Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч: "Адміністрацыя хоча выгнаць мяне з калёніі на папраўчыя працы"


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Берасьцейскія актывісты напісалі ліст палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу і атрымалі адказ. Яго надыктаваў праз тэлефон на "Свабоду" адзін прадпрымальнік. Ён выказаў агульную думку сваіх калегаў, што тое, як абыходзяцца ў няволі з гэтым чалавекам, ня можа не хваляваць.

Мікалай Аўтуховіч у сваім лісьце піша:

"Вельмі ўдзячны вам за ліст падтрымкі. Тут на зоне — свае нюансы. За тое, што я адмовіўся падпісваць паперы з абавязаньнямі аб так званым "супрацоўніцтве" і правапаслухмяных паводзінах, мяне лічаць злосным парушальнікам і ўжо 11 разоў судзілі. Усе гэтыя абвінавачваньні штучныя. І людзей, падобных мне, нямала.

Мы разгарнулі цэлую кампанію ўнутры калёніі. Людзі пішуць шмат скаргаў. Адміністрацыя, зразумела, шакаваная гэтым. Людзі, як штосьці ня тое, ідуць да мяне, і пачынаецца праца. Радыё Свабода атрымлівае інфармацыю, а потым гэтая інфармацыя зьяўляецца і на розных іншых сайтах. Ня так даўно адзін з нашых вызваленых хлопцаў даслаў на "Свабоду" відэа з 26-га атраду пасьля шмону. У гэтым атрадзе ў пошуках мабільнікаў, сыгналы якіх адміністрацыі ўдаецца перахапіць, бэнзапілой пілавалі падлогу, ламалі мэблю, рвалі матрацы.

Адміністрацыя ня ведае, што са мной рабіць, і просіць, каб я падпісаў паперы з тым, каб ужо ў верасьні (тады выйдзе палова майго тэрміну) выгнаць мяне з калёніі на папраўчыя працы.

Паўгода мяне спрабавалі зламаць, аднак бачаць, што іхныя судзілішчы мне да аднаго месца. Калі яны мяне тут судзяць, то я крычу на іх болей, чым яны на мяне. Адказаць на маё пытаньне, чаму яны парушаюць правы зьняволеных, яны ня могуць.

Скажам, чаму людзі тут мяса ў кашы бачаць толькі тады, калі да нас прыяжджае нейкая праверка?

Яшчэ ў карантыне я нагледзеўся, як кормяць там людзей, як па сьценах строем бегаюць тараканы, нанюхаўся сьмярдзючых кухонных пахаў, а потым паспрабаваў паесьці ў сталоўцы нейкай капусты ці гарохавага супу і вельмі-вельмі шкадаваў. Я сказаў ім, што ў сталоўку хадзіць яны мяне не прымусяць. Таму адтуль мне прыносяць толькі хлеб. У нашым турэмным кіёску я як парушальнік маю права набыць прадуктаў толькі на 35 тысяч рублёў. Гэта, па сутнасьці, нішто. Купляю розныя кашы, якія запарваю. Аднак мне хапае. Я шмат ня ем, бо мала рухаюся. Але вось іншы выпадак, які я неаднаразова прыводзіў начальству. Адзін ЗК, які не атрымлівае ніякай дапамогі з дому, сталуецца выключна ў турэмнай сталоўцы. За 9 месяцаў утрыманьня тут ён схуднеў на 18 кг.

На маё пытаньне да адміністрацыі, ці лічаць яны такое харчаваньне нармальным, адказу так і не было. Зь іншага боку, што яны могуць сказаць, калі іх саміх уразаюць ва ўсім?

Карацей, для адміністрацыі я тут як костка ў горле. Самі вырашыць праблемы ня могуць, а таму ствараюць зь мяне вобраз ворага і нацкоўваюць на мяне блатных. Напрыклад, распаўсюджваюць інфармацыю — кшталту, што карміць сталі горш з-за Аўтуховіча. Я папярэдзіў адміністрацыю, што агучу інфармацыю ў выпадку эскаляцыі канфлікту. Трохі прыціхлі.

Самае сумнае тут, што ў няволі, нягледзячы на тое, што я шмат чытаю, можна лёгка дэградаваць. Слоўнікавы запас звужаецца. Вакол шмат людзей, у якіх нармальныя словы — гэта рэдкасьць. Хочаш ня хочаш, сам пачынаеш гаварыць на гэтай мове. І мне ад гэтага становіцца вельмі непрыемна.

Прывітаньне ўсім, хто мяне падтрымлівае!

Спадзяюся, што сустрэнемся разам ужо ў новай Беларусі. Дзеля гэтага нічога не шкада!".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG