Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ знайшоў рэзэрвовы офіс


Сёньня кіраўніцтва Партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі БНФ "Адраджэньне" накіравала ліст судовым выканаўцам. Яно просіць прыпыніць працэс высяленьня зь сядзібы на праспэкце Машэрава да разгляду касацыйнай скаргі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.

На цэнтральнай сядзібе БНФ, што на праспэкце Машэрава, 8 па-ранейшаму вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. А ў самім памяшканьні сёньня сабралася група актывістаў на чале з кіраўніком партыі Аляксеем Янукевічам:

Аляксей Янукевіч

"Мы працягваем тут знаходзіцца. Офіс функцыянуе пакуль у звычайным рэжыме. На мінулым тыдні мы атрымалі лісты ад судовых выканаўцаў, якія патрабуюць цягам тыдня з моманту атрыманьня ліста вызваліць памяшканьне.

Разам з тым мы накіравалі касацыйную скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд. І сёньня накіруем інфармацыю пра гэта судовым выканаўцам. Таму што ў сваёй скарзе мы просім ВГС спыніць працэс высяленьня да разгляду нашай скаргі. Гэта не наступае аўтаматычна. Але мы маем на гэта спадзяваньні. І таму інфармуем судовых выканаўцаў, у якой юрыдычнай працэдуры мы цяпер знаходзімся".

Аляксей Янукевіч кажа, што пошук рэзэрвовых памяшканьняў на выпадак прымусовага высяленьня ўжо вядзецца:

"У нас ёсьць пэўныя напрацоўкі ў гэтым кірунку. Мы да самага апошняга моманту, пакуль фізычна будзе такая магчымасьць, будзем тут знаходзіцца. І офіс гэты будзе працаваць у звычайным рэжыме.

Аднак мы разумеем, што ў сёньняшніх умовах неабходна мець плян "Б". Гэты плян мы рыхтуем. І пэўныя напрацоўкі ёсьць. Ёсьць нават пэўныя юрыдычныя падставы спадзявацца на тое, што калі нас улады выціснуць з гэтага памяшканьня, то Партыя БНФ будзе мець легальны юрыдычны адрас. І будзе мець таксама офіс, які будзе выконваць усе тыя функцыі, якія выконвае цяперашні офіс".

Назваць канкрэтны адрас альтэрнатыўнага офісу Аляксей Янукевіч пакуль ня хоча, каб не сурочыць:

"Я спадзяюся, што гэта будзе цэнтар гораду. Недалёка, два-тры прыпынкі грамадзкім транспартам ад цяперашняга офісу".

"Нават калі давядзецца пакідаць знакамітую сядзібу, гэта не паўплывае на нашу актыўнасьць", — упэўненая сакратар Управы БНФ Аляксандра Клімовіч:

"БНФ, ідэі БНФ у нас у кожнага ўнутры. І пакуль жыве чалавек, для якога ідэі партыі, ідэі адраджэньня важныя, то будзе жыць і дзейнічаць БНФ. Дзейнасьць залежыць найперш ад людзей, а не ад месца. Хоць, вядома, гэтае месца для нас вельмі важнае. Але ня гэта мы праходзілі. І яшчэ пройдзем. А пасьля — усё вернем".

Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала больш за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка 2011 году. Актывісты БНФ адмаўляюцца вызваляць памяшканьне. Яны арганізавалі ў сядзібе кругласуткавае дзяжурства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG