Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заявіў прэм'ер-міністар РФ Уладзімер Пуцін, выступаючы сёньня ў Маскве на канфэрэнцыі “Ад Мытнага зьвязу да Адзінай эканамічнай прасторы: інтарэсы бізнэсу”, Расея, Беларусь і Казахстан, фармуючы Мытны зьвяз і Адзіную эканамічную прастору, маюць на мэце стварыць новы полюс сусьветнай эканомікі, перадае БелаПАН.

“Мы маем намер стварыць магутнае аб'яднаньне, якое можа і павінна стаць адным з полюсаў сусьветнай эканомікі – гэта не перабольшаньне, гэта не задзіраньне носа, – падкрэсьліў ён. – Гэта дасьць магчымасьць нам на роўных удзельнічаць у індустрыяльнай і тэхналягічнай гонцы, у канкурэнцыі за інвэстараў, за стварэньне новых, эфэктыўных працоўных месцаў”.

Расейскі прэм'ер выказаў упэўненасьць, што краіны Мытнага зьвязу валодаюць усімі неабходнымі магчымасьцямі для вырашэньня гэтых задач. “Гэта працоўныя і прыродныя рэсурсы. Гэта і так зразумела, ужо толькі таму, што Расея заняла летась першае ў сьвеце месца па вытворчасьці нафты”, – сказаў ён.

Што да Беларусі, то, паводле Пуціна, яна за савецкім часам называлася “зборачным цэхам” і ў яе “ёсьць магчымасьці, набліжаныя да заходніх межаў”.

Паводле расейскага прэм'ера, Расея, Беларусь і Казахстан, фармуючы Мытны зьвяз і Адзіную эканамічную прастору, ня маюць намеру зачыняцца ад іншых краін і гатовыя пачаць перамовы аб стварэньні зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам.

У сваю чаргу прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на канфэрэнцыі ў Маскве, выказаў упэўненасьць у тым, што эканамічныя цяжкасьці ў краіне рэальна пераадолець за два-тры месяцы.

“Мой выступ будзе няпоўны, калі не спыніцца на тых цяжкасьцях, якія ёсьць на валютным рынку Рэспублікі Беларусь, але ў нас цяпер пасьля дэвальвацыі нацыянальнай валюты актывізаваўся экспарт, і ў гэтым пляне той разрыў, які праглядаўся ў плацежным балянсе, выглядае ўжо лепш. Я мяркую, што мы рэальна можам пераадолець усе нявырашаныя пакуль што пытаньні на працягу літаральна двух-трох месяцаў”, – цытуе Мясьніковіча РІА “Новости”.

На мінулым тыдні міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын скрытыкаваў беларускі ўрад за палітыку, якая не спрыяе выхаду з крызісу і паведаміў, што Менск можа не атрымаць наступных траншаў крэдыту ЭўрАзЭС.

Сёньня ў Маскве Мясьніковіч заявіў: “Хачу паінфармаваць бізнэс-супольнасьць і кіраўнікоў урадаў Расеі і Казахстану аб тым, што мы ў поўным аб'ёме прымаем узятыя на сябе абавязаньні ў рамках крэдытнай падтрымкі за кошт Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Гэта датычыць абмежаваньня бюджэтных асыгнаваньняў, выплат, росту даходаў і многіх іншых пытаньняў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG