Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа страціць апошнія крыніцы крэдытаваньня


Расея пацьвярджае верагоднасьць перагляду ўмоваў выдзяленьня Беларусі наступных частак крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у тым выпадку, калі афіцыйны Менск будзе і надалей адмаўляцца ад правядзеньня рынкавых пераўтварэньняў. Тым часам Нацыянальны банк Беларусі запэўнівае, што сытуацыя ў фінансавым сэктары "стабілізавалася" і падставаў, каб хвалявацца, няма.

На паседжаньні расейска-брытанскага міжурадавага камітэту міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын згадаў Беларусь, заявіўшы, што адміністратыўныя захады беларускіх уладаў, скіраваныя на абмежаваньне імпарту, на стварэньне ўмоваў для існаваньня множнасьці валютных курсаў, на кантроль цэнаўтварэньня вядуць не да чаканага аздараўленьня, а да паглыбленьня эканамічных праблемаў. А таму, робіць выснову Кудрын, яны ня могуць разглядацца як захады дзеля выхаду з крызісу. Крыху раней расейскі міністар казаў, што гэткую ж вялікую незадаволенасьць Масквы выклікае і палітычная сытуацыя ў Беларусі — у прыватнасьці, тое, як там абыходзяцца з журналістамі, у тым ліку расейскімі:

Аляксей Кудрын

"Урад Расейскай Фэдэрацыі турбуюць захады адміністрацыі Беларусі па стрымліваньні ці абмежаваньні сродкаў масавай інфармацыі з Расеі. Мы ня можам гэта пакінуць без увагі, бо мы бачым тады зьмяншэньне галоснасьці, непаважлівыя ці несяброўскія крокі ў дачыненьні да расейскіх СМІ. На жаль, мы павінны будзем браць гэта пад увагу пры прадстаўленьні чарговых крэдытаў. Калі бліжэйшым часам паўторацца такога кшталту меры абмежавальнага характару, то мы, вядома, пакідаем за сабой права прыняць рашэньне аб абмежаваньні крэдытнай падтрымкі Беларусі".

Спадар Кудрын выказаў прэтэнзіі да таго, што Менск не выяўляе гатовасьці задзейнічаць такі дадатковы рэсурс эканомікі, як прыватызацыя. І калі ўрад не гатовы дзейнічаць у гэтым напрамку, крэдытная дапамога выглядае значна менш абгрунтаванай. Варта нагадаць, што прыватызацыя дзяржаўных актываў агулам на 7,5 мільярдаў даляраў (па 2,5 мільярда даляраў цягам 2011—2013 гадоў) — адной з умоў прадстаўленьня Беларусі пакрокавага крэдыту ў аб'ёме 3 мільярды даляраў. У той жа час Аляксандар Лукашэнка неаднойчы абвінавачваў Расею, што тая намагаецца скарыстаць складаны для краіны момант, каб прыватызаваць усё "за бесцань".

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Аляксей Астроўскі перакананы, што з такім стаўленьнем да ўзятых на сябе абавязаньняў кіраўніцтва Беларусі ня мае асаблівых шанцаў разьлічваць на прыцягненьне новых крэдытных сродкаў:

"Што тычыцца сытуацыі ў Беларусі, то я пэрыядычна бываю ў іншых
ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма. Гэта ўсё прыдумкі беларускіх уладаў ...

рэспубліках былога Саюзу і цяпер магу заявіць адказна пра тое, што прагназаваў і раней: ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма. Гэта ўсё прыдумкі беларускіх уладаў. Насамрэч дзеля выпраўленьня сытуацыі ня робіцца нічога. Як вынік — цэны растуць сямімільнымі крокамі, заробкі імкліва падаюць, тым часам як незадаволенасьць беларусаў сваім становішчам толькі расьце. І ўсё гэта азначае непазьбежны крах рэжыму Лукашэнкі. Ён павінен урэшце зразумець, што застаўся адзін".

Тым часам беларускія ўлады намагаюцца запэўніць беларусаў, што сытуацыя пад поўным кантролем. Так, Нацыянальны банк сьцьвярджае, што па выніках маніторынгу ўнутранага валютнага рынку ёсьць сьведчаньні "прыпыненьня нэгатыўных тэндэнцый" ува ўсіх сэгмэнтах. У адпаведным прэс-рэлізе адзначаецца: "Нацбанк сумесна з урадам працягваюць рабіць пасьлядоўныя захады, накіраваныя на стварэньне перадумоваў дзеля аднаўленьня канвэртаванасьці нацыянальнай валюты ў поўным аб'ёме". Пры гэтым адказнасьць чарговым разам перакідаецца на насельніцтва, якое стварыла "беспадстаўны валютны ажыятаж".

Аднак доктар эканамічных навук Генадзь Лыч ня верыць у тое, што можна дасягнуць прагрэсу ў фінансавай галіне, нічога ня робячы ў астатніх сфэрах:

Добра, калі ўрэшце дачакаюцца мае ўнукі ці праўнукі, бо пакуль што ніякіх рэальных крокаў улады ня робяць...

"Пакуль мы ня возьмемся за аздараўленьне ўсёй нашай эканомікі, асобна фінансавая сыстэма грунтоўна аздароўленая быць ня можа. Але асабіста я ў акрэсьленай будучыні нейкага якаснага прарыву не чакаю і нават сумняюся, ці дачакаюцца гэтага пры цяперашнім раскладзе мае дзеці. Добра, калі ўрэшце дачакаюцца мае ўнукі ці праўнукі, бо пакуль што ніякіх рэальных крокаў улады ня робяць. Таму, на вялікі жаль, у мяне пэсымістычная ацэнка нашых пэрспэктыў".

Дэфіцыт на валютным рынку захоўваецца амаль чатыры месяцы, і падставаў да аздараўленьня сытуацыі экспэрты ня бачаць. З улікам вялізнага назапашанага попыту на даляры, эўра, расейскія рублі спроба валютных інтэрвэнцый будзе мець прадказальны вынік — людзі "разьмятуць" замежныя грошы нават па цэнах безнаяўнага рынку, дзе за даляр даюць 7 тысяч рублёў. Нагадаю, што банкі па-ранейшаму ня маюць магчымасьці свабоднага курсаўтварэньня і прывязаныя да валютнага калідору ў плюс-мінус 2% ад афіцыйнага курсу. У выніку бальшыня зьдзелак адбываецца на чорным рынку, дзе валютчыкі за даляр просяць больш за 6 тысяч рублёў — а гэта на тысячу рублёў больш за курс, вызначаны камэрцыйнымі банкамі. Праўда, ад сярэдзіны сакавіка афіцыйна купіць валюту ў Беларусі амаль немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG