Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя беларусы маюць праблемы наведаць радзіму на машыне


Ад беларусаў, якія жывуць за мяжой і маюць там жа зарэгістраваную машыну, пры ўезьдзе ў Беларусь патрабуюць заплаціць мытны падатак, нават калі мэта наведваньня краіны – адпачынак ці адведваньне родных.

Рэжым так званага “часовага ўвозу” машын значна ўскладніўся пасьля 1 ліпеня. Памеры падатку павялічыліся ў некалькі разоў і многія, хто не разьлічваў на такія сумы, вяртаюцца назад ад памежнага шлягбаўму.

Пра адзін з такіх выпадкаў стала вядома Радыё Свабода. Сям’я беларускіх грамадзянаў ехала на адпачынак у Беларусь на машыне з чэскімі нумарамі. Муж, жонка, дачка-студэнтка. У родным горадзе іх чакаў сур’ёзна хворы бацька і дзядуля. На берасьцейскай мытні сям’і прапанавалі заплаціць мытны падатак за ўвоз аўтамабіля, які склаў бы прыблізна 8 тысяч эўра. Аргумэнты, што сям’я жыве за мяжой, мае чэскія візы і неўзабаве вернецца назад, не браліся пад увагу. Кожная машына, увезеная на тэрыторыю Мытнага саюзу, разглядаецца як “тавар”. Дзяржаве прасьцей браць падатак з усіх – а што, калі б раптам сям’я надумалася машыну прадаць?

У чарзе знайшлося некалькі падобных выпадкаў – і ніхто зь беларускіх грамадзянаў, якія хацелі наведаць радзіму, ня меў пры сабе патрэбных 6-8-10 тысячаў эўра “залогу”. Гэтая сума тэарэтычна павінна была б быць вернутая пры выезьдзе. Жадаючых браць на веру абавязаньні беларускай дзяржавы, якая зьведвае востры дэфіцыт валюты, не знайшлося. Машыны разварочваліся і ад’яжджалі назад...

Калі вам вядомыя прыклады, як сёньня працуе на практыцы мэханізм “часовага ўвозу” аўтамабіляў у Беларусь з-за мяжы, падзяліцеся і сэканомце землякам час і бэнзін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG