Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судах Беларусі і сёньня працягваюцца працэсы над удзельнікамі маўклівых акцыяў пратэсту. Нягледзячы на судовы і іншы перасьлед, на заклік з сацыяльных сетак у рэгіёнах Беларусі сёньня рыхтуюцца да новых пратэстаў.

Паведамленьні карэспандэнтаў "Свабоды" і дэмакратычных актывістаў пра падзеі, якія спадарожнічаюць падрыхтоўцы да сёньняшняй акцыі, у нашым рэгіянальным аглядзе.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Улады заклікаюць працаваць у дзьве зьмены

Асуджаныя ўдзельнікі папярэдніх акцыяў у Горадні, праваабаронцы канстатуюць, што ўлады скіроўваюць усе сілы на тое, каб зьбіць хвалю маўклівых акцыяў.

Сёньня раніцай у судзе Ленінскага раёну Горадні за ўдзел у маўклівай акцыі 3 ліпеня была асуджана на 1 мільён 50 тысяч рублёў журналістка Радыё Рацыя Гражына Шалкевіч. Пратакол дадому ёй прынесьлі толькі на 10-ты дзень пасьля затрыманьня. Гражына лічыць, што гэта не выпадкова:

"Найперш яны хочуць нас запалохаць, і, думаю, не выпадкова менавіта сёньня ў мяне прызначаны суд. Сёньня серада, і яны добра ведаюць, што акцыі будуць адбывацца па ўсёй Беларусі. Фактычна яны 10 дзён цягнулі маю справу і раптам выклікалі ў суд. Яўна хацелі змарнаваць мне дзень, каб я некуды спазьнілася".

Адзін з удзельнікаў акцыі ў Лідзе кажа, што апошні тыдзень у раённым друку, па радыё і абласным тэлебачаньні раскручваецца прапаганда ідэалягічных органаў супраць маўклівых акцыяў:

"У газэтах пішуць і па тэлебачаньні кажуць, каб не хадзілі на акцыі. Маўляў, нічога не дасягняце гэтым плясканьнем і тупаньнем, трэба добра працаваць па дзьве зьмены. Карацей, кажуць тое, што і Лукашэнка. Толькі трошкі іншымі словамі".

Раней так жорстка зь людзьмі не абыходзіліся

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які вядзе назіраньне за акцыямі і судамі над іх удзельнікамі, адзначае, што настолькі жорсткага абыходжаньня зь людзьмі з боку сілавых органаў раней не назіралася:

"Затрымліваюць цяпер на вуліцах пераважна людзі ў цывільным, нават затрымліваюць жанчыны ў цывільным. І невядома, што гэта за структуры, ці належаць яны да гарадзенскіх сілавых органаў, ці гэта нейкія легіянэры, прывезеныя для зачысткі вуліц нашых гарадоў".

ВІЦЕБШЧЫНА


У Віцебску — новае месца збору

На старонцы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку. Віцебск" зьявілася прапанова сабрацца а 19 гадзіне не на плошчы Перамогі, як раней, а ў раёне Летняга амфітэатру, дзе праходзяць канцэрты фэстывалю "Славянскі базар".

А 18 гадзіне на гэтай канцэртнай пляцоўцы заплянаваны канцэрт папулярнай расейскай сьпявачкі Алены Ваенгі. А 22-й гадзіне мае распачацца канцэрт майстроў мастацтваў Расеі з удзелам хору імя Пятніцкага, Ларысы Долінай, беларускага ансамблю "Песьняры" ды іншых выканаўцаў.

Віцебскія інтэрнэт-карыстальнікі, зарэгістраваныя ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", пішуць: "Віцебск цяпер поўны, як ніколі за ўвесь год, прадстаўнікамі СМІ (як і праваахоўных органаў), прадстаўнікамі культуры і мастацтва як Беларусі, так і замежжа. А таксама простымі людзьмі, якія зь вёсак і маленькіх мястэчак едуць на сьвяточны "Славянскі базар".

З гэтай прычыны некаторыя лічаць, што акцыя ў цэнтры фэстывальнага гораду будзе больш публічнай — і званкі будзільнікаў на мабільных тэлефонах а восьмай вечара пачуе больш людзей.

Аднак ёсьць і супрацьлеглыя меркаваньні:

"На мой погляд, хто гэта прапанаваў, ня дужа ўлічвае, што ў нас "Славянскі базар". Там людзей і так шмат — і што, проста зь імі пастаяць? Мне не падабаецца гэты фармат! Я супраць таго, каб мяняць фармат — на плошчы Перамогі лепей. Няхай там затрымліваюць, потым штрафуюць. Але там відаць — хто і навошта прыйшоў!"

Нехта лічыць, што трэба па-ранейшаму зьбірацца на плошчы Перамогі, бо пра штосерадовыя акцыі ў гэтым месцы ўжо добра вядома ў горадзе:

"Ну, сапраўды! Хто даведаецца, што і дзе, калі ў некаторых увогуле інтэрнэту няма? Таму трэба зьбірацца на старым месцы, бо людзі ўжо ведаюць — калі, дзе і што. Але раз ужо новае месца зьявілася ў інтэрнэце, то асабіста я ўжо ў разгубленасьці".

У інтэрнэце тым часам працягваюцца спрэчкі і абмеркаваньні: адны кажуць, што па-ранейшаму пойдуць на плошчу Перамогі, іншыя — што да летняга амфітэатру. Так што акцыя маўклівага пратэсту можа адбыцца ў Віцебску адначасова ў двух месцах. І нехта лічыць, што так нават лепш:

"У прынцыпе, калі людзі пойдуць туды — добра. У іншае месца — таксама добра. Я не чытаю, што пішуць у інтэрнэце — проста іду гуляць па горадзе. Схаджу і туды, і туды!"

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Няўжо будуць хапаць і за маўчаньне?"

Гомельскі актывіст Павал Прывалаў за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ўжо адседзеў трое сутак. Сёньня яго працоўны дзень скончыцца толькі а восьмай гадзіне вечара. Але Павал спадзяецца яшчэ пасьпець паўдзельнічаць у акцыі, пра што і сказаў сёньня "Свабодзе":

"Сёньняшняя акцыя будзе маўклівай. У нашай дзяржаве аплядысмэнты ўжо абвясьцілі парушэньнем грамадзкага парадку. Таму прыходзіцца дзейнічаць маўкліва. Ну, і калі сёньня будуць хапаць людзей за маўчаньне, то я ня ведаю, як можна жыць у такой краіне, пры такой сыстэме".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Фармат сёньняшняй акцыі ў Берасьці не мяняецца

Яна пачнецца а 19 гадзіне на плошчы Леніна. У тым выпадку, калі плошча будзе перакрытая, збор плянуецца з боку вуліцы Пушкінскай. Берасьцейцы ня будуць адмаўляцца ад воплескаў і замяняць іх на тэлефонныя званкі. Пры гэтым актывіст Іван Стасюк заклікае прытрымлівацца фармату і не дапускаць шэсьцяў, якія адбываліся ў Берасьці мінулымі разамі:

"Як звычайна, а 19 гадзіне на цэнтральнай плошчы Берасьця. Да 19:30. Звычайны фармат. Самае галоўнае — заклік да людзей не паддавацца на правакацыі, прытрымлівацца першапачатковага сцэнару правядзеньня. Бяз шэсьцяў. Выключна пастаяць. Хто жадае — можна пляскаць, гэта не прынцыповы момант, як я лічу".

Некаторыя зь берасьцейскіх актывістаў сеткавай рэвалюцыі цяпер у Вільні. Там яны мяркуюць правесьці традыцыйную акцыю на вакзале падчас адыходу цягніка "Вільня — Менск". Акцыя пачнецца а 19 гадзіне. Мяркуюць, што яна зьбярэ каля трох дзясяткаў чалавек.

У большасьці населеных пунктаў Берасьцейскай вобласьці, дзе раней адбываліся акцыі, сытуацыя спакойная. Нават у Пінску, дзе на мінулым тыдні міліцыя заблякавала плошчу Леніна, сёньня ніякай надзвычайнай актыўнасьці з боку праваахоўных органаў не назіраецца.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Бабруйск: людзі прыйдуць на акцыю

Кіраўнік Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў сказаў "Свабодзе", што, на ягоную думку, сёньня ў Бабруйску на акцыю зьбярэцца яшчэ болей народу, чым мінулым разам:

"Настрой бадзёры. Сёньня рыхтуемся выйсьці на вуліцы ў новым фармаце. Усе людзі, якіх тады затрымалі і аштрафавалі, у панядзелак сабраліся разам. Наш партыйны офіс апячаталі. Таму сабраліся ў фае.

І што асабліва прыемна — разам з затрыманымі прыйшлі і новыя людзі. Прычым даволі шмат сталых людзей зьявілася, пра моладзь я ўжо і не гавару".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG