Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Завёў ён нас у такія нетры, адкуль і сам, відаць, дарогі ня ведае"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 13 ліпеня 2011 году

Дзьве тэмы працягваюць заставацца галоўнымі ў пошце Свабоды. Першая — востры эканамічны крызіс, у які ўсё больш паглыбляецца нацыянальная гаспадарка, а ўсьлед за ёй і ўсё грамадзтва. І другая — палітычныя рэпрэсіі супраць лідэраў і актывістаў дэмакратычнай апазыцыі, што пачаліся адразу пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў і працягваюцца дагэтуль.

Многія нашы слухачы, якія пішуць у рэдакцыю, схільныя бачыць непасрэдную сувязь паміж гэтымі дзьвюма актуальнымі для Беларусі праблемамі. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш даўні слухач Мікалай Хільтоў зь Менску піша:

"Мяне вельмі абурае тое, што творыцца сёньня ў нашай краіне. Слаўныя сыны Бацькаўшчыны застаюцца за кратамі. Я яшчэ перад выбарамі адчуваў, што ўсё можа скончыцца вельмі кепска. Памятаю, на сустрэчы Андрэя Саньнікава з выбарцамі я сказаў: "Не хадзіце на гэтую плошчу. Па-першае, там адмыслова залілі вялізны каток. А па-другое, гэтая плошча і саркафаг у выглядзе Палаца рэспублікі наскрозь прасякнутыя камуністычным духам. Запатрабуецца не адзін сьвятар, каб ачысьціць плошчу ад гэтай духоўнай заразы".

Тое, што адбылося пасьля 19-га сьнежня, выклікала ва ўсіх проста жах. Я папрасіў у аднаго сьвятара маліцца за зьбітых і зьнявечаных людзей, бо гэта — боль кожнага з нас.

А што робіцца сёньня з нашай эканомікай! Да чаго даведзены людзі (найперш — самыя неабароненыя)? Гэта — таксама жах. Думаю, у нас ужо амаль 100-працэнтная інфляцыя. Сёньня абышоў некалькі крамаў — і нідзе не знайшоў рыбы. І як мне гэта растлумачыць майму кату Клаўсу?"
.

А як, спадар Мікалай, растлумачыць некалькім мільёнам беларускіх пэнсіянэраў тое, што гэтая рыба (і ня толькі яна — шмат яшчэ якія незаменныя прадукты харчаваньня) сталі раптам для іх маладасяжным далікатэсам? А гэтыя людзі вельмі чакаюць уцямнага адказу ўлады на пытаньне: чаму раптам празь некалькі месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў рэальны памер пэнсіяў у пераліку на цьвёрдую валюту абваліўся амаль у два разы? І хто панясе адказнасьць за такую эканамічную палітыку?

Макар Несьцяровіч зь вёскі Няловы Ваўкавыскага раёну зьвярнуў увагу на тыя званкі нашых слухачоў, у якіх крытыкуецца дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі. Слухач з гэтай нагоды піша:

"Ужо колькі разоў даводзіцца чуць адно і тое ж: маўляў, гэтая апазыцыя нічога ня робіць, толькі па заграніцах разьяжджае. Брыдка слухаць. Так і хочацца спытаць: а асабіста вы што зрабілі, каб зьмяніць наша гаротнае жыцьцё? Лаяць праз тэлефон уладу, не называючы ўласнага імя, кожны можа. А выступіць адкрыта? Выйсьці на плошчу? Арганізаваць людзей, якім абрыдла ўсё гэта?

Ці ня гэтыя самыя людзі сямнаццаць гадоў запар галасуюць за аднаго і таго ж палітыка, які ўрэшце завёў нас у такія нетры, адкуль і сам, відаць, дарогі ня ведае?

Замест таго каб крытыкаваць апазыцыю, яе трэба падтрымліваць — хаця б малымі справамі. Тым больш што яна мае ў гэтым вострую патрэбу. Паглядзіце, як яе заціснуў рэжым, як бязьлітасна зьнішчае нават самыя маленькія парасткі іншадумства. А сярод апазыцыянэраў ёсьць вельмі дастойныя асобы — Мілінкевіч, Рымашэўскі, Някляеў...

Апазыцыя зусім не ўсёмагутная. Яна людзям уласныя мазгі ня ўставіць. Дык напружце свае зьвіліны і для пачатку паспрабуйце хаця б асэнсаваць тое, што адбываецца вакол нас, і зрабіце высновы. Упэўнены, тады вы ня будзеце лаяць апазыцыю, а проста станеце поруч зь ёю"
.

І ў лістах, і ў тэлефанаваньнях на "Свабоду" людзі выказваюць свае сумневы, крыўды, абурэньні. Дастаецца ад нашых слухачоў і ўладзе, і апазыцыі. Гэта — пэўны зрэз грамадзкай думкі, які адлюстроўвае ўсе супярэчлівыя настроі, што пануюць у сёньняшнім беларускім грамадзтве. Слухаючы іншых і выказваючы ўласныя погляды, людзі вучацца аналізаваць падзеі і на падставе назіраньняў і супастаўленьняў рабіць уласныя высновы. Ва ўмовах Беларусі, дзе грамадзкіх трыбун вельмі мала, гэта надзвычай важна. Менавіта таму, спадар Несьцяровіч, мы і даем слова ўсім слухачам — у тым ліку і тым, якія так зацята крытыкуюць апазыцыю. Гэта толькі здаецца, што яны выступаюць выключна ў ролі гэткіх мэнтараў, настаўнікаў. Насамрэч — вучацца і самі.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, вяртаецца да тэмы жорсткіх прысудаў, вынесеных апазыцыйным лідэрам і актывістам, якія ўдзельнічалі ў сьнежаньскіх пратэстах на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Спадар Кастусь, у прыватнасьці, дыскутуе з Уладзімерам Някляевым, які падчас суду выказваў меркаваньне, што ня ўпэўнены ў датычнасьці Лукашэнкі да брутальнага разгону Плошчы-2010, што Лукашэнку гэта было нявыгадна, што тут праявіла сябе нейкая трэцяя сіла.

Слухач з гэтай нагоды піша:

"Ацэньваць дзеяньні Рыгоравіча з пункту гледжаньня "выгадна-нявыгадна" ці наогул якога-небудзь здаровага сэнсу не заўсёды карэктна. Гэта ня раз можна было заўважыць за 17 год ягонага кіраваньня. Учынкі Рыгоравіча вельмі часта дыктуюцца ня лёгікай ці здаровым сэнсам, а нейкімі эмацыйнымі парывамі. Што да ягоных выказваньняў, то язык Рыгоравіча наогул уяўляе незалежны ад галавы орган, які функцыянуе аўтаномна, сам па сабе. Ну скажыце мне, якое "выгадна-нявыгадна" ці які здаровы сэнс хаця б у нядаўніх рыгоравічавых філіпіках на адрас кіраўніцтва Эўразьвязу ці кіраўніцтва Ўкраіны?

А патлумачыць датычнасьць Лукашэнкі да трыюмфальна нелягічнага і жорсткага разгону Плошчы-2010 і веснавых неадэкватных прысудаў на самой справе няцяжка. Мяркую, што прычына — панічны страх. Хутчэй за ўсё, Рыгоравіч ведае сапраўдную цану афіцыйных вынікаў выбараў. А тут яшчэ і катастрафічнае эканамічна-фінансавае становішча краіны. Дый вокамгненнае быццам бы раскрыцьцё красавіцкага тэракту вельмі сумнеўнае і выклікае не павагу да ўладаў, а здаровы скепсіс: сьлесар трэцяга разраду, круглы школьны троечнік і выпівоха стварае ўнікальную радыёкіраваную выбухоўку, якой няма аналягаў у сьвеце...

Так і глядзі, што створаны люмпэнізаванай часткай народу кумір грымнецца з растрэснутага п’едэсталу, разьбіваючыся на кавалкі. Рыгоравіч гэтага баіцца як агню. А страх, як вядома, вельмі дрэнны дарадца. Тут працуе ўжо інстынкт самазахаваньня. Вось наш "усенароднаабраны" і лютуе"
.

Сапраўды, спадар Кастусь, малаверагоднай выглядае вэрсія, што Аляксандра Лукашэнку ў той сьнежаньскі вечар нібыта "падставілі", што ня ён даваў каманду на жорсткі разгон Плошчы і масавыя арышты ўдзельнікаў мітынгу. Тым больш што сам жа Лукашэнка ня раз за апошнія паўгода пацьвярджаў, што пільна сачыў у той вечар за ўсімі падзеямі і асабіста аддаваў загады. Але, гаворачы пра некаторыя выступы палітвязьняў у судзе, варта рабіць папраўку на складанае становішча гэтых людзей, якіх некалькі месяцаў трымалі ў турме, пад псыхалягічным, а то і фізычным ціскам. Натуральна, усё гэта не магло не адбіцца на псыхалягічным стане падсудных, зьмесьце іхных выступаў у судах.

Сумную гісторыю са свайго вясковага жыцьця распавяла ў лісьце Марыя Касьцюкевіч зь вёскі Пазяненты Івейскага раёну:

"Паважанае Радыё Свабода! Вось у нас у Пазянентах было 15 кароў. А цяпер, у гэтым 2011-м годзе, усю пашу для прыватных кароў мясцовы калгас заараў. Давялося ўзяць кароўку на вяроўку — навязаць.

Калейка, па якой мы па чарзе пасьвілі кароў, разладзілася. Бо пашы для статка фактычна не засталося. Хоць малако калгасу мы здаем. Вось вам праўда — як заціснулі людзей на вёсках.

А хто ўжо ня мае сілы, той вымушаны жывёлу, перазімаваўшы, прадаць. Мы зьвярталіся да кіраўнікоў. Чыноўнікі нам адказалі: навязвайце сваіх кароў і коней хоць на печы. Вось такая народная праўда"
.

У сваёй вёсцы ў Шчучынскім раёне я быў сьведкам падобных гісторый у 80-я гады. Саўгаснае начальства разворвала апошнія лапікі пашы, ігнаруючы ўсе сьлёзныя просьбы людзей. У адказ на скаргі адкрыта хамілі: "Можаце пасьвіць у лесе — там травы хапае". Скардзіцца было бессэнсоўна: саўгасны начальнік выконваў дырэктыву райкаму партыі — павялічваў ворны клін і валавы збор збожжа. За што людзі яго пракліналі, за тое партыйнае кіраўніцтва ўзнагароджвала чырвонымі сьцягамі і прэміямі.

І што ж у выніку? Няма сёньня ў маёй вёсцы ніводнай прыватнай каровы. Як няма і ніводнага разаранага і апрацаванага калгаснага поля ў ваколіцах — усё зарастае кустоўем ды быльнягом.

Паважаныя івейскія кіраўнікі! І ў Пазянентах будзе тое самае, калі вашы падначаленыя будуць думаць не пра людзей, а толькі пра высокія лічбы ў справаздачах.

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка, ліст-просьба ад нашай даўняй слухачкі Ірыны Аўгуль зь вёскі Радзюшы-Пушча Астравецкага раёну. Яна піша:

"Дзень без "Свабоды" — марны дзень. Дзякуй табе, Радыё Свабода, што ты ёсьць, за твае разумныя зьмястоўныя перадачы, за сустрэчы зь цікавымі людзьмі, а таксама за інтэлект, інтэлігентнасьць і за высокі ўзровень.

У мяне проста не хапае эпітэтаў, каб расказаць, наколькі мне спадабалася чытаньне Галінай Руднік старонак кнігі ўспамінаў у эфіры "Свабоды". Каб пачуць гэтую перадачу, я кідала ўсе свае справы. Настолькі цікава і таленавіта распавядала яна пра свой няпросты лёс.

Так хацелася б мець гэтую кнігу ў сваёй бібліятэцы"
.

Дзякуй вам, спадарыня Ірына, за такія пранікнёныя словы. "Свабода", сапраўды, працягвае свае выдавецкія праекты. Кнігу Галіны Руднік "Птушкі пералётныя", як і многія іншыя кнігі і дыскі, мы будзем высылаць у якасьці невялікіх падарункаў сваім даўнім сябрам, аўтарам найбольш цікавых допісаў. Сярод тых, хто атрымае гэтую кнігу, будзеце і вы, спадарыня Ірына.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG