Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе Лукашэнка знойдзе грошы?


“Здаецца, дні беларускай нэасавецкай эканамічнай мадэлі палічаныя”, – піша аглядальнік агенцтва “Ройтэр” Рычард Бэлмфарт, нагадваючы, што Аляксандар Лукашэнка мусіць знайсьці да канца году 3 мільярды даляраў на падтрыманьне абцяжанай даўгамі эканомікі Беларусі.

Цяперашняя сытуацыя, піша ў сваёй публікацыі Бэлмфарт, ставіць два абавязковыя пытаньні: як Лукашэнка здабудзе грошы і ці слабне яго ўлада?

“Лукашэнка адмахнуўся ад размовы пра крызіс тыповай бравадаю... Але сіла, выкарыстоўваная міліцыяй для разгону спарадычных мірных вулічных пратэстаў моладзі, наводзіць на думку пра яго моцную заклапочанасьць, што незадаволенасьць можа пашырыцца”, – піша Бэлмфарт.

Аглядальнік спасылаецца на ацэнкі эканамістаў і дыпляматаў, якія лічаць, што кіраўніку Беларусі давядзецца “праглынуць самалюбства” і правесьці продаж паасобных актываў. Сярод найбольш імаверных найбліжэйшых угодаў Рычард Бэлмфарт называе продаж “Газпрому” (праўдападобна за 2,5 мільярда даляраў) астатніх 50% акцыяў “Белтрансгазу”. “Але гэта дасьць адно перадых у вострым крызісе, які звужае магчымасьці для аўтарытарнага лідэра”, – заўважае аўтар агенцтва “Ройтэр”.

“Пакуль што няма знакаў, што прамысловая рабочая сіла... гатовая далучыцца да сеткавага руху пратэсту, – працягвае Бэлмфарт. – Але сытуацыя такая, што, як праміне лета, беларусы сутыкнуцца з рэзкім ростам платы за ацяпленьне, з падаражэньнем грамадзкага транспарту ды іншых важных паслуг, і настроі могуць зьмяніцца. Урэшце Лукашэнку, магчыма, давядзецца пайсьці сёлета на замарожваньнем заробнай платы, што пагражае абвастрэньнем дачыненьняў рэжыму з працоўнымі”.

“Лукашэнка спрабуе атрымаць як мага больш, пры гэтым даючы як мага менш”, – цытуе Бэлмфарт неназванага дыплямата, які ў размове з журналістам перасьцярог ад думкі, што кіраўнік Беларусі можа страціць кантроль над сытуацыяй, калі крызіс будзе памацняцца.

“Лукашэнка – чалавек, што ўмела манэўруе ў рамках сыстэмы, якую ён сам стварыў. Ён будзе дбаць пра тое, каб не адчужыць працоўнай сілы. (...) Але цяпер сытуацыя значна менш прадказальная”, – дадаў дыплямат у інтэрвію аглядальніку “Ройтэр” Рычарду Блэмфарту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG