Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнку могуць перавесьці ў бальніцу


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка на наступным тыдні можа быць пераведзены ў 5-ю клінічную бальніцу Менску для апэрацыі.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка пераведзены са сьледчага ізалятара № 1 МУС у Рэспубліканскую турэмную бальніцу па вуліцы Валадарскага. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які яго жонка Вольга Бандарэнка атрымала 13 ліпеня, паведамляе БелаПАН.

Вось вытрымкі з гэтага ліста:

«Сёньня з раніцы мне сказалі: або ў „зону“, або апэрацыя.
Я: А кансультацыя нэўрахірурга?
Яны: Мы паказалі вашыя дадзеныя МРТ і эпікрыз нэўрахірургу з 5-й лякарні. Вашае рашэньне?
Увечары яшчэ прыняў начальнік СІЗА.
— Дык вы адмаўляецеся ад апэрацыі?
— Я хацеў бы пагаварыць з нэўрахірургам.
— Такой сустрэчы ня будзе. Ён у курсе вашых спраў.
Карацей, я напісаў паперу, што згодны на апэрацыю. Яе будуць рабіць у 5-й лякарні, можа нават на наступным тыдні.
Можа, на волі і магчымыя былі б іншыя варыянты, але тут ехаць у „зону“ з хворай і „крывой“ правай нагой немагчыма. Усё ў руках Божых».

Вольга Бандарэнка шакаваная, што ейнага мужа паставілі перад такім жорсткім выбарам.

Паводле Вольгі, сёньня Бандарэнку павінен наведаць адвакат. «Я таксама спадзяюся, што нам дазволяць сустрэцца», — зазначыла яна.

У канцы красавіка суд прызнаў Зьмітра Бандарэнку, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году, вінаватым на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны удзел у іх). Ён прыгавораны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пасьля затрыманьня ў сьнежні мінулага году і ўтрыманьня пад вартай у Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворваньні. У чэрвені стан Бандарэнкі пагоршыўся, вязьня перавялі ў мэдсанчастку.

Вольга Бандарэнка: «Ён паўгода скардзіўся на болі, але безвынікова. Цяпер нарэшце яму зрабілі МРТ, біяхімічны аналіз крыві і паклалі ў мэдсанчастку. З-за грыжаў хрыбетніка ў яго назіраецца няпоўны параліч правай нагі, ён пакутуе ад няспынных боляў. Як ён мне напісаў, цяпер зьявіліся і болі ў левай назе».
XS
SM
MD
LG