Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Маўклівыя акцыі" – што далей?


Маўклівы пратэст 13 ліпеня, Ворша
Маўклівы пратэст 13 ліпеня, Ворша
Вынікі і асаблівасьці сёньняшняй акцыі «Рэвалюцыі ў сацыяльных сетках». Чаму ўлады дзейнічаюць супраць удзельнікаў гэтых акцыяў гэтак жорстка? Ці можна сказаць, што арганізатары «рэвалюцыі ў сацыяльных сетках» здолелі накінуць уладам свой сцэнар? Якія пэрспэктывы кампаніі пратэсту?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Экспэртызе Свабоды» разважаюць: адміністратар інтэрнэт-супольнасьці «Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках» Вячаслаў Дзіянаў, палітычны аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч і намесьнік рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Дракахруст: Сёньня прайшла чарговая, сёмая акцыя, ініцыяваная ў Беларусі інтэрнэт-супольнасьцю «Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках». Ініцыятары акцыі ізноў зьмянілі фармат: замест воплескаў, да якіх усе ўжо прызвычаіліся – дружныя званкі мабільных тэлефонаў. Як і падчас мінулай акцыі, у сталіцы месцы збору былі разьмеркаваныя па раёнах. Якія першыя вынікі сёньняшніх падзеяў, на якія асаблівасьці менавіта сёньняшняй акцыі вы б зьвярнулі ўвагу?

Вячаслаў Дзіянаў: Пакуль дакладнай карціны вынікаў няма. Былі затрыманьні, але затрыманьняў было меней па ўсёй краіне, чым раней. Колькасьць людзей была меншая, бо вельмі шмат народу было ў турме, шмат людзей паехалі іх адтуль сустракаць. Сёньня ў Жодзіне выпускалі. Калі ацэньваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, дык ім было складана працаваць. Адлегласьці ў Менску дастаткова вялікія. Асноўная група людзей сабралася на плошчы Якуба Коласа, там адбыліся асноўныя затрыманьні. У кожным разе, мы ўбачылі мінусы гэтага фармату, адлегласьці сапраўды занадта вялікія. І пасьля такога жорсткага ўціску на працягу трох тыдняў колькасьць людзей, канечне, зьменшылася. Але людзі выходзяць, адступаць мы не зьбіраемся, дзеяньні будуць працягвацца.

Карбалевіч: Гэтым разам улады прынялі надзвычайныя захады бясьпекі. Быў заблякаваны доступ да сацыяльнай сеткі “Вконтакте”. У рэгіёнах былі заблякаваныя цэнтральныя плошчы. У выніку людзей на акцыі гэтым разам як у Менску так і ў рэгіёнах было менш. І затрыманьняў менш. Праблема ў тым, што арганізатары ставяць перад сабой адначасова розныя, нават процілеглыя задачы. З аднаго боку, яны імкнуцца пазьбегнуць затрыманьняў, а дзеля гэтага трэба хавацца, маскіравацца пад абывацеляў, каб міліцыянты і гэбісты не заўважылі іх пратэстныя пляны. А зь іншага боку, любая публічная акцыя мае сэнс толькі тады, калі выклікае грамадзкі, палітычны, мэдыйны эфэкт. Вось арганізатары і спрабуюць манэўраваць паміж гэтымі несупадаючымі задачамі. Здаецца, ня вельмі ўдала.

Марціновіч: На мой погляд, гэта пачатак канца. Арганізатары зрабілі некалькі памылак, адна зь якіх можа стаць фатальнай. Гэтая памылка палягае ў тым, што арганізатары наогул зьявіліся. Яны зьявіліся ў асобе спадара Дзіянава ўжо напярэдадні мінулай акцыі. І яна ўжо не ўдалася. Таму што мы ведаем, каб не было затрыманьняў, не было б і розгаласу. І атрымалася яна шматлюднай толькі ў тых населеных пунктах, дзе фармат акцыі не зьмяняўся, дзе акцыя праходзіла на галоўных плошчах. Раптам зьявіліся людзі, якія пачалі казаць, што сацыяльны пратэст -- гэта мы. "Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку зрабілі мы", канкрэтна я, Дзіянаў. З гэтага моманту ўдзел у акцыі трохі трансфармаваўся. Таму што кожны маладзён мае сабе запытацца, а які мне понт выходзіць за Дзіянава? Хто гэта такі? Я нічога не хачу сказаць дрэннага пра спадара Дзіянава. Я проста тлумачу мэханізм, як гэта працуе. Дагэтуль было адчуваньне таго, што сеціва нібыта само сарганізавалася, не было чалавека, які даваў на гэтыя тэмы інтэрвію, і з-за гэтага не было адчуваньня таго, што сваім выхадам, стратай свабоды, затрыманьнем, арыштам, зьбіцьцём людзі, якія былі затрыманыя, зрабілі працу на нейкага дзядзьку. Зараз гэты дзядзька зьявіўся. Нават калі ён проста выйшаў зь ценю і сказаў -- гэта я зрабіў, ён зрабіў гэта ня ў той момант, калі гэта патрэбна было рабіць. Таму што, паўтаруся, характар удзелу ў гэтай акцыі трансфармаваўся.

Цалкам перадачу можна слухаць тут:

Экспэртыза Свабоды, 13 ліпеня (1)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:42 0:00
Наўпроставы лінк


Экспэртыза Свабоды, 13 ліпеня (2)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:02 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG