Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі Беларусі вырашыла не падаўжаць тэрмін "замарожваньня" цэнаў на сацыяльна значныя тавары.

Пра гэта заявіў 14 ліпеня ў Менску на прэс-канфэрэнцыі дырэктар дэпартамэнту цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін, перадае Інтэрфакс.

"У гэтай сытуацыі важна разумець, што меры адміністрацыйнага рэгуляваньня павінны быць вельмі тонкімі і гнуткімі", — сказаў Фамін.

Ён адзначыў, што Міністэрства эканомікі ня будзе адмаўляцца "ад кропкавага рэгуляваньня цэнаў". "Ня выключана магчымасьць па сацыяльна значных таварах увядзеньня цэнавага рэгуляваньня на асобныя групы тавараў. Яно ў любым выпадку будзе часовым", — сказаў Фамін.

Згодна з пастановай № 676? беларускі ўрад пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, на якія можа ўводзіцца часовае рэгуляваньне цэнаў тэрмінам да 90 дзён. У дадатковы пералік сацыяльна значных тавараў увайшлі яшчэ 13 спажывецкіх тавараў. Сярод іх — жывая рыба, селядзец салёны, сыры, ячныя і аўсяныя крупы, бананы, кава, гарбата, кухонная харчовая соль, субпрадукты, сасіскі, сынтэтычныя мыйныя сродкі.

Урад да 1 ліпеня 2011 году замарозіў цэны на сацыяльна значныя тавары, вызначаныя ў пастанове № 495, адносна коштаў, якія сфармавалі вытворцы паводле стану на 28 траўня 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG