Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін'юст: Законнасьць адміністрацыйнага затрыманьня павінна правяраць пракуратура


Міністэрства юстыцыі Беларусі канстатуе, што юрыдычная ацэнка дзеяньняў работнікаў органаў унутраных спраў не ўваходзіць у яго кампэтэнцыю, а законнасьць адміністрацыйнага затрыманьня грамадзян і прымяненьня да іх адміністрацыйных спагнаньняў павінна правяраць пракуратура.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Мін'юста на запыт агенцтва Інтэрфакс наконт юрыдычнай ацэнкі дзеяньняў работнікаў органаў унутраных спраў пры затрыманьні імі грамадзян падчас "маўклівых" акцый.

Мін'юст нагадаў, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй нагляд за дакладным і аднолькавым выкананьнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў міністэрствамі і іншымі падведамнымі Савету міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, грамадзкімі аб'яднаньнямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму пракурораў. Пракуратура ажыцьцяўляе, сярод іншага, нагляд за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

"Кампэтэнцыя пракуратуры, у адпаведнасьці з артыкулам 128 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, вызначаная законам Рэспублікі Беларусь "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь", прадугледжвае права пракурора пры ажыцьцяўленьні нагляду за выкананьнем заканадаўства правяраць законнасьць адміністрацыйнага затрыманьня грамадзян і прымяненьня да іх адміністрацыйных спагнаньняў.

Пры ўстанаўленьні парушэньняў заканадаўства, у залежнасьці ад іх характару, пракурор, у межах сваёй кампэтэнцыі, мае права вызваліць сваёй пастановай асоб, якія незаконна зазналі адміністратыўнае затрыманьне, а таксама даваць пісьмовыя ўказаньні па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, і накіроўваць іх органам, які вядуць адміністрацыйны працэс", — сказана ў лісьце Мін'юста.

Тамсама адзначана, што паўнамоцтвы па ажыцьцяўленьні генпракурорам і падпарадкаванымі яму пракурорамі ў межах сваёй кампэтэнцыі нагляду за дакладным і аднолькавым выкананьнем органамі ўнутраных спраў заканадаўства таксама наўпрост прадугледжаныя 46-м артыкулам закона "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".

Падчас пяці акцый "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" ў Беларусі было затрымана больш за 1700 чалавек, шмат каму з удзельнікаў маўклівых акцый прысудзілі штрафы і арышты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG