Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя бітва Лукашэнкі


Лукашэнка ня мае намеру добраахвотна аддаваць нават малое каліва ўлады, піша пастаянны аўтар Frankfurter Allgemeine Zeitung Райнгард Вэзэр.

«Сёньня беларускі дыктатар вымушаны выбіраць паміж рашэньнямі, якія з розных прычынаў маюць непажаданы для яго зыход. Ён можа даць Маскве „зялёнае сьвятло“ на прыватызацыю прынадных кавалкаў беларускай эканомікі і на заробленыя грошы на нейкі час купіць сацыяльную свабоду. Аднак, — працягвае аўтар, — тады ён трапляе пад усё большую залежнасьць ад Масквы і ў лепшым выпадку становіцца ў выніку прэзыдэнтам намінальна незалежнай краіны». Ён можа адрэагаваць на пагрозу эканамічнага калапсу, якая навісла над Беларусьсю, пры дапамозе рэформаў, неабходнасьць якіх не аспрэчваюць нават блізкія да прэзыдэнта экспэрты, аднак гэты шлях спалучаны са стратай значнай долі кантролю над эканомікай, працягвае нямецкі журналіст. «Больш за ўсё ён павінен асьцерагацца таго, што любое паслабленьне хваткі пагражае разьвіцьцём уласнай дынамікі ўнутры грамадзтва і правакуе зьвяржэньне дзейнага рэжыму».

«Лукашэнка можа пакінуць усё як ёсьць: працягваць жорстка душыць хвалю незадаволенасьці, якая нарастае ўнутры краіны і спрабаваць настроіць Расею і Захад адзін супраць аднаго ў надзеі на тое, што на фоне геапалітычнай канкурэнцыі яму перападуць неабходныя сродкі. Але гэта, — заўважае камэнтатар, — самы малаверагодны варыянт, паколькі на абодвух напрамках беларускі прэзыдэнт перагнуў палку». Пры гэтым без фінансавай дапамогі сытуацыя ў краіне пагражае хутка напаліцца, і тады выбух народнага гневу ня ў сілах будуць стрымаць нават спэцслужбы. Шмат хто ў Беларусі асьцерагаецца, што Лукашэнка ня спыніцца ні перад чым — у тым ліку, перад загадам адкрыць агонь па пратэстантах.

Прагназаваць хуткасьць разьвіцьця падзеяў у Беларусі нямецкі аглядальнік не бярэцца. Гэта зьвязана ў першую чаргу з пазыцыяй саміх беларусаў: Лукашэнка да гэтага часу карыстаецца падтрымкай шырокіх слаёў насельніцтва. Акрамя таго, ёсьць інтарэсы Масквы. З аднаго боку, заўважае аўтар, Масква, відаць, больш не гатовая субсыдаваць дыктатуру, з другога — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіка 2012 году ёй ня выгадна мець у сябе пад бокам рэвалюцыйную сытуацыю.

Захад, у адрозьненьне ад Масквы, мае мала спосабаў паўплываць на сытуацыю, піша ў заключэньне аўтар. Тым ня менш, ужо сёньня варта задумацца над тым, што будзе пасьля сыходу Лукашэнкі і як дапамагчы краіне, пераўтварэньні ў якой могуць стаць такімі ж балючымі, як пасьля распаду СССР у Польшчы і краінах Балтыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG