Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаноўныя сябры,

Вызначаныя пераможцы фотаконкурс у «Дзе мае 500USD?».


Мова, на якой дзяржава размаўляе з насельніцтвам — шыльды, абвесткі, паліцы, патрапілі ў аб’ектыў адразу некалькім удзельнікам.

Сяргей Аржанцаў пабачыў іранічна перакошаную шыльду дэпартамэнта сацыляьнай абароны ў Клімавічах, Адам Цёплы — сымболіку тупікоў на знаках дарожнага руху, якая тычыцца ня толькі аўтамабілістаў, а напісаная ад рукі абвестка ў пункце абмену валюты экспрэсіўна перакрэсьлівае строгі дызайн "Беларусбанку".

Людзі і грошы — гэты накірунак адлюстраваны ў начным фота Зьмітра Бараноўскага, дзе пад дзьвярыма абменьніка прысела загорнутая у коўдру начная дзяжурная народнай чаргі, на здымку Міланы Харытонавай, якая зьняла пэнсіянэраў, якія прыносяць да абменьніка з дому зэдклікі, каб дачакацца чаргі. Здымак Яўгена Здановіча з Горадні каля абменьніка больш шматлюдны — паўсотні чалавек у чарзе.

У Рудзенску Андрэю Рабчыку сустрэлася іншая мова — як грамадзтва размаўляе зь дзяржавай: надпісам «дзе мае 500$ зарплаты?» на сьметніцы,

Здымкі з крамаў аб’ядновае тэма пустаты, адсутнасьці тавараў — пустыя гандлёвыя прасторы і каструлі на паліцах у Глыбокім зафіксавала Тацьцяна Смоткіна, сумны рытм бясконцых шэрагаў аднолькавых радыятараў пабачыў Андрусь у Менску, Зьміцер Ярмоленка з Магілёва прыслаў вынходзтва магілеўскіх гандляроў, якія засьцялілі пустыя прылаўкі зялёнай тканінай, ператварыўшы краму ў ангельскі травяны газон.

Столькі нізкаякаснага мыла пад адным слоганам «Выгадная пакупка», як зьняў Зьміцер Макаўчык у Менску, рэдка дзе пабачыш. Пад прыгожай шыльдай «Мяса» ў Берасьці стаяць тры даўгія шэрагі нейкіх каробак, у якіх можа быцць усё што заўгодна, апроч мяса — здымак Аляксандра Калмыкова.

На простым здымку галоўкі часныка, які мы атрымалі ад Lie Lie, наклеены цэньнік, і на ім столькі інфармацыі, што ў будучага гісторыка галава пойдзе кругам. Чаму ў Беларусі прадаюць часнык з Кітаю? Свайго няма? Глябалізацыя? Карупцыя? Дзякуючы здымку, цяпер дакладна вядома, колькі каштаваў кіляграм гэтага прадукта ў Менску 28 траўня 2011 году а 16:21 — 49860 рублёў. Гэта бяз кошту ўпакоўкі. А адна галоўка — 2493 рублі. У той дзень афіцыйны курс абмену быў 3093 рублі за даляр — значыць, кіляграм парадвалі за 16 даляраў, а галоўку за 80 цэнтаў.

Ну, а гісторык мастацтва ацэніць разгул кічу на здымку Фёдара «Выдатная якасьць» — столькі дурнога густу , беспарадку, афіцыёзу і прэтэнцыёзнасьці намешана на дзьвюх палічках кніжнай крамы, што аж вочы разьбягаюцца.

Сумныя здымкі людзей, якія шукаюць сваё выйсьце з крызісу, прыслалі Юрась Сойка зь Менску, Зьміцер Голубеў з Магілёва, Ірына зь Берасьця. І адзіны аптымістычны ракурс — Паліны Масьляковай, якая ў электрычцы ацаніла парадаксальнасьць сытуацыі: ня самая заможная з выгляду пасажырка чытае кнігу «115 спосабаў разбагацець».

Усе апублікаваныя здымкі — цікавыя, паказваюць розныя бакі працэсу, які нялёгка паддаецца відэафіксацыі. Гэтым, верагодна, можна патлумачыць і адсутнасьць выразных мастацкіх знаходак, фатаграфіі як майстэрства сьвятла і ценю, ракурсу і фону. Хоць сацыяльны кантэкст прачытваецца і ўспрымаецца досыць выразна.

Рэдакцыя вырашыла першую прэмію не прысуджаць. Пераможцамі прызнаныя Зьміцер Бараноўскі, Мілана Харытонава, Фёдар — зьвяртайцеся ў рэдакцыю, каб атрымаць свае прызы — два месяцы падключэньня да Інтэрнэту альбо 10 кіло грэчкі.

Тацьцяна Смоткіна, Андрэй Рабчык і Аляксандар Калмыкоў — вас чакаюць месяц Інтэрнэту ці 5 кіло грэчкі.

Прышліце свой кантактны тэлефон на адрас radiosvaboda@gmail.com.

На гэтым конкурс звяршаецца, але чакаем вашыя здымкі, які расказваюць пра жыцьцё ў Беларусі — самыя цікавыя будуць публікавацца на сайце svaboda.org.


Галерэя конкурсу ва ўвесь экран

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG