Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады пачалі «паляваньне» на журналістаў і мэдыі?


Затрыманьні журналістаў падчас акцый, суд над газэтай «Наша ніва» сьведчаць пра новы наступ улады на незалежныя мэдыі. Чаму міліцыя чыніць «хапун» на прадстаўнікоў СМІ? Навошта ўлады хочуць закрыць самыя знакавыя незалежныя газэты? Які сэнс змагацца з мэдыямі ў эпоху інтэрнэту?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і журналіст газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Андрэй Бастунец
Зьміцер Панкавец
Валер Карбалевіч

Чаму міліцыя чыніць «хапун» на прадстаўнікоў СМІ?


Валер Карбалевіч: «З пачатку кампаніі „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“ затрымалі 73 журналістаў. Прычым ад акцыі да акцыі гэтая колькасьць расьце. На апошняй акцыі 6 ліпеня затрымалі 24 прадстаўнікоў мэдыяў. На іх ідзе літаральна паляваньне. Бэйдж з надпісам „Прэса“ — арыенцір для міліцыянтаў. У чым сэнс такога „паляваньня“? Дзеля чаго гэта робіцца?».

Андрэй Бастунец: «Міліцыя, якая перашкаджае правядзеньню акцый, дзейнічае за межамі заканадаўства. І міліцыянты ня хочуць, каб сьведчаньні пра гэта былі распаўсюджаны ў мэдыях. Таму і затрымліваюць журналістаў. А таксама імкнуцца запалохаць прадстаўнікоў СМІ».

Зьміцер Панкавец: «Магчыма, загады на затрыманьне журналістаў ідуць не ад міліцэйскага кіраўніцтва, а з вышэйшага ўзроўню. Бо цяпер павялічваецца цікавасьць і давер да незалежных мэдыяў. Гэтаму спрыялі такія падзеі, як прэзыдэнцкія выбары, тэракт у мэтро, эканамічны крызіс. Растуць рэйтынгі незалежных мэдыяў. Людзі купляюць незалежныя газэты. Вялікая цікавасьць да рэпартажаў з „маўклівых акцый“. Таму ўлады бачаць пагрозу ад СМІ, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра акцыі.
Магчыма, загады на затрыманьне журналістаў ідуць не ад міліцэйскага кіраўніцтва, а з вышэйшага ўзроўню.

Ва ўсіх недэмакратычных рэжымах улады імкнуцца пазбавіць грамадзтва інфармацыі. Гэта было і ў арабскіх краінах падчас народных выступаў. Прычым там улады дзейнічалі яшчэ больш брутальна, адрубаючы цалкам інтэрнэт. А ў нас толькі затрымліваюць журналістаў на некалькі гадзін, каб ня даць правесьці он-лайн».

Навошта зачыняюць незалежныя газэты?


Карбалевіч: «Сёньня адбываецца суд па закрыцьці найстарэйшай газэты Беларусі — „Нашай нівы“. Апошнія фармальныя прычэпкі да выданьня анэкдатычныя: індэкс не напісалі. Навошта гэта трэба ўладам? Якую пагрозу ўяўляе газэта з тыражом больш за 7 тыс. экзэмпляраў? Здаецца, адмоўныя наступствы скандалу з закрыцьцём для ўладаў большыя, чым нейкія выгады. А на чарзе закрыцьцё газэты „Народная воля“. Як усё гэта патлумачыць?».

Бастунец: «Па-першае, улады ўжо перайшлі нейкую мяжу і дзейнічаюць па прынцыпе: сем бед — адзін адказ. І карыстаюцца не рацыянальнымі матывамі. Проста камусьці не падабаюцца гэтыя выданьні.

Зноў жа, улады імкнуцца запалохаць журналістаў, каб у мэдыях панавала самацэнзура. „Наша ніва“ і „Народная воля“ вызначаюць узровень свабоды СМІ ў краіне. З закрыцьцём згаданых газэт гэты ўзровень апусьціцца значна ніжэй.

І яшчэ адзін момант. Менавіта газэты „Наша ніва“ і „Народная воля“ ў 2008 годзе ўлады вярнулі ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду. Гэта было сыгналам Захаду, што ўлады робяць крокі па шляху лібэралізацыі. І тое, што цяпер менавіта гэтыя выданьні трапілі пад ціск, сьведчыць пра пэўны сыгнал Захаду».

Карбалевіч: «Як вы ацэньваеце юрыдычныя падставы для закрыцьця гэтых газэт?».

Тыя падставы для закрыцьця мэдыяў, якія існуюць у беларускім заканадаўстве, парушаюць міжнародныя абавязаньні Беларусі.
Бастунец: «Увогуле закрыцьцё ўладамі СМІ — жорсткае ўмяшаньне дзяржавы ў свабоду слова. Тыя падставы для закрыцьця мэдыяў, якія існуюць у беларускім заканадаўстве, парушаюць міжнародныя абавязаньні Беларусі, напрыклад, артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Міжнародным заканадаўствам дазваляецца ўмяшаньне дзяржавы ў дзейнасьць СМІ ў вельмі рэдкіх момантах і пры вельмі значных парушэньнях з боку сродкаў масавай інфармацыі. Дарэчы, дзеяньні беларускіх уладаў парушаюць артыкулы 33, 34 Канстытуцыі Беларусі. Усё гэта пацьвярджае тое, пра што даўно казаў БАЖ: новы закон аб СМІ яшчэ больш рэпрэсіўны, чым ранейшы. Паводле яго СМІ можа быць закрыты за два любыя, нават нязначныя, парушэньні».

Панкавец: «Выглядае на тое, што вяртаньне газэт „Наша ніва“ і „Народная воля“ ў 2008 годзе ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду ўлады лічаць памылкай. Лукашэнка казаў, што пад крылом адміністрацыі прэзыдэнта некаторыя незалежныя СМІ сталі пануючымі.

Сапраўды, хоць наклады гэтых выданьняў невялікія, але ня трэба прымяншаць уплыў гэтых выданьняў на людзей. Газэты хутка раскупляюць у шапіках, а вяртаньне накладу „Нашай нівы“ ў шапіках складае ў Менску толькі 5%. Улады прайграюць інфармацыйную вайну. Не выключаю, што зачыняць ня толькі нашу газэту, але і сайт, які штодзённа мае 40 тыс. наведнікаў».

Які сэнс змагацца з мэдыямі ў эпоху інтэрнэту?


Карбалевіч: «Які сэнс увогуле змагацца з мэдыямі (яшчэ можна ўзгадаць суд над Пачобутам) ва ўмовах хуткага разьвіцьця інтэрнэту? Вось „маўклівыя акцыі“ па серадах арганізоўваюцца праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Мэдыі тут граюць дадатковую ролю. Вось сп. Панкавец адзначыў, што чытачоў электроннай вэрсіі „Нашай нівы“ ў некалькі разоў больш, чым карыстальнікаў папяровага варыянту. А фатаздымак з вулічнай акцыі можа зрабіць любы абывацель з мабільным тэлефонам і потым выставіць у інтэрнэт. Дык які рацыянальны сэнс змагацца з СМІ?».

Бастунец: «Лічу, што змагацца з мэдыямі — гэта ўвогуле ірацыянальная справа, тым больш у эпоху інтэрнэту. Думаю, што людзі, якія кіруюць гэтай барацьбой, у сваёй сьвядомасьці засталіся ў мінулым стагодзьдзі. І карыстаюцца старымі прыёмамі, дрэнна разумеючы, што такое інтэрнэт. Здаецца, таксама тут ёсьць момант помсты.

Трэба мець на ўвазе эканамічны чыньнік. Інтэрнэт-рэсурсы ня могуць атрымліваць такі прыбытак, як друкаваныя выданьні. Папяровыя газэты могуць атрымліваць прыбытак ад продажу, ад рэклямы. І, зачыніўшы іх, улады перакрываюць крыніцы прыбыткаў.

Цяпер адбываецца ціск і на інтэрнэт-выданьні. Зь мінулага году прынята ня менш за 12 нарматыўных прававых актаў па рэгуляваньні інтэрнэту. Улады абмежавалі доступ да сайтаў «Хартыя-97», «Беларускі партызан», блогу Ліпковіча, рэсурсу «Пракаповіч».

Панкавец: «Цяперашняя беларуская ўлада па-іншаму проста ня ўмее дзейнічаць. Забараніць, загнаць у падпольле — вось адзіны мэтад, які яны разумеюць.

Ёсьць прыклады, калі вельмі папулярныя інтэрнэт-рэсурсы робяцца за невялікія грошы ці ўвогуле пры іх адсутнасьці. Напрыклад, блог фатографа Антона Матолькі часам больш папулярны за некаторыя традыцыйныя мэдыі».




  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG