Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні чакае суду журналіст Радыё Свабода


Міхаіл Карневіч, фота БАЖ
Міхаіл Карневіч, фота БАЖ

11 ліпеня ў Ленінскім райсудзе Горадні аднавіўся працэс над журналістам Міхалам Карневічам. Аб'яўлены перапынак да 16 гадзінаў.

Журналіста затрымалі падчас маўклівай акцыі 3 ліпеня і абвінавацілі ў тым, што ён браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці.

"Я выконваў там свае службовыя абавязкі, знаходзіўся на вуліцы Савецкай і збоку проста рабіў фатаздымкі. У шэсьці ўдзелу ня браў. Мяне тады забралі, нягледзячы на тое, што я прад'явіў сваю акрэдытацыю, і ў пастарунку склалі пратакол. У судзе ўжо сьведчыў першы сьведка, якога я ня бачыў. Ён сказаў, што забіраў мяне на іншым баку вуліцы, дзе я наагул ня быў. Сёньня ў судзе паказалі відэа, дзе я крыху мільгануў, дзе я проста раблю здымак. Міліцыянт, які мяне затрымліваў, напісаў, што затрымліваў мяне разам з тым жа сьведкам і што я браў удзел у шэсьці. Я запатрабаваў, каб у суд выклікалі міліцыянта, які пісаў рапарт і які мяне затрымліваў", - распавёў Міхал Карневіч.

Паседжаньне ў судзе сёньня аднавілася чацьвёрты раз.

Ужо некалькі журналістаў, якія асьвятлялі «маўклівыя акцыі» ў Беларусі прысуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня.

Ігар Банцар, Алесь Асіпцоў і Алесь Дзянісаў атрымалі па 10 сутак арышту, Юры Гумянюк – 12 сутак, Андрэй Фралоў і Мікалай Дзятчэня – трое сутак.

У Магілёве за «непадпарадкаваньне міліцыі» да шасьці сутак прысуджаная сябра Беларускай Асасцыяцыі журналістаў Ганна Ільліна.

Паводле БАЖ, 15 чэрвеня было затрымана 9 супрацоўнікаў СМІ, 22 чэрвеня - 8, 29 чэрвеня - 12, 3 ліпеня - 20, 6 ліпеня - 28.

Выканаўчы дырэктар Камітэту абароны правоў журналістаў (СPJ) Робэрт Махоні зьвярнуўся да беларускіх уладаў з патрабавнаьнем тэрмінова спыніць пераслед незалежных журналістаў:

«Беларускія ўлады павінны тэрмінова спыніць свае захады супраць незалежнай прэсы і вызваліць усіх журналістаў, якія знаходзяцца пад вартай… Гэтыя арышты зьяўляюцца часткай трывожнай тэндэнцыі абмежаваньня пратэстаў. Беларускія ўлады павіння дазволіць журналістам свабодна асьвятляць мітынгі і пратэсты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG