Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжарная, што страціла плод пасьля затрыманьня, адмаўляецца ад камэнтароў


3 ліпеня падчас разгону акцыі «маўклівай рэвалюцыі» на Прывакзальнай плошчы Менску затрымалі цяжарную жанчыну. У пастарунку яна пабыла некалькі гадзін. Яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Пасьля ўсяго гэтага жанчына скінула дзіця. Гэта ня першы падобны выпадак.

У сацыяльных сетках зьявіліся паведамленьні пра тое, што затрыманая на маўклівай акцыі 3 ліпеня маладая жанчына неўзабаве пасьля затрыманьня страціла ненароджанае дзіця. Інфармацыю пацьвердзілі праваабаронцы, аднак сама дзяўчына пакуль адмаўляецца ад камэнтароў:

«Вельмі многа людзей тэлефануюць і ніхто гэтага ня можа зразумець, бо гэта разумею толькі я. Мне цяпер насамрэч вельмі цяжка, я не хачу зараз ані камэнтаваць, ані паведамляць. Я ўжо і так зрабіла памылку — і цяпер гэта ўсё ў інтэрнэце і па тэлевізары. Гэта проста нейкі жах. Я і так у шоку, мне і так усяго хапіла, а тут яшчэ і гэта».
Я ўжо і так зрабіла памылку — і цяпер гэта ўсё ў інтэрнэце і па тэлевізары.

Маўклівыя акцыі пратэсту суправаджаюцца жорсткімі затрыманьнямі ўдзельнікаў і простых мінакоў без уліку ўзросту, полу і фізычнага стану. У гэтай сытуацыі цяжарныя жанчыны, асабліва на раньніх тэрмінах, робяцца лёгкімі і безабароннымі ахвярамі.

У 5 частцы закону «Аб органах Унутраных спраў РБ» цяжарныя жанчыны згадваюцца толькі ў артыкуле, які рэгулюе прымяненьне спэцыяльных сродкаў, пры гэтым ідзецца пра жанчын «зь яўнымі прыкметамі цяжарнасьці». Былы міліцыянт Андрэй Левінаў, які пакінуў службу ў званьні капітана міліцыі, кажа:

«Па вялікім рахунку, 3–4 месяцы жанчына цяжарная, гэта амаль палова тэрміну, а зьнешне гэта можа ўвогуле сябе ніяк не выдаваць. Жанчына нават заяўляе, што я цяжарная, а супрацоўніку міліцыі што застаецца? Ён альбо мусіць паверыць на слова, альбо ня верыць на слова. А ўсё вельмі проста — выклікаюць доктара, альбо чалавека вязуць у шпіталь, і адразу ўсё зразумела, цяжарны чалавек ці не. Адпаведна і стаўленьне да яго. А ў нас, як правіла, цяжарная — ну і ладна, ну і што?».

Праваабаронца і палітык Вольга Карач распавядае:

«Я таксама страціла дзіця на трэцім месяцы. За два тыдні да таго ў нас быў такі шалёны арышт, я 8 гадзін правяла ў міліцыі разам са сваім мужам, які быў пасьля апэрацыі. І міліцыянты нават хацелі надзець на мяне кайданкі, хоць я адразу папярэдзіла, што я цяжарная. Гэта быў вялікі стрэс, і ў любым выпадку я дзіця страціла».

Выпадкі, калі міліцыя груба затрымлівае цяжарных жанчын, здараюцца ня так рэдка, аднак давесьці шкоду здароўю жанчыны ў такой сытуацыі амаль немагчыма.
Вядома, калі зьвяртацца да дактароў, яны скажуць: «Ну, гэта можа быць тысяча і адна прычына, чаму так адбылося».

Вольга Карач: «Я таксама думала пра нейкую судовую справу і магу сказаць, што гэта вельмі цяжка. У нас, на жаль, пакуль што няма ніводнага такога прэцэдэнту, таму што, па-першае, у такой сытуацыі наступае вельмі моцная дэпрэсія, і гэта зразумела. Жанчыне наагул нічога ня хочацца. Па сваім досьведзе магу сказаць, што я потым месяц ляжала ў шпіталі і мне было вельмі цяжка выходзіць з дэпрэсіі. Другое — вядома, калі зьвяртацца да дактароў, а я зь імі размаўляла, яны скажуць: «Ну, гэта можа быць тысяча і адна прычына, чаму так адбылося».

Былы капітан міліцыі Андрэй Левінаў лічыць, што на службе міліцыянты часта забываюцца пра тое, што ў іх таксама ёсьць жонкі і маці:

«Калі яны на службе, яны чамусьці забываюцца пра тое, што ў іх ёсьць маці, якія іх нараджалі і былі цяжарныя. У іх ёсьць у многіх жонкі, якія нараджалі і былі цяжарныя. У некаторых цяпер цяжарныя жонкі. У кагосьці жонкі яшчэ будуць нараджаць. Але калі яны затрымліваюць цяжарную жанчыну, яны чамусьці забываюць пра тое, што заўтра ў гэтым жа становішчы можа апынуцца іх блізкі чалавек.

Лішні раз трэба нагадаць супрацоўнікам міліцыі, што закон адзіны для ўсіх. І яны абавязаныя яго выконваць. І яны пастаўленыя не для таго, каб кагосьці хапаць, цягнуць ці яшчэ нешта рабіць. А менавіта для аховы і для ажыцьцяўленьня дапамогі грамадзянам, у тым ліку і жанчынам».

Паводле ацэнак праваабаронцаў, зь некалькіх тысяч затрыманых на маўклівых акцыях пратэсту летам гэтага году жанчыны дзетароднага ўзросту складаюць прыблізна пятую частку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG