Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выслала двух украінскіх дыпляматаў, Украіна — аднаго беларускага


Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, 2010 год

Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, 2010 год

З Беларусі выслалі аташэ па пытаньнях абароны і вайсковага аташэ Ўкраіны. Пра гэта паведамляе ўкраінскае выданьне «Люстэрка тыдня» са спасылкай на крыніцы ў Кабінэце міністраў Украіны. Прозьвішчы высланых дыпляматаў не паведамляюцца.

Паводле газэты, у адказ кіраўніцтва Ўкраіны выдаліла са сваёй тэрыторыі супрацоўніка амбасады Беларусі Андрэя Каюка. Паводле выданьня, скандал здарыўся больш за месяц таму.

Крыніца ў амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі, якая пажадала ня быць названай, пацьвердзіла «Свабодзе» гэтыя зьвесткі.

Украінскія выданьні пішуць, што прычынай узаемнай высылкі дыпляматаў маглі стаць словы Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў «на жаль, вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны». Гэта здарылася ў канцы красавіка, пасьля таго як Лукашэнку не запрасілі ў Кіеў на адзначэньне 25-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы. Тады ж кіраўнік Беларусі адзначыўся яшчэ адной фразай: «Не хачу гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах, быках і таму падобных».

Паводле ўкраінскіх выданьняў, Аляксандру Лукашэнку праз прэм’ера Ўкраіны Мікалая Азарава нібыта быў перададзены адказ Віктара Януковіча, пасьля чаго і адбыўся дыпляматычны скандал.
XS
SM
MD
LG