Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «лініі Сталіна» загінулі савецкія дзяўчаты




Вёска Сьверынава, што стаіць на высокім беразе Нёмана, вельмі нагадвае жывое старажытнае гарадзішча.



На пакручастым пагорку шэрагі платоў і хатаў. За расквечаным поплавам імчыць хуткая плынь легендарнай, самай паэтычнай ракі.



За бліжэйшым лесам схавалася сядзіба Ласток, дзе правёў свае першыя гады жыцьця Якуб Колас. Сьверынава — рэдкая вёска, дзе цалкам захаваўся старасьвецкі брук.



У параўнаньні з паўсюдным асфальтам ён выглядае як равесьнік пяцісотгадовага Сьверынава, але насамрэч паклалі яго ў 20-я гады. 80-гадовы Ян Быліновіч памятае, як бацька зьбіраў камяні і брукаваў імі вуліцу.



— У кожнага свая зямля, поле было. І кожны стараўся аддаць у спадчыну ў лепшым стане. Каменьня многа было. Вялікія кучы, крушнямі называлі, як копы сена. Дык вазілі на калёсах гэтае каменьне. Інжынэр адзін паказаў, як рабіць тую брукаванку. Дык танкі ішлі — не зруйнавалі. Выйшла больш даўгавечная за асфальт.


А ўлада тады плаціла за гэта?


— Самі людзі для сябе рабілі. Абавязак.


Вы добрым словам успамінаеце панскую Польшчу?


— Яны мне нічога не зрабілі. Нічога не забралі. Ні дзядоў маіх не абрабавалі, ні бацькоў. Дык чаму я павінен іх кепска ўспамінаць?


А якія кантакты былі з тымі людзьмі, што па той бок Нёмана?


— З нашага боку, як касілі, падыходзілі сьмела. А з таго боку баяліся. Таму што маглі саслаць. Цэлую ж вёску Лунін саслалі, калі будавалі «лінію Сталіна».


Жонка спадара Яна, Марыя, жыла да вайны якраз на супрацьлеглым беразе. І яе расповед перагукаецца з расказам Яна.



— Мы такія былі прыказаныя, што ні гуку з хаты ніхто не выносіў ніколі. Бо нельга было гаварыць ні аднаго слова. Мужчын пахапалі ў вёсцы ўсіх. Гэта трыццаць сёмы год. Прыедуць ноччу, схопяць і павезьлі. І ў вёсцы ўсіх мужчын. Можа, штукі тры-чатыры засталося. Мае дзядзькі засталіся. А так усіх. Бо пры граніцы ўсе былі ворагі народа. І ніхто не вярнуўся, ніхто.


Як вам пашанцавала пры мяжы жыць?


— Прымушалі, як была граніца... Вось ідуць на сенакос. Загадаюць, каб прыгожа апрануліся і песьні каб сьпявалі. Тыя думаюць — якое жыцьцё тут залатое. Яны ж ня ведалі, што гэта пад загадам было. Працавалі, сена сушылі і сьпявалі.

Вось ідуць на сенакос. Загадаюць, каб прыгожа апрануліся і песьні каб сьпявалі. Тыя думаюць — якое жыцьцё тут залатое.

А што сьпявалі? Якія песьні?


— Савецкія. Каб было хораша. Што ў Савецкім Саюзе вельмі хораша, добра жыць.


«Шырака страна мая радная»?


— Так, вось гэтыя ўсе песьні сьпявалі. А тыя, што на сваіх участках стаяць, кажуць: «Вось прыгажосьць, як добра жыць там! Бачыш? Сьпяваюць хораша як!». Мы робім на ўчастку, але ж яны ж ня ведалі, што вы робіце для сябе, а мы робім абы-як.


Адтуль прыбягалі людзі ў рай?


— Перагаворваліся. Адтуль ужо пытаюцца, бо радня ж. «Як там той і той жыве?». Дык нашы — ні гуку. Загадаюць, каб нават у той бок не глядзелі. А як ужо прыйшлі немцы, дык ужо ўся радня зьявілася. Адтуль усе сюды, адгэтуль усе туды.


Сабраліся за агульным сталом.


— Так, так. Ужо тады насьпяваліся і нагаварыліся. І ўсё было добра ўжо.


Аказваецца, немцы сюды ішлі ня толькі з агнём і мячом. Касіць стары Ян навучыўся пры акупантах. Прычым нямецкай касой.


— Акупантавай касой нямецкай. Яны гаспадарнікі былі. І для падлеткаў нешта везьлі. Плугі добрыя былі і косы. Дзеці глядзяць, як дарослыя працуюць, і ім хочацца. Вось і мне захацелася.


— Акупацыйная армія везла з сабой косы?


— Для сялян, каб працавалі. Бо калі ў сялян будзе нешта, то і ім будзе. Падаткі ж таксама плацілі пры немцах.


А вось яшчэ адзін надзвычай цікавы эпізод апошняй вайны. Аказваецца, славутая «лінія Сталіна» выкарыстоўвалася ў баях. У ваколіцах Сьверынава пра гэта памятаюць старыя.


— Я бачыў, як будавалі «лінію Сталіна». Кароў пасьвіў пры Нёмане. І чуваць была тая будоўля. Ваду качалі зь Нёмана насосам. Усё замаскіравана было, каб ня бачна, маладымі дрэўцамі. Тут толькі чуваць было. Там рабочыя камяні білі кувалдамі.


Так яна і не спатрэбілася, тая «лінія Сталіна».


— Яе немцы выкарысталі. Як адступалі. Загінуў узвод дзевачак армейскіх маладых. Адступалі немцы. Камандзір нейкі неразумны быў. Камандаваў гэтым дзявочым узводам. Яны перасьледавалі немцаў. Немцы адступалі невялікімі групамі. Убачылі дот, у дот пазалазілі. Мы ў дзяцінстве пасьвілі кароў — у гэтым доце ў вайну гулялі. І пастралялі тых дзяўчатак. Што гэта? З гранатай, з аўтамацікам камандзір «Узяць штурмам!» каманду даў. Сам камандзір пасьля ўцёк, а яны, бедныя, загінулі.


У Беларусі калі-небудзь толк будзе? Нармальны лад?


— Я думаю, будзе. Ёсьць жа разумныя людзі.


Ня ўсіх пазабіралі?


— Не. Разумныя людзі ёсьць. Галоўнае, каб не баяліся праўду гаварыць. Яшчэ гэта сказваецца — рэпрэсіі, з патомства ў патомства перадаецца.


І колькі трэба гэтых патомстваў зьмяніць?


— Пакуль гэта ўсё забудзецца. Час на ўсё патрабуецца.



Ваколіцы Сьверынава — сапраўды райскі зацішны куток, які стужкай абвівае Нёман. Таму вёсцы не наканавана застацца бязьлюднай. Але наўрад ці хто распавядзе шматлікія гісторыі зь мінуўшчыны. Як, напрыклад, найстарэйшы сверынавец Каятан Татур. Які памятае напад саветаў на Койданава ў 1924-м годзе.



— У 24-м годзе на Стоўбцы быў напад з бальшавіцкага боку. І яны хацелі, дзяды гэтыя... Дзед Талаш і яшчэ чорт яго знае, колькі там тых дзядоў было на Палесьсі, яны хацелі тутака зрабіць на Заходняй Беларусі...


Што, рэвалюцыю?


— Рэвалюцыю. Далучыць.


Гэта была нейкая атака з боку Саветаў?


— Так. Яны ўжо ўзялі сілу мілітарную, узялі тачанку з кулямётам. Перайшлі граніцу і напалі на Стоўбцы.


Вынікам той авантуры стаў палонны стараста Стоўбцаў і сем забітых паліцыянтаў. А таксама жорсткі кантроль на беразе Нёмана.


— Яго недзе забралі, зацягнулі ў СССР — і ня ведаю, што зь ім. Ці яго выпусьцілі і аддалі. Паліцыянтаў было 7 чалавек. Яны граніцы ня тычыліся. Іх пабілі ўсіх. Ім паставілі помнікі. Потым, у 39-м як прыйшлі, разьбілі тыя помнікі.


А што народ гаварыў пра той напад?


— Як хто. Каму падабаліся, гаварылі «за», а каму не падабаліся — «супраць».


А былі такія, што «за»?


— Яны былі моцна агітаваныя савецкай прапагандай. Улёткі. У 24-м годзе, як гэтыя зрабілі сабантуй бальшавікі, дык тут выдзелілі з войска «Korpus Ochrony Pogranicza». То было строга. Мірнаму насельніцтву — толькі ў сваёй загарадзі можаш варушыцца. Калі выйшаў за загарадзь, дык цябе могуць застрэліць без папярэджаньня. Але гэта было год-два, ня болей. А потым свабода!


З ініцыятывы спадара Каятана на пачатку 90-х у Сьверынаве аднавілі каталіцкую капліцу, зруйнаваную за Хрушчовым.



— Вы кіравалі будаўніцтвам?


Я рабіў праект, і слухалі мяне. Як гэта пабудаваць, каб хутчэй і таньней.


— А ці ёсьць каму хадзіць маліцца?


Яны ўсе ўжо хто на могілках, хто ў Мінску. Асталося — на пальцах пералічыць.


— А моладзі нуль...


Моладзь? Яны ўсе закітаваныя бальшавіцкай прапагандай. Усе былі ў камсамоле, усе былі ў піянэрах. Вось табе і моладзь.


Калісьці, да вайны, пры капліцы быў хор, у якім не апошнюю ноту граў і Каятан Татур. Ён памятае абсалютна ўнікальныя песьні, створаныя на гэтай зямлі. Напрыклад мясцовую песьню на верш паэта Тэафіля Ленартовіча, паўстанца 1831-га году.


Аўдыё «Падарожжа ў Сьверынава»

Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG