Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу на прысуд Зьмітру Бандарэнку.

Адвакаты падавалі два хадайніцтвы — аб тым, каб далучыць да справы характарыстыку ад Беларускай асацыяцыі журналістаў і даведку з турэмнай лякарні. Дакумэнты да справы далучылі, аднак прысуд пакінулі бязь зьменаў.

Жонка зьняволенага Вольга Бандарэнка занепакоеная станам ягонага здароўя.

"Чакаем, калі прызначаць апэрацыю. Нагу, магчыма, падлячылі, боль, магчыма, зьнялі, але не зусім. Мне сказалі, што Зьміцер будзе чакаць апэрацыі ў лякарні. Апошняя сустрэча зь ім у мяне была на пачатку чэрвеня. Цяпер я ўзяла дазвол на новае спатканьне, якое павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні".

Зьміцер Бандарэнка пераведзены са сьледчага ізалятара № 1 МУС у Рэспубліканскую турэмную бальніцу па вуліцы Валадарскага. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які Вольга Бандарэнка атрымала 13 ліпеня.

У канцы красавіка суд прызнаў Зьмітра Бандарэнку, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году, вінаватым на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны удзел у іх). Ён прыгавораны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пасьля затрыманьня ў сьнежні мінулага году і ўтрыманьня пад вартай у Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворваньні. У чэрвені стан Бандарэнкі пагоршыўся, вязьня перавялі ў мэдсанчастку.

Вольга Бандарэнка: «Ён паўгода скардзіўся на болі, але безвынікова. Цяпер нарэшце яму зрабілі МРТ, біяхімічны аналіз крыві і паклалі ў мэдсанчастку. З-за грыжаў хрыбетніка ў яго назіраецца няпоўны параліч правай нагі, ён пакутуе ад няспынных боляў. Як ён мне напісаў, цяпер зьявіліся і болі ў левай назе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG