Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі ў цывільным зноў палююць на журналістаў


Не даюць здымаць фотакарэспандэнту Уладзю Грыдзіну. Фота Антона Матолькі.
Не даюць здымаць фотакарэспандэнту Уладзю Грыдзіну. Фота Антона Матолькі.
У Беларусі падчас маўклівай акцыі пратэсту 13 ліпеня затрымалі 11 журналістаў, якія прадстаўляюць беларускія і замежныя мэдыі. Іх адпусьцілі, узяўшы тлумачэньні альбо адбіткі пальцаў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, ад пачатку правядзеньня «маўклівых» акцый пратэсту ў Менску і рэгіёнах пад затрыманьні падпалі ўжо 88 рэпартэраў.

Сярод затрыманых быў карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч. Людзі ў цывільным яго ўзялі пасьля акцыі на станцыі мэтро Плошча Якуба Коласа адвезьлі ў Савецкі РУУС Менска. Там яго сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў, пасьля гэтага адвезьлі ў аўтобусе ў раён парку Чалюскінцаў.

Журналістаў агенцтва БелаПАН Захара Шчарбакова і Паўла Падабеда, якіх пасьля затрыманьня адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС Менску, адпусьцілі пасьля таго, як яны далі тлумачэньні. Зь відэакамэры міліцыянты выдалілі зробленыя журналістамі запісы. Захар Шчарбакоў апавёў, што ў пастарунку камэру забралі і ён яе ня бачыў гадзіны дзьве:

«Пратакол не складалі. З нас узялі тлумачэньні, што мы там рабілі. Потым падпісалі папярэджаньне аб недапушчальнасьці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах і што мы ведаем, якая адказнасьць. У тлумачэньні мы напісалі, што мы ня ўдзельнікі, а мы выконвалі прафэсійныя абавязкі. Нам не даюць выконваць прафэсійныя абавязкі. Гэта проста бар’еры, якія мне незразумелыя. Я ня бачу ніякіх падставаў у законе, каб рабіць такія рэчы адносна журналістаў».

Журналісты ў Менску ўжылі падчас гэтай акцыі новую тактыку і стараліся трымацца разам. Каля гандлёвага цэнтру «На Нямізе» людзі ў цывільным запатрабавалі, каб журналісты разыходзіліся і не стваралі натоўп. Невядомыя сачылі за журналістамі і вялі апэратыўныя здымкі. На плошчы Якуба Коласа карэспандэнтаў, якія спрабавалі сфатаграфаваць затрыманьні людзей, білі па руках, спрабавалі выхапіць апаратуру. Паводле Ўладзімера Косьціна (Ройтэр), такое стаўленьне да прадстаўнікоў мэдыяў з боку людзей у цывільным — звычайная справа ў Беларусі.
Білі па камэры, па нагах і па руках. І незразумела хто.

«Проста банальна перашкаджалі працаваць. Білі па камэры, па нагах і па руках. І незразумела хто. Калі гэта супрацоўнікі міліцыі, то яны павінны адпаведным чынам выглядаць, па-другое — прадстаўляцца і паводзіць сябе ня так па-хамску, як яны гэта робяць цяпер. Калі гэта не супрацоўнікі міліцыі, то мне хацелася б ведаць: хто яны?»

У сьпісе затрыманых журналістаў таксама і Аляксей Трубкін з Наваполацку (радыё «Рацыя»). Ноч ён правёў у пастарунку, 14 ліпеня яго павінны судзіць, дагэтуль яго тэлефон адключаны.

Паводле намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава, гэтым разам дзеяньні міліцыі супраць журналістаў былі менш агрэсіўнымі, чым падчас мінулых акцый. Затрыманых журналістаў было значна меней. Але працягваюцца перашкоды іх прафэсійнай дзейнасьці. Дагэтуль застаюцца безвыніковымі намаганьні БАЖ высьветліць, хто ж такія людзі ў цывільным, якія замінаюць працы СМІ. Андрэй Аляксандраў адзначыў:

«Відавочна, што ўлады ня хочуць дазволіць распаўсюд інфармацыі аб пратэстах. Таму атакі на журналістаў працягваюцца, каб ня даць беларускаму грамадзтву пабачыць, што насамрэч адбываецца, і схаваць праўду».

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі так адказаў на пытаньне, чаму затрымліваюць журналістаў:

«Я па гэтай тэме наогул камэнтароў даваць ня буду і ў будучым. Па гэтай тэме вы можаце нават не напружвацца».

Дасылайце, калі ласка, сваю інфармацыю (у тым ліку фота, відэа) пра затрыманьні і перашкоды ў працы журналістаў з боку міліцыі на адрас svaboda@rferl.org альбо ў камэнтарах да гэтага сюжэту.

Журналісты на «рэвалюцыі»


Фатографу Ксеніі Авімавай разьбілі аб’ектыў.
«Навушнік» «карэктуе» працу апэратара расейскага тэлебачаньня.
Апэратару БелаПАНа Васілю Сямашку разьбілі брыво.
У Гомелі затрымліваюць журналістку Ларысу Шчыракову.
Журналіст Алег Грузьдзіловіч выбіраецца зь міліцэйскага аўтобуса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG