Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кудрын: ЭўрАзЭС можа перагледзець умовы крэдыту


Палітыка беларускіх уладаў заганяе ўглыб хваробы эканомікі краіны, і калі Менск ня будзе выконваць абавязаньняў, прынятых пры атрыманьні крэдыту ЭўрАзЭС, яго ўмовы могуць быць перагледжаны ў лістападзе, заявіў у Лёндане міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

Як піша расейскае выданьне «Ведомости», у адказ на пытаньне аб пераглядзе ўмоваў крэдыту, калі ў Беларусі захаваюцца абмежаваньні на імпарт, Кудрын сказаў: «Я не выключаю".

У адпаведнасьці з пагадненьнем аб крэдыце ЭўрАзЭС на тры мільярды даляраў Беларусь атрымае грошы некалькімі траншамі на працягу трох гадоў: больш за мільярд і дзьвесьце мільёнаў сёлета, каля 800 мільёнаў даляраў ў 2012 годзе і яшчэ мільярд у 2013 годзе.

Паводле Кудрына, абмежаваньні Менску на імпарт, цэнаўтварэньне і валютныя курсы недапушчальныя падчас крызісу. «Хвароба заганяецца ўглыб", - заявіў расейскі міністар.

«У мяне склалася ўражаньне, што беларускія ўлады не прымаюць дастаткова мер для выхаду з крызісу», - сказаў Кудрын.
«Хвароба заганяецца ўглыб"

Міністар адзначыў, што за тры гады ў Беларусі склаўся «фантастычны» дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый па экспарце-імпарце. Цяпер дэфіцыт складае 16% ВУП, што робіць эканоміку Беларусі вельмі няўстойлівай.

Яшчэ тры гады таму, адзначыў Кудрын, Беларусь адмовілася ад паступовай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, а недахоп замежнай валюты кампэнсавала крэдытамі.

Увосень трэба будзе ацаніць дзеяньні Беларусі па выхадзе з крызісу, у тым ліку наколькі рынкавымі яны зьяўляюцца, сказаў расейскі міністар. Паводле яго, дадатковыя рэсурсы для эканомікі можа даць прыватызацыя. «Але калі ўрад не гатовы выкарыстаць гэты рэсурс, то прадастаўленьне крэдытнай дапамогі лічу менш абгрунтаваным, - заявіў Кудрын. - Дапамога можа быць аказана пасьля таго, як Беларусь сама пачне дзейнічаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG