Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія прадпрымальнікі, якія працуюць у краінах Усходняй Эўропы, заклікаюць вызначыць канкрэтныя тэрміны скасаваньня візавага рэжыму паміж ЭЗ і яго ўсходнімі суседзямі. Імпульсаў ў гэтай справе чакаць ад польскага старшынства ў ЭЗ, перадае ПАП.

"Да 2018 году, калі ў Расеі будзе чэмпіянат сьвету па футболе, паміж ЭЗ і Расеяй ды іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, такімі як Украіна, Малдова ці Беларусь, бязьвізавы рэжым павінен стаць рэальнасьцю", – сказаў журналістам у пятніцу ў Бэрліне прэзыдэнт групы Metro Экхард Кордэс, які ўзначальвае Ўсходнюю камісію нямецкай эканомікі, якая аб'ядноўвае 170 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў.

"Польшча прыступіла да старшынства ў ЭЗ на шэсьць месяцаў. Магчыма, зь яе боку паступяць станоўчыя імпульсы на гэты конт", – дадаў ён.

Як відаць з праведзенае Ўсходняй Камісіяй анкеты, 20 адсоткаў фірмаў заявілі, што пацярпелі з-за складаных візавых працэдур, а больш за палову кажуць, што былі б гатовыя больш інвэставаць у Расеі і іншых краінах рэгіёну, калі б не было візавага рэжыму. "Агульныя страты ад існаваньня візавага рэжыму, панесеныя эўрапейскай эканомікай могуць быць ацэненая ў некалькі сотняў мільёнаў эўра ў год", – сказаў Кордэс.

"У эпоху біямэтрычных пашпартоў, візы несумяшчальныя з часам. Іх адмена дасьць магчымасьць зьнізіць выдаткі і кошты, паменшыць бар'еры на шляху інвэстыцыяў і з году ў год прынясе больш прыбытку", – сказаў ён. Лібэралізацыя візавага рэжыму таксама дапаможа зьмякчыць праблему недахопу прафэсійных кадраў, на якую ўсё часьцей скардзяцца нямецкіх прадпрымальнікі, – дадаў ён.

На думку Кордэса, "праверыць" у дзеяньні бязьвізавы рэжым паміж ЭЗ і Ўкраінай можна ў часе чэмпіянату Эўропы па футболе ў наступным годзе, які Ўкраіна арганізуе сумесна з Польшчай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG