Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апладысмэнтаў ня будзе, будуць званіць будзільнікі


«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» мяняе стратэгію. Акцыя падзеліцца на некалькі этапаў. У сераду ў сталіцы прапануецца спачатку пагуляць паўгадзінкі па буйных гандлёвых цэнтрах, а потым ехаць на мэтро да плошчы Перамогі і Акадэміі навук, паставіўшы будзільнікі на мабільных тэлефонах на 20:00. Зьмяніліся месцы сустрэчы і ў абласных цэнтрах.

Маўклівыя акцыі па серадах у межах «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» будуць працягвацца. Гэтым разам арганізатары прапанавалі для іх новы фармат, кажа адміністратар групы «Вконтакте» Вячаслаў Дзіянаў:

Вячаслаў Дзіянаў
«Людзі будуць зьбірацца, як і мінулым разам, на сваіх раёнах, але некаторыя раёны будуць аб’яднаныя, і зьбірацца будуць у буйных гандлёвых цэнтрах і побач зь імі. А потым а 19-й гадзіне будуць ехаць на праспэкт Незалежнасьці, у цэнтар. І людзі будуць знаходзіцца паміж плошчай Перамогі і Акадэміяй навук на тым баку, дзе ГУМ, кінатэатар «Кастрычнік».

Зьмяняюцца месцы сустрэчы і ў абласных цэнтрах. У Берасьці — збор каля ЦУМу, у Горадні — каля аўтавакзалу. Для раённых цэнтраў прапануецца пакінуць усё бязь зьменаў — збор на цэнтральнай плошчы.

Гэтым разам арганізатары просяць ня пляскаць у ладкі, што выклікае неадэкватную рэакцыю ў сілавых структур, а паставіць будзільнік на мабільніку роўна на 20 гадзін. Калі будзільнікі адначасова зазьвіняць, акцыя лічыцца завершанай. Вячаслаў Дзіянаў распавёў, што новая стратэгія і тактыка распрацоўваецца супольна, вывучаюцца ўсе прапановы:

«Мы аб’ядноўваем ідэі розных людзей, якія хочуць дапамагчы. Гэта і тыя, хто робіць ролікі, хто робіць дызайн, хто думае пра сам плян — што і як праводзіць. Мы глядзім, што адбываецца ў групе, абмяркоўваем, а потым распрацоўваем адзін агульны найлепшы плян. Расьпісваем, зноў абмяркоўваем і вывешваем».

Працягваецца збор грошай для тых, каго аштрафавалі і асудзілі за ўдзел у маўклівых акцыях, і для тых, хто пацярпеў выпадкова. Дапамагчы ахвярам можна двума шляхамі, кажа праваабаронца Наста Лойка:

Наста Лойка
«Праз электронныя рахункі, якія разьмешчаныя ў інтэрнэце, праз электронныя гаманцы зьбіраюць грошы. Пераважна гэтыя сродкі ідуць на падтрымку тых, хто адміністрацыйна арыштаваны, то бок на перадачы гэтым людзям. А таксама цяпер арганізаваны збор сродкаў на Ўправе партыі БНФ, дзе прымаюць наяўныя грошы, якія ідуць непасрэдна на штрафы».

Расьце пачуцьцё салідарнасьці ня толькі ў грамадзкіх актывістаў, а і ў людзей, якія выпадкова трапілі, так бы мовіць, пад раздачу. Людзі прыходзяць да прыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна, да РУУСаў і судоў, кажа праваабаронца Наста Лойка:

«Самае цікавае, што самі людзі, якія хоць раз былі затрыманыя, але не былі аштрафаваныя ці пакараныя, яны адчуваюць вельмі моцную салідарнасьць зь людзьмі, для якіх цяжэйшыя наступствы былі, і спрабуюць нейкім чынам дапамагаць. Асабліва калі ўлічваць, што гэтыя людзі ў асноўным не зьяўляюцца сябрамі нейкіх арганізацый, а проста самі па сабе выказвалі сваю пазыцыю ці, можа, проста ведаюць людзей, хто там быў, хто трапіў у бяду, і дапамагаюць ім і ўсім астатнім».

Адміністратар групы «Вконтакте» Вячаслаў Дзіянаў кажа, што колькасьць сябраў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» апошнім часам істотна вырасла, як вырасла і колькасьць людзей, якія не падтрымліваюць курс дзейнай улады ў Беларусі:

«У людзях расьце нянавісьць да гэтага рэжыму, абурэньне, таму што яны не парушаюць закон. Чым далей гэта працягваецца, тым больш рэжым аб’ядноўвае людзей, якія маглі нават і ня мець дачыненьня да гэтых акцыяў пратэсту. Зь людзей нават самых памяркоўных рэжым сам робіць сабе праціўнікаў».

На сераду прапануецца выказаць пратэст і аўтамабілістам у межах кампаніі «Аўтастоп»: да 19-й гадзіны аўтааматары едуць любымі маршрутамі ў Менску да Кастрычніцкай плошчы, у рэгіёнах — да цэнтральнай плошчы. А потым спыняюцца і ўключаюць аварыйныя сыгналы, 15 хвілін стаяць і разьяжджаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG