Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міраслаў Лайчак: “Мы прызвычаіліся да несур’ёзных Лукашэнкавых заяваў”


Міраслаў Лайчак, высокі прадстаўнік Эўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасьці, у інтэрвію нашаму радыё выказаў упэўненасьць, што санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам у адносінах да прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, прыносяць плён.

На думку Лайчака, апошнія акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі сьведчаць, што Аляксандар Лукашэнка траціць свой татальны кантроль над краінаю:

“Гэта дае нам вельмі ясны сыгнал, што рэжым траціць кантроль. Яно відаць, у прыватнасьці, з таго, што апошнія дэманстрацыі не былі абумоўленыя палітычнымі матывамі, а былі выкліканыя цяжкім эканамічным і сацыяльным становішчам людзей. Вось жа тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, мае вялікае значэньне”.

Зь леташняга сьнежня Міраслаў Лайчак займае пасаду дырэктара-распарадчыка ў пытаньнях Расеі, “Усходняга партнэрства” і Заходніх Балканаў у новай дыпляматычнай структуры Эўразьвязу – Эўрапейскай службе замежнапалітычнай дзейнасьці. Сярод іншага Лайчак працаваў і над фармуляваньнем брусэльскага адказу ўладам Беларусі пасьля гвалтоўнага здушэньня пасьлявыбарчых пратэстаў.

На сёньняшні дзень у сьпіс прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, на якіх пашыраюцца візавыя і фінансавыя санкцыі Эўразьвязу, уключаныя 193 чалавекі і 3 юрыдычныя асобы.
Гэта дае нам вельмі ясны сыгнал, што рэжым траціць кантроль.


У інтэрвію нашаму радыё Лайчак адмовіўся спэкуляваць на тэму, ці дапоўняць міністры замежных справаў краін Эўрапейскага Зьвязу названы сьпіс – у адказ на рэпрэсіі ўладаў Беларусі ў адносінах да ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў:

“Я думаю, прынятыя меры працуюць. Гэта прызнаюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Гэта меры, якія не даюць вынікаў адразу, але няма сумневу, што яны прыносяць плён. Няма сумневу, што рэжым вельмі добра разумее і адчувае ўсе гэтыя меры. Мы стараемся, каб нашыя пасланьні рэжыму ў Менску былі гранічна ясныя. Мы ня будзем мець зь ім дачыненьняў да часу, пакуль ён ня вызваліць і не рэабілітуе ўсіх палітычных вязьняў”.

У інтэрвію “Свабодзе” Лайчак таксама адрэагаваў на нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасьць выслаць усіх беларускіх палітвязьняў у Эўрапейскі Зьвяз:

“Мы прызвычаіліся да дзіўных, сьмешных, несур’ёзных Лукашэнкавых заяваў, і гэтая заява – адна з такіх. Мы хочам нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі і павагі да эўрапейскіх
Мы стараемся, каб нашыя пасланьні рэжыму ў Менску былі гранічна ясныя.
каштоўнасьцяў, да закону, да правоў, якія гарантаваныя грамадзянам Беларусі іх канстытуцыяй, аднак не забясьпечваюцца ў рэальным жыцьці. Гаворка не пра тое, што Эўрапейскі Зьвяз хоча забраць тую ці іншую асобу і прыняць яе на нашай тэрыторыі, гаворка пра тое, каб палепшыць умовы для жыцьця людзей у Беларусі. Такіх сыгналаў і знакаў мы чакаем ад Менску, але дасюль не атрымліваем”.

Эўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасьці пакуль што ўстрымліваецца ад далейшых абмежавальных захадаў у адносінах да афіцыйнага Менску, у прыватнасьці ад выключэньня Беларусі з праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Міраслаў Лайчак падкрэсьліў, што пры кожным наступным кроку з боку Эўразьвязу трэба ўлічваць узьдзеяньне, якое ён можа мець для беларускага жыхарства:

“Пры нашых намаганьнях мы стараемся дакладна вывяраць падыходы, каб быць цьвёрдымі ў адносінах да рэжыму і да тых, хто асабіста бярэ ўдзел у антыдэмакратычных дзеяньнях, і ў той жа час не пакараць невінаватых грамадзянаў, не адказных за тое, што адбываецца. Вось жа ўсе прапановы, якія мы разглядаем, ацэньваюцца менавіта з гэтай пэрспэктывы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG