Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускіх НПЗ аб плянах прыватызацыі нічога ня чулі


Беларускі ўрад заяўляе пра намер прадаць расейцам актывы шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Аднак ахвотных інвэставаць у Беларусь ня так і шмат. Нават расейскія алігархі асьцерагаюцца, што, атрымаўшы грошы, улады Беларусі папросту зноў нацыяналізуюць прададзеную маёмасьць.

У пераліку стратэгічных аб'ектаў, выстаўленых на продаж, — прадпрыемствы як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Перадусім, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку, флягман хімічнай галіны "Гродна Азот", а таксама менскія "Белтрансгаз", "Інтэграл", МАЗ і апэратар мабільнай сувязі МТС.

На якія выгоды ад продажу акцый расейскім кампаніям разьлічваюць на згаданых прадпрыемствах? І ці пагражае гэта нацыянальным інтарэсам, як з падачы вышэйшага кіраўніцтва сьцьвярджае афіцыйная прапаганда? Бо менавіта на гэтай падставе ўлады ад сярэдзіны 1990-х адмаўляюцца ад шырокамаштабнай прыватызацыі.

Некалькіх тэлефанаваньняў у офісы суб'ектаў гаспадараньня, якія ўвайшлі ў агучаны днямі прэм'ерам-міністрам Міхаілам Мясьніковічам сьпіс, хапіла, каб зрабіць выснову: ад волі адміністрацыяў і працоўных калектываў у дадзеным выпадку нічога не залежыць. Намесьнік генэральнага дырэктара "Нафтану" па эканоміцы і фінансах Анатоль Юдаеў пацьвердзіў, што гатовыя рашэньні спускаюцца зьверху выключна як канстатацыя факту:

"Мы гэтымі пытаньнямі не займаемся ўвогуле…".

Карэспандэнт: "Ну, а хоць перамовы з "Лукойлам" вядуцца?".

"Яшчэ раз кажу: гэта абсалютна ня наша кампэтэнцыя. Мы працуем па кантрактах і выконваем сваю працу на месцы. А гэта ўжо палітыка і макраэканоміка. Нас туды ніхто не пускае, і мы самі туды ня лезем".

Карэспандэнт: "То бок усё вырашаецца нашмат вышэй?".

"Натуральна".

На іншым нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры таксама паведамілі, што ніяк не ўплываюць на падобныя ініцыятывы. Таму ня могуць сказаць, чаму прэм'ер Мясьніковіч сьцьвярджае, што вядуцца шчыльныя перамовы з расейскай "Роснефтью", якая нібыта прэтэндуе на пакет акцый мазырскага прадпрыемства, а самі расейцы кажуць, што ня хочуць рызыкаваць, пакуль у Беларусі пануе эканамічны хаос. Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара заводу па эканоміцы Сяргей Крот:

"Не, няма ў нас ніякіх перамоваў. Прынамсі на нашым прадпрыемстве ніякіх перамоваў адносна прыватызацыі не вядзецца".

Карэспандэнт: "Усё вырашаецца не на ўзроўні адміністрацыяў кампаній?".

"Зусім не абавязкова, вырашаецца ўсё вышэйшымі інстанцыямі".

Карэспандэнт: "І вам пададуць як факт ужо зьдзейсьнены…".

"Можа быць і так, цалкам…".

Дарэчы, яшчэ адна кампанія з Расеі — "Сибур" — таксама абвяргае свой хуткі прыход у Горадню, дзе беларускія ўлады "сватаюць" яе зь мясцовым "Азотам". Не асабліва нешта складаецца і ў перамовах адносна набыцьця "Газпромам" 50% акцый газатранспартнага прадпрыемства "Белтрансгаз". Заяўлена, што ўсе кантакты пераносяцца на восень. Словамі кіраўніка "Газпрому" Аляксея Мілера, беларускі бок не адмаўляецца ад ідэі прывязаць перамовы аб прыватызацыі да ўнутрырасейскіх коштаў на газ, хоць у канцэрне падобны варыянт нават не разглядаюць.

Адразу ў двух значных праектах анансаваны ўдзел кампаніі "Ростехнологии". Расейцы нібыта прэтэндуюць на частку акцый менскага "Інтэгралу", а ў кампаніі з "Русскими машинами" спрабуюць аб'яднаць МАЗ з КамАЗам. На беларускіх прадпрыемствах адмаўляюцца гаварыць пра нейкія пэрспэктывы, бо адпаведныя кансультацыі вядуцца на ўзроўні першага віцэ-прэм'ера Ўладзімера Сямашкі. Праўда, асобныя аналітыкі не выключаюць, што перамовы зайшлі ў тупік, паколькі бакі пачалі абвінавачваць адзін аднаго ў "адыходзе ад першапачатковых пазыцый".

Між тым адзін з прафсаюзных лідэраў, экспэрт у машынабудаўнічай галіне Аляксандар Бухвостаў лічыць, што без рэформаў беларуская прамысловасьць ня выжыве. Таму спроба пад любой нагодай адтэрмінаваць прыватызацыю прывядзе толькі да аднаго — да кансэрвацыі стратных вытворчасьцяў:

Аляксандар Бухвостаў

"Тут пытаньне пэрспэктыў нашага выжываньня як аўтамабільных вытворцаў. І для мяне гэта паняцьце прыярытэтнае. І, прыкладам, пытаньні страты нейкай незалежнасьці і г.д., як некаторыя спрабуюць казаць, я не разглядаю ўвогуле. Таму што ў эканоміцы, у свабодным рынку гэтыя пытаньні ўжо зусім інакш трэба ставіць і разумець. Канечне, важна, каб прафсаюзы пры гэтым не згубіліся, бралі актыўны ўдзел у гэтым працэсе. У ідэале трэба было б прафсаюзу мазаўскаму сустрэцца з прафсаюзам камазаўскім, разам паглядзець, што там і да чаго, на якіх умовах плянуецца аб'яднаньне. То бок выпрацаваць сваю палітыку ў гэтым працэсе, каб і там, і там працоўныя ня страцілі, а набылі. І тады гэты працэс будзе пазытыўным".

Тым часам урад заяўляе пра гатовасьць акцыянаваць 10 прадпрыемстваў, дзяржаўныя пакеты акцый якіх да 2013 году будуць прададзеныя з удзелам Усясьветнага банку і прыцягненьнем міжнародных кансультантаў. У пералік увайшлі, у прыватнасьці, баранавіцкія "Бархім" і камбінат жалезабэтонных канструкцый, берасьцейскія электрамэханічны завод і будтрэст № 8, гомельскі "Мэдпляст", маладэчанская "Конфа", а таксама менскія "Аўтамагістраль", "Белсантэхмантаж-2", "Белгазбуд" і маргарынавы завод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG