Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі захварэлі гомельскія дзеці


На баўгарскім курорце Кітэн захварэла сама меней 30 гомельскіх дзяцей. Яны скардзяцца на болі ў жываце, расстройства жывата, шмат каго моцна ванітуе.

Трывогу ўзьнялі бацькі рэчыцкіх школьнікаў, якія выехалі на адпачынак у баўгарскі Кітэн 29 чэрвеня.

Гаворыць жыхарка Рэчыцы спадарыня Тацяна, у якой у Баўгарыі адпачывае дачка-школьніца:

"З дачкою я зьвязвалася напярэдадні, дзесьці а палове на 23 гадзіну. Я практычна яе ня чую, у яе закладзена горла, гнойнае такое. І ваніты. Яна сказала: "Мама, мяне за дзьве гадзіны ванітавала тры разы". Дзеці паваліліся ўсе. Расейскіх некаторых дзяцей забрала хуткая дапамога — іх адвозілі ў шпіталь. Зранку сёньня было вядома, што дзяцей лекары не аглядалі. Прабіцца ў шпіталь немагчыма. Проста кіраўніца нашай групы туды схадзіла, і ёй выдалі якіясьці танныя лекі".

Спадарыня Тацяна кажа, што ў групе адпачывае беларуская жанчына-лекарка, якая і параіла іншыя лекі:

"Лекарка сказала, што гэтыя таблеткі піць ня трэба — яны слабыя. Схадзілі ў аптэку, купілі іншыя таблеткі самі".

У іншай жыхаркі Рэчыцы Ірыны ў гатэлі "Грын Парк" баўгарскага курорту Кітэн, дзе лютуе невядомая пакуль інфэкцыя, адпачываюць 16-гадовы сын і 9-гадовая дачка:

"Сын патэлефанаваў паўгадзіны таму, сказаў, што дачка заснула. Яна да абеду ляжала, я гутарыла з выхавацелькай. Сын не прызнаецца, што яму кепска. Але ў іх дзеці ляжаць — яны не выходзяць на вуліцу цэлы дзень. У сталоўку яны не хадзілі есьці — у іх ваніты і панос. І дрыжыкі праймаюць".

Спадарыня Ірына тэлефанавала сёньня ў Менск у Міністэрства замежных спраў, каб з павальным захворваньнем дзяцей у Кітэне дапамагла разабралася беларуская амбасада ў Баўгарыі ці кансулят, бо ў адміністрацыі гатэля "Грын Парк", дзе жывуць дзеці, цяжка атрымаць нейкую ўцямную інфармацыю.

Ад бацькоў пра масавае захворваньне дзяцей даведаўся і гомельскі турапэратар "Мэркурый", які афармляў дзецям пуцёўкі ў Баўгарыю.

Нам удалося зьвязацца праз тэлефон з адказнай за групу рэчыцкіх дзяцей Ірынай Чараднік. Яна паведаміла, што з 40 дарослых і дзяцей, якія прыехалі ў Кітэн з Гомельскай вобласьці, захварэлі 30 чалавек:

"Ваніты ў іх, панос, тэмпэратура, болі ў жываце. Мы гэта зьвязваем з водаправоднай вадою, бо яна была з моцным пахам — нейкім газам сьмярдзела, ці, магчыма, туды каналізацыйныя сьцёкі трапілі. Яны ж ежу гатуюць на гэтай вадзе, дзеці рукі мыюць, мыюцца гэтай вадою, і яна была вельмі сьмярдзючая. Учора толькі была санстанцыя і ўчора бралі мазкі ў дзяцей. Мы ня ведаем, якая гэта інфэкцыя і як яна перадаецца".

Спадарыня Чараднік кажа, што й сама яна таксама чуецца кепска. Ля гатэлю "Грын Парк" пачалі зьбірацца баўгарскія тэлеапэратары, бо тут адпачываюць таксама і баўгары, і расейцы, і ўкраінцы. Кіраўніцтву гомельскай групы тэлефанавалі ўжо зь беларускай амбасады ў Сафіі, пыталіся тэлефон дырэктара гатэлю.

Гомельскія бацькі моцна трывожацца за здароўе дзяцей яшчэ й таму, што праз тры дні іх чакае зваротная дарога дадому — паўтара сутак на аўтобусе. У дарозе дзецям няма каму дапамагаць, калі належнай мэдычнай дапамогі яны не атрымаюць па страхоўцы на баўгарскім курорце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG