Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты пра акцыю 13 ліпеня


Якія вынікі сёмай акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку"? Чым яна адрозьніваецца ад папярэдніх? Што далей? Свабода папрасіла выказацца вядомых камэнтатараў і аналітыкаў.



Валер Карбалевіч
Аналітык Валер Карбалевіч: «Рэвалюцыя» паглыбляе раскол беларускага грамадзтва"

Гэтым разам улады прынялі надзвычайныя захады бясьпекі. Быў заблякаваны доступ да сацыяльнай сеткі “Вконтакте”. У рэгіёнах былі заблякаваны цэнтральныя плошчы.

У выніку людзей на акцыі гэтым разам - як у Менску, так і ў рэгіёнах - было менш. І затрыманьняў менш.

Праблема ў тым, што арганізатары ставяць перад сабой адначасова розныя, нават процілеглыя задачы. З аднаго боку, яны імкнуцца пазьбегнуць затрыманьняў, а дзеля гэтага трэба хавацца, маскіравацца пад абывацеляў, каб міліцыянты і гэбісты не заўважылі іх пратэстныя пляны. А зь іншага боку, любая публічная акцыя мае сэнс толькі тады, калі выклікае грамадзкі, палітычны, мэдыйны эфэкт. Вось арганізатары і спрабуюць манэўраваць паміж гэтымі несупадаючымі задачамі. Здаецца, ня вельмі ўдала.

І другі момант. Эканамічны крызыс ударыў па правінцыі магчыма мацней, чым па сталіцы. Бо там заробкі меншыя. І нават невялікі рост цэнаў значна пагаршае матэрыяльнае становішча насельніцтва гэтых рэгіёнаў.

Вялізная колькасьць людзей, якая крытычна настроена да рэжыму, выконвае ролю заўзятараў, сядзіць у інтэрнэце і глядзіць он-лайн рэпартажы. Яны разглядаюць гэтыя падзеі як цікавае відовішча, кшталту футбола, спартовага спаборніцтва. Маўляў, паглядзім, хто пераможа.

«Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках» хутчэй паглыбляе раскол беларускага грамадзтва, робіць яго больш непрымірымым, стварае сытуацыю двух паралельных грамадзтваў, у кожнага з якіх свой стыль, свая мода, свае ідэалы, свае куміры. Ціхая, халодная грамадзянская вайна, якая ідзе ў краіне, становіцца больш відавочнай.


Яўген Ліпковіч
Блогер Яўген Ліпковіч: «Гэта выглядае ня так жахліва, калі з гэтага кпіш»

Перадача функцый пратэсту на тэлефонны званок - добрая ідэя. Ёсьць жа такі выраз: "Табе ўжо апошні званок", - я думаю, пасыл можа выглядаць менавіта так. А тое, што ўлады выглядаюць сьмешна - відавочна. Сьмешна, і ў той жа час сумна, калі з падваротні выскокваюць нейкія "мабільныя атрады БРСМ", як яны сябе называлі, і зьнянацку хапаюць людзей. Гэта выглядае ня так жахліва, калі пачынаеш з гэтага сьмяяцца і кпіць - бо зразумела ж, што яны баяцца, што ня ведаюць, як на гэта рэагаваць. І гэтыя хлопцы, якія ўдзельнічаюць у затрыманьнях - яны таксама чыесьці суседзі, яны атрымліваюць заробак у беларускіх рублях, якія гэтак жа сама ня могуць канвэртаваць. Гэтак жа ня могуць паехаць адпачываць, купіць дзяўчыне нейкі падарунак. І там ідзе раздваеньне сьвядомасьці. І калі мы сьмяемся - то ў тым ліку і над сабой: гэта ж мы дапусьцілі, каб такое стала магчымым. Самі вінаватыя.


Віталь Цыганкоў
Аналітык Віталь Цыганкоў: «Ініцыятары акцыі накінулі ўладам свой сцэнар»

Што далей? Гэта толькі рацыянальна здаецца, што людзі павінны задумвацца пра такое пытаньне. А ў рэальным жыцьці пра гэта задумваюцца толькі лідэры партыяў ды палітолягі. Для большасьць задача "скінуць Лукашэнку" – самавычарпальная, канчатковая і найвышэйшая. Што будзе пасьля - гэта ўжо нейкае іншае вымярэньне, іншае жыцьцё. Простыя людзі пра гэта ня думаюць. Лукашэнка так падаўляе сваім 17-гадовым панаваньнем усе астатнія праблемы, што большасьць проста не ўяўляе, што будзе пасьля. Як казала гераіня "Зьнесеных ветрам" Скарлет О'хара: «Я падумаю пра гэта заўтра».

Такія паводзіны цалкам зразумелыя. Калі паглядзець на розныя рэвалюцыі ў гісторыі – ці часта рэвалюцыянэры мелі дакладную карціну таго, што будзе пабудавана пасьля зьмены ўлады? Калі і мелі, то найчасьцей атрымлівалася ўсё далёка ня так. Як кажуць, калі хочаш расьсьмяшыць Бога, распавядзі яму пра свае пляны.

Што да формы. Змагаючыся з маўклівымі воплескамі, улады выглядаюць ня толькі жорсткімі, але і трохі дурнаватымі. Чаго вартае адно маўчаньне пасьля выступу Лукашэнкі 3 ліпеня і даволі шмат анэкдотаў, якія зьвіліся пасьля рэпрэсій за воплескі. Дарэчы, уласна беларускіх палітычных анэкдотаў наагул даволі мала, у асноўным пераробкі расейскіх, а тут цэлы суплёт, і ўсё пра адно. Ці ня сьведчыць гэта ўскосна, што ініцыятары акцый сваёй такой постмадэрнісцкай стылістыкай па меншай меры стылёва накінулі ўладам свой сцэнар, зрабілі яе ня толькі злоснай, жорсткай, але і сьмешнай?

Калі задача была вузкай - паказаць абсурднасьць і кафкіянства улады, яе судовай сыстэмы, то яна выкананая з запасам. Барацьбу за СМІ безумоўна, "маўклівы пратэст" выйграў. Я нагадаю, што паводле НІСЭПД, 51 працэнт лічыць, што Лукашэнка абапіраецца на міліцыю і КДБ, і толькі 19 – што на народ.


Вольга Карач
Праваабаронца Вольга Карач: «Улада спрабуе арыштаваць усіх»

Мне гэтыя акцыі падабаюцца тым, што яны ўкладаюць новыя сэнсы ў рэчы, над якімі мы ўжо ня думаем. І ў Інтэрнэце ёсьць слова, якое я ўжыву ў пазытыўным сэнсе: "тролінг" - калі хтосьці пры абмеркаваньні нейкай тэмы пачынае рабіць правакацыі і забівае тэму, якая абмяркоўваецца. І калі можна пляскаць у далоні на знак пратэсту - чаму гэтае слова ня можа таксама ўспрымацца пазытыўна менавіта ў дачыненьні да "маўклівых рэвалюцый"? На мой погляд, гэта тролінг, правакацыя ўлады, і ўлады рэагуюць. У такіх акцыях наогул немагчымыя нейкія палітычныя лёзунгі і патрабаваньні, бо калі яны ёсьць - гэта азначае, што ёсьць суразмоўцы: улада і "я", які нешта патрабую. А тут менавіта правакацыя, накіраваная на тое, каб улада пачала думаць пра тое, што адбываецца. Мне падаецца, улада добра разумее прыроду гэтых пратэстаў, бо на апошніх акцыях яны спрабавалі арыштаваць усіх, незалежна ад таго, ці ўдзельнічаў чалавек у акцыі: "Ты вінават, што хочацца мне кушаць".


Аляксандар Класкоўскі
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі: "Разьвянчаны тэзіс "Дзяржава для народу"

Зараз быў добры трэнінг, адпрацоўка новых тэхналёгіяў. Арганізатары намацалі фармат, і адбылося перакульваньне сакральных для ўлады сэнсаў. Заўсёды за савецкімі часамі, і за часам Лукашэнкі бурныя воплескі былі сымбалем "адабрамсу", падтрымкі генэральнай лініі, а зараз воплескі - гэта выклік рэжыму. Гэтая постмадэрнісцкая заваёва мае велізарнае значэньне для масавай сьвядомасьці. Абываталь бачыць, што спачатку мінакоў хапаюць людзі ў чорным, потым улада скеміла, што гэта выклікае надта змрочныя асацыяцыі - і высыпалі гопнікі на вуліцы, ізноў жа, з выгляду бандзюкі - таксама жахлівая для абываталя карцінка. Адбылося разьвянчаньне фальшывага тэзісу "дзяржава для народу": выпадковых людзей хапалі ні за што. Рэжым сеў у галёшу па поўнай праграме, паказаў абсурднасьць паліцэйскай дзяржавы, і асадак у масавай сьвядомасьці застаўся.


Валянцін Акудовіч
Філёзаф Валянцін Акудовіч: «Беларускія карныя інстытуты перасталі адпавядаць часу»

Я амаль пэўны, што для бальшыні ўдзельнікаў “маўклівых акцыяў” крызіс быў не прычынай, а толькі падставай выхаду на вуліцы і плошчы. Крызіс іх закрануў ня болей, а можа і меней чым шмат каго яшчэ. Карацей кажучы, на акцыі выходзяць не абураныя крызісам, а абураныя нечым значна больш істотным. За апошнія дзесяцігодзьдзі ў беларускім грамадзтве ўжо сфармавалася ладная колькасьць людзей, якія не прымаюць нават ня столькі самога Лукашэнку, колькі той лад жыцьця, які ён жорстка навязвае ўсёй краіне. Сыстэмны крызіс якраз і дазволіў гэтым людзям паказаць (так бы мовіць, на пальцах) усяму астатняму грамадзтву, што насамрэч ёсьць прычынай іхняй нязгоды з Лукашэнкам і ягонай палітыкай.

Шмат хто ўпікае і арганізатараў, і ўдзельнікаў гэтых акцыяў за палітычны інфантылізм. Маўляў, сьмешна ад іхніх дзіцячых забавак з плясканьнем у ладкі. Вось каб яны заклікалі рушыць на Бастылію, тады іх заклікі выклікалі хаця б павагу. Але гэтыя адважнікі яшчэ ня ведаюць, што ў цяперашнім постмадэрновым сьвеце сьмешна ня пляскаць у ладкі перад Бастыліяй, а сьмешна бурыць Бастылію. Структура сучаснага жыцьця змацаваная не вэртыкальлю з дамінаваньнем верха над нізам – яна раскатаная па гарызанталі. Таму так эфэктна і эфэктыўна выглядае гэтая сеткавая “рэвалюцыя”, бо яна цалкам упісаная ў гарызанталь. Усе ідэалягічныя мадэлі, пабудаваныя на тых ці іншых логацэнтрычных канструктах, рэальна ўжо не працуюць. Сёньня сьцягі і харугвы ўжо ня сымбалі ідэяў, а толькі атрыбуты нацыянальных ці рэлігійных каштоўнасьцяў.

Беларускія карныя інстытуты перасталі адпавядаць часу і з гэтага ня ведаюць, як упраўляцца з новымі формамі супраціву, які гэты час спараджае. Згадаем хаця б анэкдатычны выпадак з адсутнасьцю аплядысмэнтаў пасьля прамовы Лукашэнкі на дзень Незалежнасьці. Але гэта яшчэ не галоўная ідэалягічная праблема ўлады. Галоўная праблема ў тым, што трэба амаль наноў перапісваць увесь палітычны слоўнік. У новай сытуацыі прамовы Лукашэнка, пабудаваныя на старых рытарычных фігурах, калі каго хоць трохі і кранаюць, дык толькі апошнія парэшткі яго былога электарату. Да прыкладу, у сытуацыі, калі ў апазыцыі ўладзе апынулася большая частка грамадзтва, называць “апазыцыяй” ціхамірных удзельнікаў “маўклівых акцыяў” – гэта бязглузда казаць супраць самога сябе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG