Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус і Статкевіч у чаканьні разгляду касацыйнай скаргі


Экс-кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус пасьля мэдычнага абсьледаваньня застаецца ў шпіталі на «Валадарцы». Маці Ільлі Васілевіча непакоіцца, што ад яго няма лістоў. Пашпарт Мікалая Статкевіча дагэтуль не знайшлі. У калёнію дагэтуль не прыйшлі дакумэнты аб прысудзе Паўлу Вінаградаву.

12 ліпеня дзяжурны сьледчага ізалятара на Валадарскага паведаміў, што асуджаны на 5,5 года зьняволеньня Дзьмітрый Вус па-ранейшаму знаходзіцца ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, які разьмешчаны на тэрыторыі ізалятара. Між тым, паводле зьвестак сваякоў палітвязьня, яго павінны былі яшчэ днём раней вярнуць у магілёўскую калёнію № 19. Чаму Вуса не адправілі туды, дзе ён ужо пачаў адбываць пакараньне? Дакладны адказ на гэтае пытаньне ведаюць хіба толькі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў.

Жонка Дзьмітрыя Вуса Яўгенія нагадала, што 19 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі яе мужа ды іншых удзельнікаў падзей 19 сьнежня, якіх судзілі разам з Вусам. Гаворка пра Мікалая Статкевіча, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзьмітрыя Буланава. Дарэчы, усе яны ўжо знаходзіцца ў калёніях.

Разгляд касацыйнай скаргі вязьні называюць «касаткай».

Мікалай Статкевіч адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі. Грамадзянская жонка палітыка Марына Адамовіч скардзіцца на тое, што даўно не атрымлівала ад Мікалая лістоў, а 11 ліпеня так і не дачакалася ад яго званку, хоць ён меўся пазваніць у гэты дзень. Другая праблема — дагэтуль не знайшлі пашпарт Мікалая Статкевіча. 12 ліпеня Марына з гэтай нагоны накіравала адразу некалькі скаргаў:

«У Генпракуратуру, у КДБ, начальніку СІЗА КДБ, начальніку сьледчай групы і гэтак далей. Да ўсіх, хто назіраў за ім і меў дачыненьне да ягонай справы. Бо гэта верх цынізму. І яшчэ атрымліваецца, што гэта альбо незаконнае ўтрыманьне чалавека, альбо злачынная халатнасьць».

Раней Мікалай Статкевіч жартаваў наконт таго, што згубіўся ягоны пашпарт. Відаць, «чыноўнікі стаяць у чарзе па гэты дакумэнт, у якім яшчэ 2 гады будзе дзейнай шэнгенская віза», — напісаў у лісьце Мікалай Статкевіч.

Удзельнік Плошчы Ільля Васілевіч, які атрымаў 3 гады зьняволеньня, адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19 разам зь Дзьмітрыем Вусам і Алегам Федаркевічам. Але апошні ліст ад Ільлі дамоў прыйшоў ажно тры тыдні таму. Маці вязьня Тамара Васілевіч распавяла:
Тры тыдні няма лістоў. Вось званіла туды ў Магілёў, там жанчына — сакратар з прыёмнай кажа, што яны лянуюцца, таму ня пішуць.

«Тры тыдні няма лістоў. Вось званіла туды ў Магілёў, там жанчына — сакратар з прыёмнай кажа, што яны лянуюцца, таму ня пішуць. Кажу, нешта раней ён не ленаваўся. Яна: сьпёка, што вы хочаце! І не далі нам учора спатканьня. Муж езьдзіў у Менск, каб далі спатканьне — не. Сказалі, усё пасьля 15-га, а 15-га будзе разглядацца касацыя».

15 ліпеня таксама будуць разгледжаныя касацыйныя скаргі экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, Фёдара Мірзаянава, Алега Гнедчыка, Уладзімера Яроменка і Зьмітра Бандарэнкі.

Жонка Бандарэнкі Вольга падзялілася зьместам апошняга ліста ад мужа. Кажа, што ліст выйшаў гумарыстычны. Зьміцер паведамляе, што пасьля апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі яму ў турме часта даводзіцца адказваць на пытаньне: чаму ён дагэтуль не за мяжой?

«Напісаў, што зараз падчас прамэнаду ўсе ў мяне пытаюцца, чаму я дагэтуль не ў Вашынгтоне? І напісаў, што хутчэй „сталыпінскім вагонам“ іх адправяць у месцы зьняволеньня, чым самалётам кудысьці».

Таксама Зьміцер Бандарэнка пракамэнтаваў абяцаньні дзяржаўных газэт выправіць фінансавыя праблемы краіны ў хуткім часе: што спачатку прадказвалі зьяўленьне даляраў у абменьніках праз тыдзень, потым празь месяц, а цяпер абяцаюць паляпшэньне толькі восеньню. Дзьмітрый Бандарэнка ў гэтыя абяцаньні ня верыць.

Нявестка Паўла Вінаградава Сьвятлана Гарохавік штодня чакае вестак з калёніі, дзе трымаюць яе будучага мужа: ці прыйшлі зь Менску дакумэнты адносна прысуду? Аказваецца, бяз гэтых дакумэнтаў шлюб адкладаецца. Чарговая надзея на заўтра, 13 ліпеня.

І яшчэ адна маладая пара можа пабрацца шлюбам за кратамі. Гаворка пра актывістаў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Насту Палажанку. Стала вядома, што яны таксама вырашылі заключыць шлюб, не чакаючы выхаду на волю жаніха. Зьмітра Дашкевіча трымаюць у калёніі ў Горках.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG