Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніковых праграмах беларускіх афіцыйных тэлеканалаў, якія выйшлі ў эфір 10 ліпеня, не падавалася ніякай інфармацыі пра «маўклівыя акцыі» ў Менску і іншых гарадах краіны. Чаму іх абмінаюць увагай афіцыйныя мэдыі?

Інфармацыяй пра маўклівыя акцыі пратэсту перапоўнены інтэрнэт. Пра арышты ўдзельнікаў за плясканьне ў ладкі і затрыманьні журналістаў за фота- і відэаздымкі паведамляюць расейскія й іншыя замежныя мэдыі. А чаму маўчаць беларускія афіцыйныя СМІ? Выніковыя праграмы ОНТ і Першага тэлеканалу акцэнтавалі ўвагу на фэстывалях і ўдзеле ў іх кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Чаму ні слова пра маўклівую акцыю? У прэс-службе тэлеканалу ОНТ ад камэнтароў адмовіліся. Кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская паведаміла:

«Белтэлерадыёкампанія — і кіраўніцтва тэлеканалаў, і кіраўніцтва агенцтва тэленавінаў, як мэдыяструктура, — мы пакідаем за сабой права самім фармаваць нашу сетку вяшчаньня і выбудоўваць нашы інфармацыйныя і навінныя праграмы так, як лічыць патрэбным кампанія. І выбіраць для сваіх навінных праграмаў тыя сюжэты і рабіць тыя навіны, якія для нас насамрэч зьяўляюцца важнымі».

Паводле шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай, афіцыйныя каналы адмыслова замоўчваюць разгоны маўклівых акцый.

«Найперш гэта зьвязана з тым, што наагул беларускае тэлебачаньне бярэ такі кірунак, што ў краіне ўсё спакойна, народ падтрымлівае тое, што адбываецца. крызісу няма. А ўсё астатняе — гэта адзінкі, на якія ня трэба зьвяртаць увагі. А другі аспэкт — насамрэч тут вельмі складана беларускаму тэлебачаньню весьці нейкую контрагітацыю. Бо кожны, хто бачыць гэтыя кадры затрыманьняў людзей ні за што і як адбываюцца гэтыя затрыманьні і хто іх праводзіць, то кожны, убачыўшы гэта, ня можа не абурацца.
Нашы ідэолягі ня вызначыліся, як сябе паводзіць, і вырашылі лепш прамаўчаць.
Таму нашы ідэолягі ня вызначыліся, як сябе паводзіць, і вырашылі лепш прамаўчаць».

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў мяркуе, што дзяржаўныя тэлеканалы былі і застаюцца асноўным ідэалягічным рупарам цяперашняй улады.

«Фактычна ўлады робяць усё магчымае, каб інфармацыя пра гэтыя маўклівыя пратэсты і пра крызіс у краіне не даходзіла да грамадзтва. З гэтым зьвязаныя і тыя захады, якія міліцыя робіць супраць журналістаў незалежных выданьняў, і фактычнае маўчаньне ў дзяржаўных мэдыях. Улады спрабуюць ня даць грамадзтву інфармацыю, перашкодзіць атрымліваць інфармацыю пра гэтыя акцыі. І стварыць карцінку, што нібыта ў краіне ўсё стабільна, спакойна і добра. Хоць відавочна, што ўсё гэта адбываецца на фоне палітычнага і эканамічнага крызісу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG