Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тое, што апошнім часам адбываецца па серадах на вуліцах Менску ды іншых гарадоў, калі "накачаныя" ў цывільным жорстка і пачварна захопліваюць бяззбройных "маўклівых", вяртае мяне ў канец 1990-х, у магілёўскую калёнію "Вейна". Тады мне было ўсяго 23 і я быў асуджаны на 2 гады агульнага рэжыму”, напісаў ў праграму “Свабода ў турмах” былы зьняволены Ўладзімер М, які жыве цяпер па-за межамі Беларусі.

У сваім допісу аўтар узгадвае, як спэцназ захопліваў ЗК у вязьніцах, і адзначае, што цяпер тыя ж прыёмы выкарыстоўваюцца на звычайных нязгодных з рэжымам людзях на волі.

“У 1997-м у Беларусі здарылася гучнае забойства. Забілі сябра Лукашэнкі — Мікалуцкага. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што зямля будзе гарэць пад нагамі ўсіх крымінальнікаў. Неўзабаве, сапраўды, так і здарылася. Аднойчы раніцай, як памятаю, хутка пасьля пад’ёму ў баракі ўляцелі людзі ў масках і камуфляжы. Як гаварылі потым, гэты былі шараговыя трэніровачныя вучэньні ўнутраных войскаў МУС. Аднак тое, што перад намі былі пацаны-вайскоўцы, выклікала вялікі сумнеў. Невядомыя загадалі ўсім стаць тварам да сьцяны, паставілі нас "на расьцяжку", і ўжо празь некалькі cэкундаў многія з нас ляжалі на бэтоннай падлозе. Усю калёнію прагналі праз прымусовае падпісаньне асуджанымі дамовы. Ад нас патрабавалі пісьмовых заяваў, што будзем "чырвонымі", то бок будзем даносіць на сядзельцаў. Яны стаялі з дубінкамі ў два рады і ўсяляк правакавалі нас, каб моцна зьбіць.

Білі нагамі, дубінкамі, усім. Сярод нас не было злосных злачынцаў, гэта былі пераважна "першаходы", для нас усё гэта было поўнай нечаканасьцю, і мы толькі потым даведаліся ад дасьведчаных ЗК, што ў такой сытуацыі трэба рэзаць сабе вены. Гэта нашмат менш небясьпечна, чым калі табе адаб’юць унутраныя органы.

З 2,5 тысячы асуджаных дамовы з адміністрацыяй не падпісалі чалавек 10. Сярод гэтых людзей быў і я. Нас усіх кінулі ў ШЫЗА ў адзіночкі. Праз 15 сутак, згодна з палажэньнем, нас выпускалі, але пратрымлівалі "на агульных умовах" гадзіны 2, ня болей, і калі мы адмаўляліся выконваць іхныя патрабаваньні, нас ізноў кідалі ў адзіночкі. Такім чынам, кожны з нас праседзеў там дзесьці месяцы чатыры, а потым нас перавялі ў "крытую", адну з самых жорсткіх у сваім "бязьмежжы" турмаў. Тут нам прызначалася паніжаная норма харчаваньня. Суп ня болей як з 19 крупінкамі (такая была ідэя адміністрацыі) або вада, у якой варылі бульбу, яшчэ звычайная вада ды хлеб. Усё. Прыкладна год прыйшлося праседзець у такіх умовах. Я і цяпер маю кантакты з тымі людзьмі. Некаторыя зьехалі за мяжу. Адзін сябар — прадпрымальнік у Менску. Ёсьць тыя, хто несправядліва трапіў за краты зноў. Пра прадпрымальніка ведаю, што ў выніку той адседкі, ён доўга хварэў. У турме ў яго, 28-гадовага, пачала разьвівацца дыстрафія, сталі выпадаць валасы. Толькі тады, калі ён ня змог хадзіць, турэмнікі ў коўдры панесьлі яго ў санчастку.

Ведаю таксама, што падобнае адбывалася і ў іншых калёніях. Людзі ў масках "трэніраваліся" і жорстка зьбівалі тых, на каго былі нараканьні ў адміністрацыі, хто сядзеў у ШЫЗА ці ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У той час, як я памятаю, пачалі зьнікаць людзі. А нядаўна адзін зь сяброў, ізноў асуджаных, паведаміў мне, што перажыў "вучэньні" летась у Жодзіне. Тады праводзілі трэніроўкі па пажарнай бясьпецы.

Пры канцы адно пытаньне. Для чаго Беларусі ў такой колькасьці патрэбны кантынгент "асобага прызначэньня"? Каб зрабіць інвалідамі большасьць беларускага насельніцтва — толькі таму, што гэтыя людзі думаюць інакш, як "бацька"? У рамках праваахоўных органаў павінны існаваць толькі тыя структуры, якія кіруюцца законам. Беларуская практыка сьведчыць пра тое, што АМАП законам не кіруецца".

Ліст Уладзімера ды іншых аўтараў допісаў на "Свабоду" ў турмах" у нашай праграме абмяркуюць былы палітзьняволены Валер Леванеўскі ды былы начальнік "Валадаркі" Алег Алкаеў.

Таксама ў праграме — "Валадарка-1911, палітвязень К. Міцкевіч".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG