарыстаньне сацыяльных сетак для закліку рэальных сяброў да дзейнасьці не вырашае найбольшай праблемы негвалтоўных рухаў: вырашыць, што тыя сябры маюць рабіць.

Для жыхароў Нью Ёрку, зацікаўленых у прыняцьці Сэнатам закону аб аднаполых шлюбах, канкрэтныя крокі, аб якіх яны прасілі сваіх сяброў — зьвярнуцца да свайго сэнатара — былі відавочныя. Для дэмакратычных групаў у рэпрэсіўных грамадзтвах распрацаваць канкрэтную праграму дзеяньняў гэтак сама цяжка, як сплянаваць вайну.

Эгіпэцкі страйк 6 красавіка 2008 году быў правалам — нягледзячы на дзясяткі тысячаў удзельнікаў адпаведнай групы ў Фэйсбуку — бо арганізатары ў пэўны момант не ўяўлялі сабе, што рабіць з гэтымі людзьмі. Пазьней яны навучыліся стратэгіі — ад групы Попавіча. Людзі з CANVAS навучылі іх важнасьці датрыманьня строгай негвалтоўнай дысцыпліны і поўнай еднасьці — кожная паасобная група прыбрала свае сьцягі і ўзьнімала толькі эгіпэцкі сьцяг, а хрысьціяне і мусульмане баранілі адны адных, калі другія маліліся.

Інакш кажучы, да посьпеху плошчы Тахрыр прычыніліся тыя самыя фактары, якія спрыялі посьпеху байкоту аўтобусаў Мантгомэры ў барацьбе супраць расавай сэгрэгацыі 55 гадоў таму: асьцярожная стратэгія, стараннае плянаваньне, строгае датрыманьне негвалтоўнасьці, еднасьць. Калі гэтага няма, кампутары і мабільнікі не дапамогуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG